У Лідскай раённай бібліятэцы імя Я. Купалы ў рамках XXXII Дня беларускага пісьменства адбылася прэзентацыя ўнікальнага праекта «ЧАС ВЫБРАЎ». У мерапрыемстве ўзялі ўдзел дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Звязда» Вольга Ануфрыева, дырэктар — галоўны рэдактар Выдавецкага дома «Беларусь сегодня» Дзмітрый Жук, аглядальнік рэдакцыі Выдавецкага дома «Беларусь сегодня» Максім Осіпаў. Карэспандэнт «Звязды» даведалася падрабязнасці.
У красавіку 2025 года на аснове ўнікальнага праекта Выдавецкага дома «Беларусь сегодня» Выдавецкім домам «Звязда» было падрыхтавана і выпушчана ў свет 448-старонкавае выданне «ЧАС ВЫБРАЎ».
У аснову выдання пакладзены праект Выдавецкага дома «Беларусь сегодня» «ЧАС ВЫБРАЎ». Падняўшы з архіваў усю цэнтральную перыёдыку краіны за 1994-2025 гады (больш за 20 тысяч выпускаў пяці газет) журналісты выявілі на свае вочы рэтраспектыву станаўлення і развіцця беларускай дзяржаўнасці ў перыяд суверэнітэту і незалежнасці нашай краіны.
Гэты праект — жывая люстэрка эпохі, якая шырока прадставіла асноўныя вехі станаўлення і развіцця беларускай дзяржавы і вызначальную ролю інстытута прэзідэнцтва ў гэтым развіцці, уклад асобы Аляксандра Лукашэнкі ў паступальнае развіццё суверэннай Беларусі.
Праект дае адказ на пытанне, як Беларусь з краіны, якая стаяла на краі прорвы і была даведзена «дэмакратычнымі пераўтварэннямі» да кропкі, ператварылася ў атамную і касмічную дзяржаву, донара стабільнасці і міратворчасці.
Па словах дырэктара-галоўнага рэдактара выдавецкага дома «Звязда» Вольгі Ануфрыевай, гэты прект унікальны тым, што ў ім няма суб’ектыўных меркаванняў і ацэнак. Гэта жывая рэтраспектыва таго, што адбывалася: «Вось рэальныя загалоўкі: „Не магу купіць хлеба чатыры дні“, „Міна пад калгас“, „Сасіскі — у масы, масы — на плошчу“, „Рынак з вялікай дарогі, або рэкет па-гомельску“... Калісьці ўсё гэта было рэальнасцю. Але ў нас ужо сціраюцца гэтыя ўспаміны, бо тыя трыццаць гадоў, якія мы прайшлі пад кіраўніцтвам Аляксандра Рыгоравіча, сёння мы можам нарэшце жыць вельмі добра».
А дырэктар-галоўны рэдактар выдавецкага дома «Беларусь сегодня» Дзмітрый Жук, кажучы пр кнігу, адзначыў, што яна расказана не з пункту гледжання сённяшняга дня, а так, як той дзень бачыўся тады, калі мы яго пражывалі. «Мы з вамі самі былі сведкамі гэтага перыяду ў гісторыі нашай краіны. За гэты пэрыяд мы з вамі пабудавалі нашу Беларусь. А вось той нерв, тыя перажыванні, тыя эмоцыі, якія былі тады, мы ўжо забыліся — гэтая нармальная ўласцівасць чалавечай псіхікі. Але вельмі хацелася б, каб пра іх ведала наша моладзь — тыя, каму гэтую краіну будаваць далей. Як гэта зрабіць і не сказіць? Прыйшло простае рашэнне — узяць газеты таго часу, якія дзень за днём расказвалі аб тым, як мы з вамі жылі...».
Яна ВАЛАСАЧ
Фота Лізаветы ГОЛАД