На працягу апошніх двух дзесяцігоддзяў у Беларусі назіраецца зніжэнне захваральнасці органаў страўнікава-кішачнага тракта сярод дзяцей. У пачатку 2000-х гадоў яна знаходзілася на 2-3 месцы, цяпер жа паталогіі гэтай групы займаюць 5-6 месцы, саступаючы захворванням органаў зроку, дыхальнай сістэмы, апорна-рухальнага апарату і скуры.
За прагрэсам — новыя пагрозы
Усё дзякуючы ўкараненню клінічных пратаколаў і сучасных метадаў дыягностыкі. Сярод іх — найноўшыя віды эндаскапічных даследаванняў: эндасанаграфія, малаінвазіўныя аперацыі, сучасная прамянёвая дыягностыка, камп’ютарная тамаграфія, МРТ і інш.
Тым не менш, за апошнія 10-15 гадоў медыкі фіксуюць рост хвароб, якія раней сустракаліся ў асноўным у дарослых. Да іх адносяцца запаленчыя захворванні кішэчніка, уключаючы хваробу Крона і язвавы каліт, эразіўная форма гастраэзафагеяльнай рэфлюкснай хваробы, неінфекцыйныя гепатыты, жоўцекаменная хвароба. Усё часцей у дзяцей выяўляюць неалкагольную тлушчавую хваробу печані і цэліякію — праўда, апошняя «вырасла» ў статыстыцы не з-за ўсплёску, а дзякуючы з’яўленню больш дакладнай яе дыягностыкі.
- Прычым шэраг захворванняў страўнікава-кішачнага тракта з’яўляецца следствам аднаго з галоўных «нябачных» ворагаў нашага арганізма — стрэсу. Ён можа стаць прычынай пераядання ці недаядання, што ў выніку прывядзе да гастрыту, язваў і функцыянальных расстройстваў. Для іх прафілактыкі, паводле слоў спецыялістаў, патрэбна падтрымліваць рэжым харчавання, збалансаваны рацыён, фізічную актыўнасць і эмацыйна здаровую атмасферу ў сям’і.
Выконваць гэтыя рэкамендацыі важна не толькі дзецям, але і дарослым. Напрыклад, гастраэзафагеальная рэфлюксная хвароба часта развіваецца ад пераядання. Прыём ежы перад сном і гарызантальнае становішча прыводзяць да таго, што ў стрававод трапляе саляная кіслата. У такіх выпадках магчымы апёк слізістай, кашаль і нават прыступы, якія нагадваюць астму. Для прафілактыкі важна вячэраць за тры гадзіны перад сном, пазбягаць цяжкай ежы. А прагулка перад сном можа стаць не толькі карыснай звычкай, але і прыемным баўленнем часу.
Нарэшце, нельга забываць і аб гігіене харчавання:
— Выгляд і прыемны пах стравы запускаюць выпрацоўку сліны і страўнікавых сокаў, падрыхтоўваючы стрававальны тракт да працы. Перажоўванне ежы забяспечвае яе правільнае перасоўванне па страваводзе і паўнавартаснае ператраўліванне. Гэта, у сваю чаргу, зніжае рызыку ўздуцця, цяжкасці, адрыжкі і запораў. Па сутнасці, якаснае, збалансаванае харчаванне — гэта добры будаўнічы матэрыял для нашага арганізма, — канстатуе загадчыца гастраэнтэралагічнага аддзялення № 1 10-й гарадской клінічнай бальніцы, галоўны пазаштатны гастраэнтэролаг камітэта аховы здароўя горада Мінска Вольга ПАНЕС.
Небяспека на талерцы
Ні для кога не сакрэт, што існуюць прадукты, здольныя выклікаць дыскамфорт у целе. Чыпсы і іншы фастфуд маюць грубую структуру і механічна раздражняюць слізістую абалонку страўніка. Вострыя стравы, маянэз, кетчуп, газіраваныя напоі часам выклікаюць непрыемныя адчуванні ў страўніку. Газаўтварэнне ўзмацняецца і пры ўжыванні капусты і бабовых. Каб выключыць гэтыя сімптомы, урачы раяць абмежаваць іх ужыванне або падстрахавацца кропам і фенхелем, у тым ліку ў складзе лекавых прэпаратаў.
Крона і язвавы каліт, эразіўная форма гастраэзафагеяльнай рэфлюкснай хваробы, неінфекцыйныя гепатыты, жоўцекаменная хвароба. Усё часцей у дзяцей выяўляюць неалкагольную тлушчавую хваробу печані і цэліякію — праўда, апошняя «вырасла» ў статыстыцы не з-за ўсплёску, а дзякуючы з’яўленню больш дакладнай яе дыягностыкі.
Але, нягледзячы на «шкодны характар» некаторых прадуктаў, гастрыт ад іх ужывання не развіваецца. Гэта міф, шырока распаўсюджаны сярод нашага насельніцтва. Хранічны гастрыт — гэта марфалагічны дыягназ, які ставіцца толькі пасля абследавання і гастраскапіі. А сімптомы, якія пацыенты прымаюць за яго праявы, звычайна звязаны з дыспепсіяй — расстройствам стрававання, якое сапраўды можа правакавацца пэўнай ежай. Звязана ж з харчаваннем метабалічна асацыяваная тлушчавая хвароба печані. Вінаватыя — як стравы з вялікай колькасцю алею, так і «схаваныя» тлушчы ў каўбасах і выпечцы. Гэта не значыць, што іх трэба цалкам выключыць, але ўжываць варта раўнамерна. А лепш — аддаваць перавагу мясу і рыбе.
«Еш суп, а то жывот балець будзе!»
Якія трывожныя сімптомы сведчаць аб хваробах стрававальнай сістэмы? Увагу патрэбна звярнуць на пастаянныя болі ў жываце, цяжкасці з глытаннем, ваніты і млоснасць, а таксама крывацёк — кроў у стуле. Бацькоў павінны насцярожыць запаволенне росту і фізічнага развіцця ў дзяцей, затрымка палавога паспявання, начныя прыступы болю ці ліхаманкі. Акрамя таго, трэба мець на ўвазе сямейную гісторыю захворванняў.
Для ўсіх узростаў існуюць адносна простыя правілы для зніжэння рызыкі як вострых кішэчных інфекцый, так і хранічных захворванняў органаў стрававання:
— Пажадана планаваць пакупкі загадзя і не наведваць краму галоднымі, часцей гатаваць дома, прыцягваючы да працэсу дзяцей. Неабходна сачыць за памерамі порцый, выконваць правілы бяспечнага гатавання ежы, — зазначае Ірына САВАНОВІЧ, дацэнт 2-й кафедры дзіцячых хвароб БДМУ, кандыдат медыцынскіх навук, дацэнт, галоўны пазаштатны дзіцячы гастраэнтэролаг Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. — Важна абмяжоўваць ужыванне солі, цукру і транстлушчаў, забяспечваць дастатковае спажыванне вадкасці і клятчаткі, а таксама цалкам выключыць алкаголь сярод дзяцей і падлеткаў.
А вось штодзённае ўжыванне супу, на здзіўленне некаторых бацькоў, не ўваходзіць у міжнародныя рэкамендацыі. Хоць і страва, сапраўды, карысная, асабліва ў халодную пару года. Таму, хоць харчаванне дзіцяці ў сям’і — гэта, безумоўна, адказнасць бацькоў, усё ж прымушаць яго есці суп не варта. Калі хочацца прывіць дзецям карысныя звычкі, пачніце з сябе: дзіця лёгка пераймае вобраз харчавання дарослага. Дарэчы, менавіта ва ўзросце ад года да трох гадоў фармуюцца асноўныя звычкі, якія ўплываюць на здароўе на працягу ўсяго наступнага жыцця.
Аміна Назарава