Top.Mail.Ru

У Музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны адкрылася фотавыстаўка, прысвечаная 80-годдзю заканчэння Вайны супраціўлення кітайскага народа японскім захопнікам

У экспазіцыю «Памятаючы аб мінулым, ствараць будучыню» ўвайшлі ўнікальныя фатаграфіі. Арганізатарам выступіла Мінскае бюро інфармацыйнага агенцтва «Сіньхуа» пры падтрымцы Пасольства Кітая ў Беларусі.


Ганаровае права адкрыць мерапрыемства было дадзена першаму намесніку Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Мікалаю Снапкову і Чжан Вэньчуаню, Надзвычайнаму і Паўнамоцнаму Паслу КНР у Рэспубліцы Беларусь.

5.jpg

— Кітай, уступіўшы ў вайну з японскімі фашыстамі першым, яшчэ ў 1934 годзе, вёў барацьбу да самага яе канца. Роўна 80 гадоў назад, 15 жніўня 1945 года, японскія захопнікі абвясцілі аб безумоўнай капітуляцыі, — адзначыў пасол. — Гэта вялікая перамога не толькі Кітая, але і ўсіх народаў свету. Яна назаўжды ўпісана ў летапіс кітайскай нацыі і гісторыю барацьбы за справядлівасць усяго чалавецтва.

Таму і выстаўка — не проста культурны праект, а важны гістарычны напамін, што і падкрэсліў Мікалай Снапкоў:

6.jpg

— На жаль, жывых сведкаў тых страшных гадоў з кожным годам становіцца ўсё менш. Менавіта таму такія важныя падобныя мерапрыемствы. Неабходна перадаваць з пакалення ў пакаленне памяць аб усіх жахах вайны, шанаваць светлую памяць продкаў, расказваць праўду пра падзеі тых гадоў. Нельга дазваляць каму-небудзь перапісваць і скажаць гісторыю, апраўдваць злачынцаў і пляміць гонар сапраўдных герояў.

У аснове фотавыстаўкі — каля сямі дзясяткаў унікальных кадраў: абароны гарадоў, вызвалення палонных, напружаных перагавораў, апошніх лістоў салдат, загінулых у баі за Радзіму. Тут ёсць і здымкі, зробленыя на лініі фронту, і рэдкія фота, дзе на знясіленых тварах — шчырая радасць ад доўгачаканай перамогі.

Знайшлося месца і старонкам сумеснай з Савецкім Саюзам гісторыі. «Лёсы беларускага і кітайскага народаў у гады вайны перапляліся. У Віцебску кітайскімі патрыётамі была створана падпольная арганізацыя для ўдзелу ў антыфашысцкай вайне. Генерал Тан Дуа, Кітайскі сокал, змагаўся ў небе за вызваленне Мінска і быў узнагароджаны ордэнам Леніна», — расказаў Чжан Вэньчуань.

У сваю чаргу, імёны такіх Герояў Савецкага Саюза, як Аляксей Благавешчанскі і Яўген Нікалаенка, назаўжды застануцца ў памяці кітайскага народа. Падчас мерапрыемства таксама стала вядома, што беларускія ветэраны, якія абаранялі Паднябесную, будуць узнагароджаны юбілейнымі медалямі «80-я гадавіна Перамогі ў Вайне супраціўлення кітайскага народа японскім захопнікам».

10.jpg

11.jpg

2.jpg

Генеральны дырэктар «Сіньхуа» Фу Хуа адзначыў, што мова фатаграфіі зразумела кожнаму, незалежна ад нацыянальнасці і ўзросту.

— Яны абуджаюць у людзей эмацыянальны водгук, які пераадольвае час і прастору, — зазначыў гендырэктар. — Інфармацыйнае агенцтва «Сіньхуа» мае намер, як і раней, надзейна захоўваць гістарычную памяць, распаўсюджваць правільны погляд на гісторыю Другой сусветнай вайны, выступаць голасам Кітая і голасам за мір на міжнародных пляцоўках грамадскай думкі.

Ён таксама падкрэсліў, што для Кітая і Беларусі агульная гістарычная памяць — гэта не толькі даніна мінуламу, але і трывалая аснова сяброўства і міжнароднага супрацоўніцтва. І мэта агенцтва — расказваць пра яркія яго прыклады ў новую эпоху, уносіць новы, яшчэ большы ўклад у сумеснае адстойванне агульначалавечых каштоўнасцяў.

1.jpg

3.jpg

12.jpg

10 гадоў таму Старшыня КНР Сі Цзіньпін разам з Прэзідэнтам Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам наведаў Беларускі дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і пакінуў у кнізе водгукаў запіс: «Памятаць гісторыю і абараняць мір». Можна сказаць, гэтая фраза стала своеасаблівым лейтматывам фотавыстаўкі «Памятаючы аб мінулым, ствараць будучыню». Бо кожны яе здымак — гэта гісторыя аб мужнасці і стойкасці, аб болі страт і радасці вызвалення. Тут, у зале Перамогі, нібы адчуваецца дыханне мінулага, а з партрэтаў на нас глядзяць вочы людзей, якія марылі пра мір і аддалі ўсё, каб ён стаў магчымы. І, здаецца, менавіта ў такіх сустрэчах мінулага і сучаснасці нараджаецца разуменне: адлегласці не маюць значэння, калі народы аб’яднаны агульнай гісторыяй і ўзаемнай павагай. 

Аміна НАЗАРАВА

Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю