У першы месяц зімы мы пакуль не адчувалі марознай хвалі холаду. Але ў трэцяй дэкадзе снежня нас чакае сапраўды сур’ёзнае пахаладанне, паведамляюць спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
Ужо ў аўторак пачне паступаць паветраная маса з паўночных шырот. Ноччу і раніцай месцамі, днём пераважна па паўднёвым захадзе краіны пройдзе невялікі кароткачасовы снег, мокры снег. Месцамі чакаецца слабы туман. На асобных участках дарог галалёдзіца. Вецер паўночна-заходні з пераходам на паўночна-ўсходні, ноччу ад слабага да ўмеранага, днём умераны. Тэмпература паветра ўначы складзе ад мінус 12 °C па паўночным усходзе да плюс 2 °C па паўднёвым захадзе краіны. Значна халадней стане і днём, калі чакаецца ад мінус 8 да мінус 2 °С, аднак у паўднёвых і паўднёва-заходніх раёнах — ад мінус 1 да плюс 2 °С.
Найбольшы мароз чакаецца ў сераду.
У гэты дзень тэрыторыя нашай краіны будзе знаходзіцца пад уплывам вобласці высокага атмасфернага ціску, якое сфарміравана ў арктычнай паветранай масе. Вецер ноччу паўночна-ўсходні, днём пераменных напрамкаў умераны, месцамі парывісты. Тэмпература паветра ўначы ад мінус 15 да мінус 8 °С, месцамі паветра будзе астуджацца да мінус 18 °С. Днём чакаецца ад мінус 10 да мінус 3 °С.
Досыць марозна будзе і ў чацвер, калі ў краіне будзе панаваць вобласць павышанага атмасфернага ціску. Толькі па паўночным усходзе краіны адаб’ецца ўплыў малаактыўнага франтальнага раздзела, які перамяшчаецца з поўначы еўрапейскай тэрыторыі Расіі. Воблачна з праясненнямі. Пераважна без ападкаў, толькі месцамі па паўночным усходзе краіны пройдзе невялікі кароткачасовы мокры снег. На асобных участках дарог галалёдзіца, днём месцамі па поўначы чакаецца слабы галалёд. Вецер паўночна-заходні, заходні ўмераны, днём парывісты, месцамі па поўначы моцны. Тэмпература паветра ноччу будзе ад мінус 13 °С па поўдні да мінус 5 °С па поўначы, месцамі да мінус 16 °С. Аднак днём ужо крыху пацяплее і будзе ад мінус 6 да плюс 1 °С.
У тэму
Пасля душа і чаю — на вуліцу ні нагой
Пахаладанне заўсёды адбываецца нечакана. Як жа не захварэць, калі прыйдзецца «пасябраваць» з марозам.
Не варта ахінаць шалікам нос і рот. Калі вы думаеце, што гэта можа знізіць верагоднасць узнікнення прастуды, то вельмі памыляецеся. На самай справе, захутаўшыся ў шалік, вы толькі нашкодзіце сабе. Выдыхаючы паветра праз тканіну, вы тым самым увільгатняеце яе, а значыць, на марозе яна хутка абледзянее, і неўзабаве дыхаць прыйдзецца праз своеасаблівую ледзяную скарынку. Гэта першы крок да хваробы.
Другая памылка — піць гарачыя напоі перад выхадам на вуліцу. Пасля прыёму гарачага пітва пашыраюцца сасуды. У выніку на вуліцы вы будзеце астуджацца значна хутчэй, таму ўрачы раяць адпраўляцца на вуліцу не раней чым праз 30-40 хвілін пасля чаявання. Па гэтай жа прычыне не варта прымаць гарачы душ, калі вам неабходна выйсці на вуліцу. Шанцы замерзнуць і застудзіцца ў дадзеным выпадку досыць высокія. Каб не захварэць, медыкі рэкамендуюць прымаць водныя працэдуры за гадзіну-паўтары да выхаду.
Сяргей КУРКАЧ