Top.Mail.Ru

Урад узяў на асаблівы кантроль цэнаўтварэнне на мяса-малочную прадукцыю і кандытарскія вырабы

Адпаведную пастанову напярэдадні падпісаў Прэм'ер-міністр Беларусі. Аб гэтым паведамілі ў прэс-службе ўрада.


Як вядома, у красавіку ўрад даў магчымасць вытворцам права самастойна павышаць адпускныя цэны. Многія, у каго была неабходнасць палепшыць сваё фінансавае становішча, гэтым правам скарысталіся. З 20 чэрвеня ў мэтах недапушчэння спекуляцыйнага і неабгрунтаванага росту цэн урадам узяты на кантроль працэс павышэння вытворцамі цэн на мяса-малочную групу тавараў і кандытарскія вырабы. Як адзначыў першы намеснік міністра антыманапольнага рэгулявання і гандлю Іван Вежнавец, гэтыя пазіцыі можна назваць найбольш «інфлятагеннымі» за апошнія гады, паведаміла БелТА.

Так, далейшае павышэнне цэн на гэтыя тавары звыш 0,3 працэнта ў месяц неабходна абгрунтаваць Камісіі па пытаннях дзяржаўнага рэгулявання цэнаўтварэння пры Савеце Міністраў. Пры гэтым на кантроль узяты цэны па ўсім ланцужку — ад сельскагаспадарчага вытворцы да розніцы, гэта значыць аргументаваць камісіі цяпер неабходна таксама павышэнне цэн на малако-сыравіну, свіней, буйную рагатую жывёлу, якія пастаўляюцца для перапрацоўкі. У розніцы прадаўжаюць дзейнічаць гранічныя надбаўкі.

Меры, якія прымаюцца, лічыць першы намеснік міністра, умацуюць стабільнасць на харчовым рынку, паколькі вытворцы названых груп тавараў абавязаны будуць ініцыяванае павышэнне цэн звыш нарматыву ўзгадніць, іншымі словамі, дынаміка цэн будзе кантралявацца дзяржавай. Разам з тым, паводле ацэнкі спецыяліста, і да прынятых мер масавага росту цэн на беларускім харчовым рынку рэгулятары не назіралі. Глабальных скачкоў цэн не дапусціла канкурэнцыя за спажыўца з замежнымі, у асноўным расійскімі, вытворцамі.

«Як паказвае практыка, з 2022 года, калі была прынята пастанова Савета Міністраў № 713 „Аб сістэме рэгулявання цэн“, мы з перыядычнасцю ўносім змяненні ў парадак цэнаўтварэння. На гэты момант з’явілася неабходнасць карэкціроўкі падыходаў да цэнаўтварэння па мяса-малочнай групе і кандытарскай прадукцыі, — растлумачыў Іван Вежнавец. — Калі перадумовы будуць складвацца па іншых таварных групах, рашэнні будуць прымацца».

Неабходнасць гэтага падкажа аналіз на аснове шэрагу фактараў, у першую чаргу разгляд афіцыйных статыстычных даных узроўню інфляцыі і тэмпаў росту цэн на адпаведныя таварныя пазіцыі. Акрамя таго, супрацоўнікі МАРГ штодзённа ўзаемадзейнічаюць з гандлёвымі сеткамі і вытворцамі, і ў выпадку абазначэння негатыўных тэндэнцый — рэагуюць.

У цэлым сітуацыю на беларускім спажывецкім рынку Іван Вежнавец ахарактарызаваў як стабільную. На паліцах прысутнічае дастатковы асартымент тавараў, пры гэтым узровень цэн знаходзіцца ў зададзеных рамках. Пра асобныя факты парушэнняў становіцца вядома падчас кантрольна-аналітычных мерапрыемстваў, але неадпаведнасці не масавыя.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю