Сын вядомага футбаліста і трэнера Рональд Куман-малодшы, які гуляе на пазіцыі варатара за клуб «Тэлстар», двойчы рэалізаваў пенальці ў матчы з аўтсайдэрам і прынёс сваёй камандзе нічыю
Рональд Куман-малодшы стаў першым іграком свайго амплуа ў чэмпіянаце Нідэрландаў, які забіў два галы ў адным матчы, піша De Telegraaf.
У пятым туры чэмпіянату з «Камбюрам» «Тэлстар» гуляў у дзесяцёх з 22-й хвіліны і на 60-й ужо прайграваў з лікам 0:2.
Куман-малодшы спачатку рэалізаваў пенальці на 63-й, а потым яшчэ адзін на 11-й дабаўленай хвіліне да другога тайма, пасля чаго атрымаў жоўтую картку за неспартыўныя паводзіны падчас святкавання ўзяцця варот.
Рональд Куман-малодшы, як можна зразумець з імя, з’яўляецца сынам былога іграка «Аякса», ПСВ, «Феенорда» і «Барселоны», а пасля — вядомага трэнера Рональда Кумана.
Бацька 31-гадовага футбаліста ў свой час быў прызнаны самым дзейсным абаронцам у гісторыі гульні — ён забіў амаль 200 галоў у 535 матчах на клубным узроўні і яшчэ 14 разоў вызначыўся ў футболцы зборнай Нідэрландаў.
Сын, падобна, атрымаў у спадчыну ад бацькі галявыя гены — але абраў амплуа нават не ў абароне, а ў варотах. Галкіпер вось ужо 5 гадоў верны «Тэлстару», за які правёў каля паўтары сотні матчаў.
Перад тым, як пачаць гістарычны камбэк, Куман-малодшы сам спрыяў стварэнню крытычнай сітуацыі для сваёй каманды — бо прапусціў два галы на працягу сямі хвілін другога тайма.
Аднак амаль адразу пасля гэтага «Тэлстар» атрымаў права на пенальці, а сын легенды папрасіў партнёраў даць яму шанц. Куман не падвёў і скараціў адставанне.
Гульня зацягнулася, арбітр дадаў больш за 10 хвілін, і ў «Тэлстара» з’явіўся яшчэ адзін шанц у выглядзе другога пенальці. І зноў да мяча падышоў Куман — а ўжо праз імгненне святкаваў гістарычны дубль, атрымаўшы ад рэферы жоўтую картку за знятую футболку і празмерныя эмоцыі.
Цяпер на рахунку Кумана тры галы ў Эрэдывізіёне. Ён не толькі стаў першым галкіперам, які аформіў дубль у адным матчы чэмпіянату Нідэрландаў, але і першым за 60 гадоў варатаром, які забіваў у двух сезонах запар. Папярэднім быў Ніка ван Зогел, які адрозніваўся ў чатырох чэмпіянатах з сезона 1963/64 па 1966/67.