Прэзентацыя інтэрактыўнага праекта «Дыялог эпох у жаночых лёсах: ад першых да перадавых» адбылася напярэдадні 8 Сакавіка ў Прэзідэнцкай бібліятэцы Рэспублікі Беларусь. Выстаўка дазваляе акунуцца ў гісторыю лёсаў выдатных жанчын Беларусі, якія сталі першымі ў сваіх прафесіях і зрабілі значны ўнёсак у развіццё краіны.
Гэта гісторыя сілы, мужнасці і зацятасці, адзначаюць супрацоўнікі Прэзідэнцкай бібліятэкі, якая выступіла арганізатарам праекта. Станаўленне незалежнай і прагрэсіўнай Беларусі было б немагчымым без укладу жанчын ва ўсіх сферах эканомікі, навукі, культуры, расказалі арганізатары. І паказаць гэта — галоўная мэта праекта: натхніць маладое пакаленне на скарэнне новых вышынь, пашырыць у грамадстве веды аб дасягненнях беларускіх жанчын, спрыяючы захаванню гістарычнай памяці і пераемнасці пакаленняў.
Яны былі першыя
— У Год беларускай жанчыны, напярэдадні 8 Сакавіка Прэзідэнцкая бібліятэка Рэспублікі Беларусь не магла пакінуць без увагі гэтыя дзве нагоды — мы арганізавалі маштабную планшэтную выстаўку «Дыялог эпох у жаночых лёсах: ад першых да перадавых», якая на працягу года будзе дапаўняцца, — адзначыла дырэктар Прэзідэнцкай бібліятэкі Алена Секач. — Галоўны пасыл — любая жанчына ў нашай краіне ў сваёй прафесіі можа быць першай. Мы вылучылі ўсе кірункі, дзе нашы беларускія жанчыны былі першыя: культура, мастацтва, палітыка, медыцына, навука, спорт, космас...
Наведвальнікам прадстаўлены амаль 30 імёнаў выдатных жанчын у гісторыі краіны — ад старажытных часоў да нашых дзён, якія зрабілі неацэнны ўнёсак у станаўленне беларускай дзяржаўнасці. Планшэтаў, якія расказваюць аб іх лёсах, пакуль 15, але да канца года іх стане больш. На кожным — QR-код, які дазваляе з дапамогай тэхналогіі дапоўненай рэальнасці яшчэ больш даведацца пра гераінь праекта. Ідэя расказаць пра нашых суайчынніц, якія сталі менавіта першыя ў той ці іншай справе, належыць маладым спецыялістам, адзначыла Алена Віктараўна.
— Канцэпцыю прапанавала наша маладое пакаленне, гэта цалкам іх ідэя. Мерапрыемстваў, звязаных з жаночай тэматыкай, шмат. Але мы падумалі, што менавіта такі погляд можа быць цікавы, — растлумачыла яна.
Паралелі і пераемнасць
— Гэты праект для нас не проста мерапрыемства: гэта сумленная і шчырая размова аб сіле духу і характару. І, вядома ж, аб прыгажосці, — падкрэслівае намеснік загадчыка аддзела бібліятэчнага маркетынгу Дар’я Красоўская. — Лёсы гэтых жанчын, іх дасягненні, адкрыцці і наватарства натхняюць усіх нас.
Пачынаецца выстаўка з прадстаўлення Ефрасінні Полацкай, нябеснай заступніцы беларускай зямлі. Сярод гістарычных персаналій таксама Саламея Русецкая, першая жанчына на тэрыторыі сучаснай Беларусі, якая атрымала прафесію ўрача; Соф’я Кавалеўская, наша суайчынніца і «прынцэса матэматыкі» — першая ў свеце жанчына з вучоным званнем «прафесар матэматыкі»; Ізабела Марціновіч, першая жанчына — доктар юрыдычных навук.
— Наступныя тры імені — Марыя Осіпава, Алена Мазанік і Надзея Траян — знаёмыя кожнаму беларусу, — працягвае Дар’я Красоўская. — Ім удалося рэалізаваць аперацыю «Адплата» па ліквідацыі ката беларускага народа, гаўляйтара Беларусі Вільгельма Кубэ. Усе яны былі ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза.
— Жанчына ў палітыцы — заўсёды досыць неадназначная тэма, — расказвае супрацоўніца бібліятэкі. — Але некаторыя жанчыны ярка паказалі сябе на гэтай ніве. Адна з іх — Надзея Грэкава. Менавіта яна ў 28 гадоў узначаліла Вярхоўны Савет БССР, і адбылося гэта ў ваенныя гады. З яе імем звязана вызваленне канцлагера «Азарычы». Фашысты заразілі вязняў тыфам, і вызваленне лагера было велізарнай рызыкай. І ўсё ж Надзея Грэкава асабіста ўдзельнічала ў гэтай аперацыі.
І зноў паралелі з днём сённяшнім:
— Кажучы пра жанчын у палітыцы, нельга не адзначыць і такую яркую асобу, як Наталля Іванаўна Качанава, — працягвае Дар’я Красоўская. — Менавіта яна займала пасаду кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, сёння яна — першая жанчына — Старшыня Савета Рэспублікі.
Тэму спорту раскрываюць легендарная алімпійская чэмпіёнка па фехтаванні Алена Бялова, чыё імя ўпісана ў Кнігу рэкордаў Гінеса, першая ракетка свету — 2012 Вікторыя Азаранка, тэму мастацтва — народная артыстка Беларусі Наталля Гайда. А ў самым канцы экспазіцыі наведвальнікі выстаўкі ўбачаць... люстэрка.
Своеасаблівым працягам праекта «Дыялог эпох у жаночых лёсах» стала экспазіцыя, падрыхтаваная аддзелам старадрукаваных і рэдкіх выданняў Прэзідэнцкай бібліятэкі, дзе прадстаўлены кнігі і перыядычныя выданні (у тым ліку «Звязда» і часопіс «Работніца і сялянка»), працы сацыёлагаў і гісторыкаў, якія дазваляюць прасачыць ролю жанчыны і тое, як яна змянялася на тэрыторыі сучаснай Беларусі са старажытных часоў і да нашых дзён.
Аляксандра АНЦЭЛЕВІЧ