Top.Mail.Ru

Урач тлумачыць, як палепшыць сон

Праблема добрага сну актуальная ва ўсім свеце: паводле даследаванняў ад 30 да 50 % насельніцтва скардзіцца на яго парушэнні, што ўжо паспелі назваць «эпідэміяй недасыпу». Тут уплываюць і наш імклівы тэмп жыцця з вялікай колькасцю стрэсу, і шчыльная прысутнасць гаджэтаў у нашым жыцці, з-за якіх паўсядзённыя праблемы не адпускаюць нас да самай ночы. Як вызначыць, што парушэнні сну пагражаюць нашаму здароўю і ў якіх выпадках трэба звяртацца да ўрача, а таксама ці дапамагаюць у аднаўленні сну «разумныя» матрацы і цяжкія коўдры, расказала галоўны навуковы супрацоўнік неўралагічнага аддзела РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі, доктар медыцынскіх навук, дацэнт Ірына МАР’ЕНКА.


Недасып выклікае хваробы сэрца

Першаснае парушэнне сну не звязана з нейкімі захворваннямі, а абумоўлена фактарамі навакольнага асяроддзя, стрэсам і інш. Пры гэтым вялікая доля паталогій выклікае ў сваёй клінічнай карціне парушэнне сну — часам яны могуць складаць да 75 % выпадкаў.

Ірына Мар’енка звярнула ўвагу, што сон — гэта не проста адпачынак, а магутны фізіялагічны працэс, які ўключае апрацоўку інфармацыі, аднаўленне арганізма, захаванне памяці, увагі. І тое, наколькі ён якасны, адбівацца на нашым паўсядзённым жыцці і здароўі. Даследаванні паказалі, што парушэнне сну можа павышаць рызыку развіцця сардэчна-сасудзістых катастроф, інсультаў — да 20–25% выпадкаў.
Самым распаўсюджаным парушэннем сну з’яўляецца інсамнія — парушэнне засынання альбо недастатковасць сну. Таксама часта сустракаюцца розныя парасамніі — рухальная актыўнасць падчас сну, напрыклад снохаджэнне або іншыя растройствы кшталту сіндрому неспакойных ног. Небяспечным з’яўляецца сіндром апноэ — прыпыненне дыхання ў сне, які прыводзіць да парушэння структуры сну і частых абуджэнняў, гіпаксіі галаўнога мозгу, што можа правакаваць прагрэсіраванне кагнітыўных парушэнняў.

Эпізадычнае парушэнне ці яўная праблема?

Як жа вызначыць грань паміж эпізадычнымі парушэннямі сну і яўнай праблемай, якая патрабуе звароту да спецыяліста? Эпізадычныя парушэнні абумоўлены ў першую чаргу нашымі эмацыйнымі перажываннямі і падзеямі ў жыцці, з якімі мы сутыкаемся. Таксама яны могуць узнікаць пры змене часавых паясоў.

Пры гэтым калі на працягу месяца больш за тры разы на тыдзень ёсць цяжкасці з засынаннем, ранняе абуджэнне, а прачнуўшыся, вы не адчуваеце, што адпачылі, у вас ёсць праблема, якую трэба карэкціраваць. Першыя спецыялісты, да якіх варта звяртацца, — урач-тэрапеўт ці ўрач агульнай практыкі і ўрач-неўролаг. Спецыяліст вызначыць, які менавіта этап сну парушаны, і прапануе далейшую тактыку.
Часцей за ўсё парушэнні сну лечацца амбулаторна, але пацыенты знаходзяцца пад назіраннем альбо тэрапеўта, альбо неўролага. Калі гэта другаснае парушэнне сну, якое абумоўлена дэпрэсіяй, трывогай, панічнымі атакамі, якія могуць рэалізоўваць сябе ў начны час, то пацыент для карэкцыі гэтых змен павінен назірацца і ў псіхіятра.

Што ж уключае такая важная для кожнага з нас гігіена сну? На першы погляд, гэта набор простых правіл, але яны сапраўды могуць нармалізаваць сон і палепшыць яго якасць. Рэкамендуецца кожны дзень класціся спаць у аднолькавы час. Спальня павінна быць зацемнена, каб арганізм пачаў выпрацоўку мелатаніну — гармону, які адказвае за якасць сну.

Праветрыванне пакоя і сон у халаднаватым памяшканні паляпшаюць работу вегетатыўнай нервовай сістэмы, а разам з ёй і сон. Не рэкамендуецца выкарыстоўваць ложак для прагляду тэлевізара, чытання кніг, знаходжання ў сацыяльных сетках — у ім варта толькі засынаць. Прачынацца рэкамендуецца ў адзін і той жа час: калі вы прывыклі ўставаць у 7 раніцы, то пажадана гэта рабіць і ў выхадны дзень. Наша сутачная норма сну — ад 6 да 8 гадзін. Яна можа змяншацца з узростам — пасля 60 гадоў.

Гаджэты — за ці супраць?

Мабільны тэлефон з усімі зносінамі і паўсядзённымі клопатамі лепш пакінуць за дзвярыма спальні — гэта таксама дапаможа хутчэй заснуць. А вось што наконт папулярных сёння цяжкіх коўдраў, артапедычных падушак, разумных матрацаў і фітнес-трэкераў, якія кантралююць якасць сну? Часам яны цалкам апраўданы, але не з’яўляюцца панацэяй.

— Людзям, якія пакутуюць ад артэрыяльнай гіпертэнзіі, парушэння рытму сэрца, неабходна аказаць сабе неабходную дапамогу, каб купіраваць гэты стан. Пры гэтым многія з такіх гаджэтаў змяшчаюць аналіз сну. Меркаванні на гэты конт розныя. 

З аднаго боку, яны да 80 % выпадкаў паказваюць рэальны стан сну, і такі інструмент дапамагае кантраляваць сітуацыю. Але, на жаль, ёсць частка насельніцтва, якая вельмі залежыць ад гэтых гаджэтаў і ад таго рытму, які яны прапануюць. Таму тут павінна быць залатая сярэдзіна, — тлумачыць Ірына Мар’енка.

Што датычыцца матрацаў і коўдраў, то многія з іх валодаюць функцыямі запамінання. Тут зноў-такі трэба разумнае стаўленне. Дасягнуўшы мэты паляпшэння сну, настойлівы самакантроль лепш адпусціць і проста атрымліваць задавальненне ад адпачынку.

Алена КРАВЕЦ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю