Top.Mail.Ru
428

Урад зацвердзіў праграмы развіцця дзвюх найважнейшых галін эканомікі краіны — «Дарогі Беларусі» і «Транспарт Беларусі»

Будаўніцтва дарог, абнаўленне транспарту і развіццё інфраструктуры. Што новага прапануе спажыўцам транспартны комплекс Беларусі ў найбліжэйшыя гады

Дзяржаўная праграма «Дарогі Беларусі» з’яўляецца асноватворным дакументам у дарожнай гаспадарцы рэспублікі, у якім намечаны планы дарожнікаў на пяцігодку. Праграма «Транспарт Беларусі» ўключае ў сябе 27 мерапрыемстваў, у тым ліку 19 інфраструктурных праектаў.

«Дарогі Беларусі»

Як расказалі ў Міністэрстве транспарту і камунікацый, праграма ўключае дзве падпраграмы — «Рэспубліканскія аўтамабільныя дарогі» і «Мясцовыя аўтамабільныя дарогі». У транспартным ведамстве адзначылі, што сетка аўтамабільных дарог Рэспублікі Беларусь ужо сфарміравана. Таму дзяржпраграма «Дарогі Беларусі» на 2026–2030 гады, таксама як і папярэдняя, будзе накіравана ў першую чаргу на захаванне існуючых дарог і маставых збудаванняў на іх.

Спецыялісты Мінтранса азнаёмілі і з некаторымі лічбамі. Так, у найбліжэйшую пяцігодку плануецца адрамантаваць і рэканструяваць не менш за 25 тысяч км аўтамабільных дарог агульнага карыстання, што ў 1,4 раза больш, чым за мінулую пяцігодку. Асаблівая ўвага будзе аддадзена пераводу дарог з гравійным пакрыццём ад аграгарадкоў да райцэнтраў у дарогі з удасканаленым пакрыццём. Плануецца пакласці цэментабетоннае пакрыццё на найбольш напружаных выездах з Мінска ў межах другой кальцавой аўтадарогі. Гэта ўчасткі аўтадарог Р-28 Мінск — Маладзечна, М-6 Мінск — Гродна, Р-1 Мінск — Дзяржынск і Р-23 Мінск — Слуцк. Дадзеныя мерапрыемствы дазволяць значна прадоўжыць тэрмін службы дарожных пакрыццяў найбольш грузанапружаных участкаў аўтадарог паблізу сталіцы.

Сярод буйных аб’ектаў рэканструкцыі на гэтыя гады ў Мінтрансе назвалі наступныя: М-3 Мінск — Віцебск на ўчастку ад Плешчаніц да Лепеля, М-10 ад Рэчыцы да Калінкавіч.

— Гэты ўчастак разбіты на пяць чэргаў, першую плануецца завяршыць у 2026 годзе, — удакладнілі ў Міністэрстве транспарту.

У спісе першачарговых таксама аўтадарогі Р-46 ад Лепеля да Сарочына — завяршэнне работ плануецца ў 2026 годзе, Р-53 ад Жодзіна да Барысава, і яе плануюць здаць сёлета. Рэканструкцыю аўтадарогі Р-122 на ўчастку ад Магілёва да Чавус завершаць у 2027 годзе. Аб’ём фінансавання дзяржаўнай праграмы «Дарогі Беларусі» складае амаль 19 млрд рублёў, з іх ільвіная доля — гэта сродкі рэспубліканскага бюджэту — амаль 17 млрд рублёў, з мясцовых бюджэтаў будзе выдаткавана 2 млрд рублёў.

«Транспарт Беларусі»

Дзяржаўная праграма ўключае чатыры асноўныя падпраграмы па ўсіх відах транспарту: «Чыгуначны транспарт», «Аўтамабільны і гарадскі пасажырскі транспарт», «Водны транспарт» і «Паветраны транспарт», накіраваныя на мадэрнізацыю інфраструктуры, абнаўленне парка рухомага саставу, павышэнне бяспекі і экалагічнасці ўсіх відаў перавозак у краіне. Адказны заказчык дзяржпраграмы — Міністэрства транспарту і камунікацый, заказчыкі — аблвыканкамы і Мінскі гарвыканкам.

У Міністэрстве транспарту падкрэслілі, што асноўныя задачы на пяцігодку вызначаны. Асаблівая ўвага будзе ўдзелена абнаўленню парка рухомага саставу, павышэнню даступнасці і развіццю транспартнай інфраструктуры. Будзе прадоўжана работа па павышэнні эфектыўнасці выкарыстання ўнутранага воднага транспарту і па развіцці авіяперавозак.

У транспартным ведамстве падрабязна падзяліліся перспектыўнымі задачамі на перыяд з 2026 да 2030 года. Так, у цэлым плануецца перавезці больш за 9 млрд пасажыраў, зэканоміўшы іх час у шляху прыкладна на 20 %. Для гэтага запланавана набыць каля 3500 адзінак аўтамабільнага і гарадскога пасажырскага транспарту, абнаўляць рухомы састаў чыгункі і арганізацый паветранага транспарту, мадэрнізаваць рачны флот.

Спецыялісты міністэрства назвалі найбольш значныя праекты, якія будуць рэалізоўвацца на працягу найбліжэйшых пяці гадоў. І ўсе яны накіраваны на бяспеку і камфорт пасажыраў. Самыя чаканыя — арганізацыя хуткаснага пасажырскага чыгуначнага маршрута Мінск — Нацыянальны аэрапорт і працяг будаўніцтва трэцяй лініі Мінскага метрапалітэна. Не застануцца без увагі і рэгіёны.

— У Наваполацку плануецца ўзвядзенне трамвайнай лініі, у Віцебску — рэканструкцыя трамвайнага пуці, на Брэстчыне рэканструююць гідравузлы Днепра-Бугскага канала, — пералічылі ў Мінтрансе.

Агучылі там і суму, неабходную для рэалізацыі дзяржаўнай праграмы, — туды плануецца накіраваць каля 8 млрд рублёў.

Алена ВІНАГРАДАВА

Фота дадзена БЧ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю