У Талачынскім раёне вучоныя-археолагі знайшлі капліцу-склеп XVII стагоддзя. Пры гэтым яе апісання няма ні ў адным гістарычным дакуменце, паведамляе БелТА.
Даўжыня будынка да 10 м. Сцены склепа таўшчынёй 1,5 м. Фундамент капліцы-склепа складаецца з дзікіх валуноў. Захаваліся і фрагменты размалёўкі.
«Часам на старых картах можна ўбачыць маленькі крыжык, які абазначае месца, дзе калісьці стаяла царква або капліца. Альбо літару „K“. Я вывучыў мноства такіх карт, але нідзе гэтага не сустракаў: іншыя, менш значныя аб’екты на іх адзначаны, а гэты — не. Прыязджалі геафізікі з абсталяваннем і паведамілі, што ўчастак літаральна ўсеяны абломкамі цэглы і каменю, з-за чаго цяжка зразумець, што менавіта там знаходзіцца пад зямлёй», — адзначыў краязнавец Дзмітрый Іўчанка.
Пакуль няма ні малюнка, ні фота мемарыяльнага збудавання. Адна з існуючых версій заключаецца ў тым, што гэта была капліца-пахавальня для князёўны-тапельніцы. Муроўка паказвае на пачатак XVII стагоддзя. Знойдзеныя артэфакты таксама паказваюць, што гэта было збудаванне з рысамі рэнесансу. Адзін з іх — як мяркуецца, частка вітража. Знайшлі і рэшткі дахоўкі тыпу «бабровы хвост». Будаўнічая кераміка, хутчэй за ўсё, рабілася на месцы, таму што сакалінскія палі багатыя на гліну. Таксама выяўлены фрагменты коснага матэрыялу, аднак пакуль незразумела, яны з гэтага месца ці былі нейкім чынам сюды перанесены.
«Пакуль пісьмовых паведамленняў аб неабходнасці надання статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці ў Талачынскі раённы выканаўчы камітэт не паступала. Як толькі пісьмовае паведамленне паступіць, мы гатовы разгледзець гэту прапанову. Мы цяпер кансервуем аб’ект на зіму, а як толькі прыйдзе вясна, вядома ж, пачнём развіваць гэту ідэю», — адзначыла намеснік старшыні Талачынскага райвыканкама Алена Бамберава.