Top.Mail.Ru

Урад зацвердзіў Дзяржаўную праграму «Беларусь інтэлектуальная», разлічаную на 2026–2030 гады

Яна ўключае тры падпраграмы, у якіх выразна, дэталізавана і празрыста распісаны крокі па вырашэнні задач і дасягненні мэт бягучай пяцігодкі ў сферы адукацыі. Першая падпраграма — «Дзіцячы садок і школа — тэрыторыя поспеху» — накіравана на павышэнне якасці дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі. Другая — «Дзеці і моладзь — будучыня Беларусі» — прадугледжвае пашырэнне даступнасці дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, сацыялізацыю моладзі ў сучасным грамадстве. У трэцяй — «Прафесійныя кадры» — сканцэнтраваны задачы па павышэнні канкурэнтаздольнасці прафесійнай адукацыі. 

Па падрабязнасці мы звярнуліся да міністра адукацыі Андрэя ІВАНЦА.


Раскрыць патэнцыял кожнага

— Андрэй Іванавіч, адна з падпраграм — «Дзіцячы сад і школа — тэрыторыя поспеху». Чаму яе назвалі менавіта так і ў чым вы бачыце поспех гэтых устаноў адукацыі? Што тут плануецца дапрацаваць, удасканаліць, а можа быць, і змяніць?

— Назва падпраграмы гаворыць сама за сябе, бо менавіта ва ўстановах дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі нашы выхаванцы і навучэнцы робяць першыя крокі на шляху пазнання гэтага свету, вучацца быць грамадзянамі сваёй краіны, вызначаюць кола інтарэсаў, спрабуюць свае сілы ў вывучэнні новага і нязведанага. Таму гэтыя ўстановы адукацыі павінны стаць тэрыторыяй поспеху для кожнага маленькага грамадзяніна нашай краіны. Менавіта тут добра падрыхтаваныя настаўнікі дапамогуць раскрыць патэнцыял кожнага дзіцяці, створаць такое асяроддзе для навучання і выхавання, якое дазволіць максімальна рэалізаваць індывідуальныя здольнасці і дапаможа пабудаваць індывідуальную траекторыю.

— Як будзе рэалізоўвацца гэтая падпраграма?

— Асноўныя задачы мы бачым у забеспячэнні роўных стартавых магчымасцяў для атрымання дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі. У далейшым пашырэнні алімпіяднага руху, у фарміраванні матывацыі да засваення рабочых прафесій ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі, у павышэнні якасці вышэйшай школы, а таксама ў пераводзе шэрагу адміністрацыйных працэдур у лічбавы фармат, уключаючы пастаноўку дзяцей у чаргу і выдачу накіраванняў у дзіцячыя сады — уласна ўсё тое, чым мы займаемся апошнія гады.

Міністр таксама расказаў, што ў найбліжэйшыя пяць гадоў будзе рэалізавана маштабная мадэрнізацыя ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Гэта датычыцца рэканструкцыі навучальных і лабараторных карпусоў, інтэрнатаў, а таксама аснашчэння не менш за 80 % каледжаў сучасным абсталяваннем і сродкамі навучання. Будзе прадоўжана праграма стварэння цэнтраў кампетэнцый на базе інжынерна-тэхнічных ВНУ. Для адораных і матываваных студэнтаў адчыняць свае дзверы канструктарскія бюро. Плануецца развіццё студэнцкага прадпрымальніцтва, напрыклад, шляхам стварэння стартап-цэнтраў, у тым ліку на базе рэгіянальных універсітэтаў. Усё гэта накіравана на павышэнне якасці падрыхтоўкі будучых спецыялістаў, развіццё практыка-арыентаванай прафесійнай адукацыі і раскрыццё інтэлектуальнага патэнцыялу моладзі.

Дапамога, падтрымка, абарона

Падпраграма «Дзеці і моладзь — будучыня Беларусі» досыць аб’ёмная, уключае такія мерапрыемствы, як павышэнне даступнасці і якасці дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, падтрымку адоранай моладзі і забеспячэнне яе сацыялізацыі ва ўмовах сучасных выклікаў. Плюс пералік інфраструктурных аб’ектаў, узвядзенне і рэканструкцыя якіх плануецца ў перыяд рэалізацыі дзяржпраграмы.

— Плануем, што да канца пяцігодкі кожнае чацвёртае дзіця ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі будзе ўцягнута ў тэхнічную творчасць, — гаворыць Андрэй Іванец. — Вялікі блок гэтай праграмы прысвечаны пытанням сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай дапамогі дзецям, якія ў ёй маюць патрэбу. Таму падпраграма накіравана ў тым ліку і на развіццё сямейных форм уладкавання дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.

Па словах міністра, дзейнасць дзяржаўных органаў і арганізацый па прафілактыцы сямейнага недабрабыту, прызнанні дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы і маюць патрэбу ў дзяржаўнай абароне, развіццё сямейных форм уладкавання дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, дала станоўчыя вынікі. Штогод зніжаецца колькасць дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Прычым у прыярытэце — сямейныя формы выхавання, падкрэслівае міністр:

— У эксплуатацыю ўводзіліся аднакватэрныя жылыя дамы, куды засяляліся сем’і, якія выхоўваюць дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Больш за 90 % дзяцей з інтэрнатных устаноў перадаюцца ў сем’і. А больш за 85 % дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, перадаюцца на ўсынаўленне (удачарэнне), пад апеку (папячыцельства) у прыёмныя сем’і, дзіцячыя дамы сямейнага тыпу.

На рашэнне гэтай задачы нацэлены комплекс мерапрыемстваў, прадугледжаных Дзяржаўнай праграмай «Беларусь інтэлектуальная». Сярод іх і ўзвядзенне, рэканструкцыя спецыяльных жылых памяшканняў для дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, павышэнне адказнага бацькоўства. Чакаецца, што ў выніку доля дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, вызначаных на сямейныя формы ўладкавання, да 2030 года складзе не менш за 90 %, прагназуе Андрэй Іванец.

Здаровыя дзеці — здаровая нацыя

У Беларусі рэалізоўваецца сістэмны падыход у арганізацыі аздараўлення дзяцей, забеспячэнні занятасці і вольнага часу непаўналетніх. У 2021–2025 гадах у лагерах усіх тыпаў аздароўлена больш за 2,9 млн дзяцей ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў. У лагерах з кругласутачным знаходжаннем аздаравіліся 7 млн дзяцей, з дзённым знаходжаннем — 485,1 тысячы.

Чаканы вынік рэалізацыі падпраграмы «Дзеці і моладзь — будучыня Беларусі» ў частцы аздараўлення: доля юных грамадзян ва ўзросце ад 6 да 18 гадоў, ахопленых аздараўленнем у выхаваўча-аздараўленчых установах адукацыі з кругласутачным знаходжаннем, да 2030 года складзе 20 %.

— Важным складнікам падпраграмы «Дзеці і моладзь — будучыня Беларусі» з’яўляецца ўцягванне моладзі ў захаванне гісторыка-культурных каштоўнасцей і развіццё краіны, — упэўнены Андрэй Іванец. — Падпраграма прадугледжвае працаўладкаванне маладых спецыялістаў у органы мясцовай выканаўчай улады, рэспубліканскія органы дзяржаўнага кіравання, а таксама прыцягненне іх да дэпутацкай дзейнасці. Гэта дазволіць моладзі прымаць актыўны ўдзел у кіраванні рэгіёнамі і галінамі, уносячы значны ўклад у развіццё краіны. Пры гэтым доля маладых спецыялістаў у дзяржаўных органах і органах мясцовага самакіравання за пяцігадовы перыяд складзе не менш за 15 % ад агульнай колькасці работнікаў. Гэта і ёсць сапраўдны сплаў маладосці і вопыту.

Алена ВІНАГРАДАВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю