У халоднае надвор’е многія інстынктыўна хаваюць нос у шалік: здаецца, што так дыхаць лягчэй і цяплей. Аднак такая звычка можа сыграць супраць здароўя. Больш падрабязна пра гэта расказала ўрач агульнай практыкі гарадской клінічнай паліклінікі № 32 г. Мінска Аляксандра Мурына. Пра гэта паведаміла sb.by
Як адзначыла Аляксандра Мурына, асноўная небяспека тоіцца ў парушэнні работы нашай галоўнай дыхальнай абароны.
— У норме паветра, трапляючы праз нос, паспявае сагрэцца, увільгатніцца і ачысціцца. Калі мы дыхаем праз вільготную тканіну шаліка, мы ўдыхаем канцэнтраваную сумесь холаду і сырасці. Гэта прыводзіць да дзвюх крытычных праблем. Першая — ледзяная вільгаць выклікае рэзкі спазм сасудаў слізістай абалонкі насаглоткі. Гэта паралізуе работу раснічастага эпітэлія, які выштурхвае вірусы і бактэрыі вонкі. Такім чынам мы ўласнаручна «адключаем» асноўны ахоўны бар’ер, робячы дыхальныя шляхі ўразлівымі для інфекцыі. Гэта прамы шлях не толькі да прастуды, але і да бранхіту, — расказала ўрач.
Яна згадала яшчэ адну праблему:
— Гэта стварэнне інкубатара. Цёплае і вільготнае асяроддзе на тканіне — ідэальнае месца для размнажэння мікраарганізмаў, якія мы выдыхаем. Фактычна мы вяртаем сабе назад павышаную дозу бактэрый і вірусаў, шматкроць павышаючы рызыку захварэць.