Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел у цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод у ААТ «Савушкін прадукт», паведаміла БелТА.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што цяперашнюю цырымонію ўручэння дзяржаўных узнагарод можна назваць унікальнай і па-сапраўднаму народнай: яна праходзіць не ў Палацы Незалежнасці, а непасрэдна на вытворчасці. «Я ўпершыню такога ўзроўню дзяржаўныя ўзнагароды ўручаю ў працоўным калектыве. Прапанавалі — я згадзіўся», — сказаў ён.

Прэзідэнт звярнуў увагу і на надвор’е, якое выдалася па-сапраўднаму гарачым. «Калі вельмі горача, то я не вінаваты, а губернатар, які прасіў: „Дайце мне сонца“. На табе сонца: я два дні ў Брэсцкай вобласці — горача. Цяпер просіць ужо, каб халаднавата было», — пажартаваў Аляксандр Лукашэнка.
«Адна з буйнейшых малочных кампаній не толькі Брэстчыны, але і ўсёй нашай краіны — „Савушкін прадукт“ — удастоена ордэна Працоўнай Славы. Рэдкі выпадак. А чатыры яе лепшыя супрацоўнікі — медаля „За працоўныя заслугі“, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. — Гэтыя ўзнагароды — прызнанне заслуг кожнага з амаль 10 тыс. працаўнікоў усіх вашых вытворчых кампаній, сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, філіялаў, гандлёвых дамоў. Ад Брэста да Масквы, Алматы і нават геаграфічна далёкага кітайскага Даляня».

Прэзідэнт адзначыў, што ў многім дзякуючы калектыву «Савушкіна прадукту» натуральныя, карысныя, смачныя беларускія малако, сыры, масла, ёгурты, марожанае любяць дарослыя і дзеці дзясяткаў краін. «Пра Беларусь ідзе слава як пра краіну зялёных лясоў, блакітных азёр, бязмежных збожжавых, бульбяных, ільняных, рапсавых, грэцкіх палёў. І малочных рэк. Усё гэта нацыянальнае багацце створана рукамі нашых працавітых людзей — прыкладна такіх, як вы», — дадаў ён.

Да цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод кіраўнік дзяржавы пабываў на полі азімай пшаніцы СУП «Савушкін-Прамень», ад якога ў яго засталося прыемнае ўражанне. «Добра вы ўсё робіце, усвядомлена. Але я зноў пераканаўся, што ў аснове ўсяго гэтага ляжыць дысцыпліна, перш за ўсё тэхналагічная, — падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. — Ёсць дысцыпліна — ёсць вынік. Няма дысцыпліны — выніку не будзе, колькі грошай ні ўкладвай».
Прэзідэнт звярнуў увагу і на вытворчую пляцоўку «Савушкіна прадукту» ў Бярозе, якая пасля маштабнай мадэрнізацыі стала буйнейшай у краіне па выпуску сыроў. «Вы таксама актыўна расцяце ў іншых рэгіёнах — Оршы і Полацку. Мы будзем падтрымліваць і дапамагаць», — запэўніў ён.