Кожнае трэцяе злачынства ў краіне цяпер здзяйсняецца ў інтэрнэце. Хітрыкі зламыснікаў становяцца ўсё больш вынаходлівыя: сцэнарыі сталі шматузроўневымі, а «паляванне» на дзяцей — мэтанакіраваным. Прадстаўнікі Міністэрства ўнутраных спраў, Следчага камітэта і Генеральнай пракуратуры падвялі вынікі мінулага года, расказалі аб новых спосабах кібермахлярства і аб тым, чаму найлепшая абарона ад іх — уважлівасць і асцярожнасць.
Разыгрываюцца цэлыя сцэнарыі
Пераважная большасць кіберзлачынстваў — звыш 96 % — маюць карыслівыя матывы: як правіла, мэтай такіх махляроў становяцца грошы або персанальныя даныя грамадзян. Класічны вішынг — тэлефоннае махлярства — па-ранейшаму па-за канкурэнцыяй: на яго прыпадае 38 % усіх кіберзлачынстваў. Тэлефануюць ад імя банкаў, аператараў сувязі, камунальных службаў, але сцэнарыі значна ўскладніліся.
Пра трывожную тэндэнцыю расказаў намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення па супрацьдзеянні кіберзлачыннасці Міністэрства ўнутраных спраў Аляксандр РЫНГЕВІЧ:
— Калі раней нашым грамадзянам тэлефанавалі адзін раз, то на дадзены момант мы ўжо бачым, што разыгрываецца цэлы сцэнарый і званкоў адразу некалькі. Першы з іх — гэта «разведка», каб другі — псіхалагічны ціск — быў больш пераканаўчым. Менавіта такім чынам, паэтапна, «апрацоўваюць» патэнцыяльную ахвяру, уціраючыся ў давер. Затым ашуканцы просяць паведаміць код з СМС, каб атрымаць доступ да фінансаў. Потым яны ж дапамагаюць «выратаваць» грошы, патрабуючы тэрмінова перавесці іх на «абаронены рахунак» або паведаміць рэквізіты банкаўскай карткі.
А дзе ж тавар?..
Другі па папулярнасці спосаб — падман у сацыяльных сетках пад выглядам продажу тавараў, арэнды жылля або аказання паслуг (37 % ад усіх кібермахлярстваў). Мэта ў дадзеным выпадку простая — атрымаць перадаплату за неіснуючыя тавары з велізарнымі зніжкамі.
— Грамадзяне не заўсёды звяртаюць увагу на тое, што цэны не адпавядаюць рэчаіснасці і прапануецца пералічыць грашовыя сродкі не на разліковы рахунак прадпрыемства, арганізацыі, а на банкаўскую картку. Пры гэтым часта — замежную, — растлумачыў Аляксандр Рынгевіч.
І дзяцей не шкадуюць
Хваляванне выклікае і новая мэтавая аўдыторыя ашуканцаў — дзеці і падлеткі. У другой палове 2025 года ўсё часцей фіксаваліся такія выпадкі: злачынцы збіраюць кантакты і даныя іх гульнявых акаўнтаў, уціраюцца ў давер праз сацсеткі, каб пасля ўцягнуць падлеткаў у супрацьпраўныя дзеянні або атрымаць праз іх доступ да кашалькоў і банкаўскіх картак іх бацькоў.
Лічбавае вымагальніцтва
Выпадкі фішынгу, калі ашуканцамі выкарыстоўваюцца фальшывыя сайты банкаў і маркетплэйсаў, выяўляюцца ў 13 % усіх кібермахлярстваў, а вымагальніцтва ўсё часцей перацякае ў лічбавую плоскасць. Як адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення лічбавага развіцця папярэдняга следства цэнтральнага апарата Следчага камітэта Андрэй МАТОЛЬКА, 68 % такіх выпадкаў звязана з блакіроўкай акаўнтаў у месенджарах і сэрвісах накшталт іCloud, 30 % — з пагрозай распаўсюджвання персанальнай інфармацыі.
Своечасова папярэдзіць
Супрацоўнікі МУС пастаянна праводзяць прафілактычную работу з насельніцтвам для папярэджання аб небяспеках такога кшталту. І эфект, паводле слоў Аляксандра Рынгевіча, заўважны:
— Напрыклад, інфармацыйныя ролікі, якія на працягу доўгага часу транслююцца ў грамадскім транспарце, папярэджваюць аб класічных схемах з тымі ж «сваякамі, якія трапілі ў бяду». Нягледзячы на стаўленне некаторых людзей да падобнай інфармацыі як да «інфармацыйнага шуму», гэта дастаткова эфектыўны спосаб данесці да грамадзян актуальныя звесткі. Метады ашуканцаў мяняюцца вельмі дынамічна, і людзям пра іх трэба расказваць.
Пацверджаннем карысці такой работы з’яўляецца рост колькасці зарэгістраваных замахаў на кіберзлачынствы. Гэта значыць, што грамадзяне, своечасова распазнаўшы падман, спыняліся і заяўлялі ў праваахоўныя органы.
— Негатыўных наступстваў у гэтых выпадках не наступала, — падкрэсліў Рынгевіч. — Хоць і ўзбуджаюцца справы аб замаху, разам з тым мы фіксуем, што ніхто не пацярпеў дзякуючы ў тым ліку праведзенай прафілактыцы.
У сваю чаргу, Следчы камітэт мэтанакіравана выяўляе і блакіруе фішынгавыя і ашуканскія сайты.
— У 2025 годзе выяўлена каля 14 679 такіх інтэрнэт-рэсурсаў. У далейшым быў абмежаваны доступ да ўсіх названых рэсурсаў у нацыянальным сегменце сеткі Інтэрнэт, — прывёў даныя Андрэй Матолька. — Таксама было абясшкоджана 110 скам-супольнасцяў, 24 дроп-сэрвісы для адмывання грошай, заблакіраваны сотні ашуканскіх акаўнтаў, канфіскавана абсталяванне для незаконнай тэлефаніі — 18 сім-боксаў.
Адзіным фронтам
Органы пракуратуры факусіруюцца на трох ключавых кірунках. Па-першае, гэта нагляд за дакладным і аднастайным захаваннем закону на ўсіх этапах. Другой важнейшай задачай з’яўляецца каардынацыя ўсёй праваахоўнай дзейнасці, узаемадзеянне з суб’ектамі прафілактыкі. І гэта работа, паводле ацэнак ведамства, вядзецца дастаткова эфектыўна.
— Пры генеральным пракуроры створана міжведамасная рабочая група. На яе пасяджэннях разглядаліся самыя складаныя пытанні і праблемы, якія ставіліся перад праваахоўнікамі і не дазвалялі эфектыўна вырашаць пытанні процідзеяння кіберзлачыннасці, — адзначыў начальнік упраўлення па наглядзе за аператыўна-вышуковай дзейнасцю і выкананнем законаў у дзейнасці органаў дазнання Генеральнай пракуратуры Сяргей ЗАМАРА.
Увага ўдзяляецца і банкаўскаму сектару. Нацыянальны банк пайшоў насустрач праваахоўнай сістэме, стварыўшы шэраг інструментаў, якія даюць магчымасць аператыўна выяўляць супрацьпраўную актыўнасць у банкаўскай сферы.
Аміна НАЗАРАВА
Фота з адкрытых крыніц