Top.Mail.Ru

Умовы надвор'я не перашкодзяць атрымаць добры ўраджай

У дзень, калі мы прыехалі ў Лідскі раён, з раніцы там стаяў густы туман пасля начнога дажджу: іх гэтым летам надвор’е пасылае шчодра. Але гадзін да 11 туман стаў рассейвацца, у прасветы хмар выглянула сонца. Падняўся лёгкі ветрык, і ўжо бліжэй да поўдня збожжаўборачныя камбайны КСУП «Беліца-Агра» дружна выехалі ў поле, а літаральна ўслед за імі падкаціў УАЗ кіраўніка гаспадаркі Віктара Сінкевіча. Старшыня на свае вочы хацеў паглядзець, як стартуе чарговы дзень жніва.


«Уборку мы пачалі літаральна некалькі дзён таму, у мінулую суботу, — падзяліўся Віктар Іванавіч. — Стартавалі бадзёра, зрабілі нямала, і настрой узняўся. А ў нядзелю нас тармазнуў дождж. Учора працавалі ўвесь дзень — надвор’е дазволіла, і дзякуючы гэтаму ўжо прыбралі практычна палову плошчаў азімага ячменю з вырашчаных 215 гектараў. Сёння з раніцы прыйшлося чакаць, пакуль пасевы падсохнуць. І вось мы зноў у справе. Камбайны, прэс-падборшчыкі, грузавікі — усе тут, каб аператыўна, не марнуючы часу, якасна прыбраць вырашчанае. Расслабляцца няма калі, наперадзе яшчэ шмат працы. Услед за азімым паспее яравы ячмень, а там і іншыя збожжавыя, і рапс на чарзе — гэтага беларускага золата ў нас 900 гектараў».

Поле сапраўды ажыло літаральна за лічаныя хвіліны. Кожны ўдзельнік гарачай пары добра ведае свае задачы, механізатары на ўборцы не першы год, тэхніка добра падрыхтавана, і таму ўвесь працэс ідзе зладжана і па-сапраўднаму прыгожа. «Як часта гавораць калегі, гэты год быў няпросты. Зрэшты, кожны год у сельскай гаспадарцы па-свойму складаны. Сёлетні не выключэнне. І разам з тым пры ўсіх сюрпрызах надвор’я ўжо першыя дні ўборачнай паказваюць, што ўраджай будзе не горшы, чым у гарачым мінулым годзе, калі па крузе сабралі 46 цэнтнераў з гектара», — гаворыць старшыня.

У КСУП «Беліца-Агра» на палях працуюць шэсць збожжаўборачных камбайнаў — гэта ўвесь парк гаспадаркі. Тэхніка выключна айчыннай вытворчасці і, як гаворыць кіраўнік, аграрыяў не падводзіць, што ў поўнай меры адносіцца і да тых трох машын, якія служаць амаль два дзясяткі гадоў, і да больш новых, адну з якіх атрымалі летась. «Гэта ўжо далёка не тыя камбайны, якія былі некалькі дзесяцігоддзяў таму, — гаворыць Віктар Іванавіч. — Ніхто не пацее ў кабінах, не стамляецца ў сярэдзіне дня ад спякоты. Ды і кіраванне імі патрабуе навыкаў, добрай падрыхтоўкі, каб ведаць, вобразна кажучы, на якую кнопачку націснуць. На такіх сучасных машынах намнога больш высокая выпрацоўка. Таму і той колькасці работнікаў, якая была неабходна калісьці, сёння не патрабуецца».

18-6 копия.jpg

Уся тэхніка працуе як гадзіннік, і ў гэтым вялікая заслуга механізатараў. Як адзначыў Віктар Іванавіч, людзі разумеюць, што своечасова і цалкам падрыхтаваны камбайн дасць магчымасць у сезон добра папрацаваць і зарабіць. «За кожныя 500 тон намалоту выплачваем прэміяльныя, гэта 500 рублёў. А паколькі падчас уборкі ў нас ёсць і тысячнікі, і двухтысячнікі, то толькі за кошт матэрыяльнага заахвочвання можна добра прыбавіць у заробку, — растлумачыў старшыня. — Стымулюе і агульны чат, які мы стварылі ў месенджары. Прыкладна на працягу гадзіны пасля завяршэння працоўнага дня ўдзельнікі ўборкі ўжо ведаюць, колькі зарабілі за дзень, і могуць падлічыць свой заробак. Ну і дух спаборніцтва ніхто не адмяняў, смак перамогі прыемны кожнаму. Вядома ж, ёсць яшчэ стымуляцыйныя выплаты ад прафсаюза, і на „Дажынках“, у гаспадарцы, у раёне і ў вобласці найлепшыя атрымліваюць заслужаныя ўзнагароды».

Пакуль мы гутарылі, кіраўнік гаспадаркі бакавым зрокам сачыў за тым, што адбываецца на ніве. Следам і мы паднялі вочы і ўбачылі ў кабіне камбайна сімпатычны дзявочы твар.

«Так, — пацвердзіў старшыня. — Аксана Мулінская на жніве ўжо не першы год. Гэта сямейная дынастыя. У гаспадарцы працаваў дзядуля, потым бацька. І Аксана засталася на малой радзіме, стала вадзіцелем. З бацькам у складзе сямейнага экіпажа дзяўчына і выйшла на поле ў гарачую пару. Бацька быў добрым камбайнерам і дачку многаму навучыў. А два гады таму яго не стала — сардэчны прыступ. Перажыўшы страту, Аксана сёлета зноў выказала жаданне выйсці на жніво».

«Сельскую гаспадарку люблю, — уключылася ў размову Аксана Мулінская. — Быў час, вырашыла паспрабаваць сябе ў „дальнабоі“. Але ў выніку вярнулася ў Ганчары, стала вадзіцелем у КСУП „Беліца-Агра“. Вось выйшла на жніво і думаю пра бацьку: ён бы мной ганарыўся».

Сямейных дынастый у «Беліцы-Агра», паводле слоў старшыні, нямала. Яшчэ адзін прыклад зусім побач: малады хлопец, які працуе на прэс-падборшчыку, — Юрый Быстрыцкі, а за рулём цыстэрны з вадой, якая забяспечвае пажарную бяспеку, — яго бацька Казімір Вацлававіч. Старэйшы Быстрыцкі 15 гадоў працаваў на мясцовым камбайне «Ліда». Цяпер, на пенсіі, возіць кіраўніка, а ў гарачую пару выходзіць на палі. У КСУП працуе і другі сын Казіміра Вацлававіча — Віталь.

18-10 копия.jpg

«Радуюся за сыноў, — падзяліўся Быстрыцкі-бацька. — Жывём побач, ва ўсіх сваё жыллё, выкупілі з часам дамы, выдзеленыя гаспадаркай. І сам сядзець без справы не хачу. Яшчэ ў сілах, вось і працую. І тут, на жніве, спатрэбіўся».

Тым часам сонейка грэла, работа кіпела, і старшыня падзяліўся кароткатэрміновым прагнозам: да канца дня большую частку азімага ячменю прыбяруць, застанецца зусім няшмат. Гэта радуе, бо наперадзе яшчэ вялікія аб’ёмы. Агульная плошча азімых збожжавых у «Беліцы-Агра» — 1500 га, плюс 900 га азімага рапсу. Пад яравымі — 800 га. У дадатак яшчэ 460 га кукурузы на зерне і 800 га — на сілас. Плошчы прыстойныя: з 7,4 тыс. гектараў зямлі 5,5 тыс. — ворныя.

Усяго на ўборцы збожжавых задзейнічаны 26 механізатараў. Гэтага дастаткова, адзначыў старшыня, — сучасная прадукцыйная тэхніка дае магчымасць справіцца. Калектыў механізатараў штогод папаўняецца моладдзю. Многіх вучаць па мэтавых дагаворах, ім выплачваецца штомесячная стыпендыя ад гаспадаркі — 5 базавых велічынь. У размешчаным непадалёк горадзе Бярозаўка хлопцы засяляюцца ў камфартабельны інтэрнат.

«Часта сустракаюся з вучнямі ў школах, асабліва з аграрных класаў, і заўсёды сумленна і адкрыта расказваю аб рабоце ў сельскай гаспадарцы. З кожным годам жыццё і работа ў вёсцы становяцца ўсё больш камфортнымі. Але я перакананы, што і пра тыя выклікі, з якімі трэба будзе спраўляцца, моладзь таксама павінна ведаць, каб потым не расчаравацца. Праца ў сельскай гаспадарцы патрабуе вялікай аддачы. Але калі яе любіць, яна прыносіць вялікую радасць», — лічыць Віктар Сінкевіч.

Яго пазіцыя плённая — гэта пацвярджаецца фактамі. У калектыве КСУП «Беліца-Агра» нямала моладзі, у тым ліку на адказных пасадах. Намесніку кіраўніка гаспадаркі — 27 гадоў, столькі ж галоўнаму механіку, галоўнаму энергетыку — 25. Ёсць 20-гадовая дзяўчына-аграном, 23-гадовы брыгадзір з эканамічнай адукацыяй. Два маладыя хлопцы пасля заканчэння Лідскага каледжа прыйшлі працаваць механізатарамі. «Такая ў нас маладая каманда. Гэта тыя, хто прафесію выбраў з розумам і па сэрцы. З такімі калегамі ёсць перспектывы ў гаспадаркі», — падкрэсліў кіраўнік.

Лілія НАВІЦКАЯ

Фота Леаніда ШЧАГЛОВА, БелТА


«Моладзь — за ўраджай» — штогадовы рэспубліканскі праект, які праводзіцца БРСМ пры падтрымцы Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання і іншых зацікаўленых арганізацый. Удзельнікі праекта — маладзёжныя экіпажы, маладыя камбайнеры і вадзіцелі транспартных сродкаў, якія ажыццяўляюць перавозку збожжавых і зернебабовых культур.

18-5 копия.jpg

Ва ўборачнай кампаніі задзейнічаны 183 маладзёжныя экіпажы, 125 з якіх сёння працуюць у палях, а таксама 119 маладых вадзіцеляў, 65 ужо далучыліся да адвозкі збожжа.

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю