Аблвыканкамы і Мінгарвыканкам сумесна з Міністэрствам архітэктуры і будаўніцтва сёлета павінны забяспечыць выкананне заданняў па ўводзе ў эксплуатацыю не менш як 4,5 млн кв. м агульнай плошчы жылых дамоў, у тым ліку і тых, што будуюцца з дзяржаўнай падтрымкай, стварыць задзел на 2026 год.
Аб гэтым гаворыцца ў пастанове Савета Міністраў «Аб мерах па выкананні заданняў па будаўніцтве жылых дамоў і аб’ектаў інжынернай і транспартнай інфраструктуры да іх на 2025 год». Яна прынята на днях. Дакументам устаноўлены планы па будаўніцтве жылля на 2025 год.
Адзін з асноўных пунктаў — неабходнасць прыняцця мер па стрымліванні росту кошту будаўніцтва, рэканструкцыі жылля з дзяржпадтрымкай і за кошт бюджэтных сродкаў, забяспечыўшы выкарыстанне праектаў эканамічных жылых дамоў тыпавых спажывецкіх якасцяў.
У дакуменце таксама адзначана, што трэба ўсебакова садзейнічаць грамадзянам у будаўніцтве індывідуальнага жылля.
Аблвыканкамам, Мінскаму гарвыканкаму і міністэрствам фінансаў і энергетыкі прадпісана забяспечыць своечасовае штомесячнае фінансаванне будаўніцтва за кошт сродкаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў інфраструктуры для раёнаў жылой забудовы.
Таксама дакумент устанаўлівае гранічны нарматыў кошту 1 кв. м агульнай плошчы для выдачы Беларусбанкам ільготнага крэдыту, разліку аднаразовай субсідыі і вызначэння максімальнага нарміравальнага кошту жылога памяшкання для прадастаўлення субсідый на выплату часткі працэнтаў за карыстанне крэдытам.
Ён складзе: 1359 рублёў — па шматкватэрных жылых дамах і па аднакватэрных, блакіраваных жылых дамах (кватэрах у блакіраваным жылым доме) у населеных пунктах з колькасцю насельніцтва больш як 20 тысяч чалавек; 1968 рублёў — па дамах (кватэрах у блакіраваным жылым доме) для грамадзян, якія будуюць і набываюць жыллё, пражываюць і працуюць у населеных пунктах з колькасцю насельніцтва да 20 тысяч чалавек; 1563 рублі — па дамах у вёсцы, якія будуюцца, набываюцца шматдзетнымі сем’ямі, што пастаянна жывуць там.
Гранічны нарматыў кошту 1 кв. м агульнай плошчы жылога памяшкання прымяняецца: па шматкватэрных жылых дамах, якія будуюцца па дагаворах стварэння аб’ектаў долевага будаўніцтва і шляхам стварэння арганізацый забудоўшчыкаў, апавяшчэнне аб вытворчасці будаўніча-мантажных работ па якіх накіравана ў органы дзяржаўнага будаўнічага нагляду пасля ўступлення ў сілу пастановы; па дамах, пабудаваных па дзяржзаказе, уведзеных у эксплуатацыю пасля ўступлення ў сілу пастановы; па аднакватэрных, блакіраваных жылых дамах (кватэрах у блакіраваным жылым доме), якія будуюцца, а таксама па жылых памяшканнях, што набываюцца па дагаворах куплі-продажу, за выключэннем жылых памяшканняў у дамах, пабудаваных па дзяржзаказе, — на падставе спісаў на атрыманне льготных крэдытаў або рашэнняў аб прадастаўленні субсідый.
Таксама ўстаноўлены лімітны паказчык кошту 1 кв. м агульнай плошчы жылога дома (кватэры) у памеры 1563 рублёў для выдачы ААТ «Белаграпрамбанк» ільготнага крэдыту ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта ад 2 верасня 1996 года № 346 па аб’ектах, па якіх прадастаўленне льготных крэдытаў пачата пасля 1 студзеня 2025 года.
Прававы акт вызначае аб’ёмы на 2025 год будаўніцтва жылых дамоў з электраацяпленнем, жылля для шматдзетных сем’яў, жылых памяшканняў сацыяльнага карыстання, арэнднага жылля, жылых дамоў або кватэр у гарадах-спадарожніках, рэканструкцыі і фінансавання арэнднага жылля, затрат на аб’екты інжынернай і транспартнай інфраструктуры ў забудове аграгарадкоў і іншае.
Цалкам з пастановай урада можна азнаёміцца на Нацыянальным прававым партале Беларусі.