Top.Mail.Ru
58

Унучка Кандрата Крапівы прэзентуе яго выданне на Мінскай кніжнай выставе-кірмашы

Унучка беларускага пісьменніка Кандрата Крапівы прыме ўдзел у прэзентацыі кнігі з яго творамі ў рамках XXXIII Мінскай міжнароднай кніжнай выстаўкі-кірмашу. Аб гэтым расказаў дырэктар УП «Мастацкая літаратура» Аляксандр Бадак, паведамляе БелТА.


Кніга Кандрата Крапівы «Астрыжаны вожык» з серыі «Новая бiблiятэка беларускай паэзii» выйшла тыражом тысяча экзэмпляраў. «Цяпер засталося менш за палову тыражу, што сведчыць аб тым, што людзі чытаюць добрую класічную паэзію. Кніга выйшла да 130-годдзя з дня нараджэння Кандрата Крапівы. У прэзентацыі паўдзельнічае ўнучка пісьменніка Алена Атраховіч», — падзяліўся навіной Аляксандр Бадак.

Акрамя таго, выйшла падарачнае выданне паэмы Якуба Коласа «Новая зямля» з ілюстрацыямі народнага мастака Беларусі Васіля Шаранговіча. «Думаю, што кніга знойдзе свайго чытача, паколькі ўпершыню „Новая зямля“ поўнасцю перакладзена на рускую мову, выданні часоў Савецкага Саюза былі няпоўнымі. Андрэй Цяўлоўскі — адзін з лепшых перакладчыкаў — узяўся за гэту няпростую работу і з гэтай задачай справіўся вельмі добра», — лічыць дырэктар.

На выставе будзе прадстаўлена кніга «Казачны свет: казкі народаў СНД», якая выйшла да 35-годдзя Садружнасці. «Такія кнігі выходзяць вельмі рэдка: яна сабрала ў сабе беларускія, рускія казкі, гісторыі многіх народаў Еўропы. Вельмі даўно трымаў у руках такое выданне, і гэта няправільна, бо ў рамках СНД у краін-удзельніц вельмі добрыя адносіны. Калі мы прыязджаем на кніжную выставу ў Казахстан або Туркменістан, заўсёды падыходзяць пісьменнікі і пытаюцца пра сваіх калег з Беларусі. У нас вельмі багатая гісторыя, страціць тое, што было, абсалютна няправільна», — упэўнены кіраўнік.

Будуць прадстаўлены і новыя творы і аўтары. Напрыклад, маладая пісьменніца Вікторыя Кляўко выдала раман «Вырай» у жніўні мінулага года да Дня беларускага пісьменства. «Кніга тыражом 800 экзэмпляраў разышлася літаральна за месяц. Выдалі дадатковы тыраж памерам 300 экзэмпляраў, затым 500 — усе яны былі прададзены. Прэм’ера прайшла ў Купалаўскім тэатры, а на выставе аўтар будзе прадстаўляць кнігу з „купалаўцамі“ — тымі, з кім яна разам выходзіла на сцэну», — расказаў спікер.


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю