Top.Mail.Ru

Умовы для жыцця і ўмацавання сям’і хвалююць жыхароў рэгіёнаў

«Дэмаграфічная бяспека — у прыярытэце»


У гэтым упэўнілася Ала Ляховіч, настаўніца пачатковых класаў Косаўскай сярэдняй школы імя А. Зайкі, якая была дэлегатам УНС ад Івацэвіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Сама яна жыхарка невялікага, але старажытнага мястэчка і добра разумее клопаты людзей, якія існуюць аддалена ад вялікіх гарадоў. Але ж гэта не значыць, што сціпла і нецікава, бо Косава мае багатую гісторыю і адметныя аб’екты, што прыцягваюць турыстаў. І мясцовыя жыхары хочуць адчуваць перспектыву, таму на сустрэчах пасля ўдзелу ва Усебеларускім народным сходзе распытвалі Алу Фёдараўну пра перспектыўныя планы, якія стаяць перад дзяржавай:


— Мае землякі ганарыліся тым, што прадстаўнік ад іх мясцовасці быў на такім важным мерапрыемстве. На працы ўсе чакалі, каб я падзялілася сваімі ўражаннямі. Я распавядала пра выступленне Прэзідэнта ў першы дзень Сходу. Што асабліва кранула — жывыя зносіны, дзе адкрыта гаварылі пра сітуацыю ў свеце і ўнутры краіны. Важна было зацвердзіць асноўныя дакументы, у якіх ёсць клопат пра яе бяспеку і пазначаны асноўныя кірункі ў Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця на бліжэйшыя пяць гадоў.

Што хвалюе людзей на месцах? Вядома, якасць жыцця, якасць паслуг, бо ўсе мы грамадзяне адной краіны, незалежна ад таго, у горадзе чалавек жыве ці ў сельскай мясцовасці. Гэта знайшло адлюстраванне ў Праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця, прынятай на VІІ Усебеларускім народным сходзе, — увага да рэгіёнаў. Павінны быць годныя ўмовы не толькі ў сталіцы, але і ў малых гарадах, раённых цэнтрах, мястэчках, вёсках. Гаворка пра наяўнасць і стварэнне працоўных месцаў, даступнае жыллё, уладкаваныя дарогі з прадуманымі і зручнымі транспартнымі зносінамі. Усё гэта рэальна, калі мы ўсе разам асэнсавана далучымся да выканання задач праграмы. Сацыяльна-арыентаваная мадэль развіцця, замацаваная ў ёй, прадугледжвае выкарыстанне эканамічных дасягненняў для росту дабрабыту грамадзян. Яе мэта — пераход да новай якасці жыцця, дзе дэмаграфічная бяспека і падтрымка сям’і становяцца адным з найгалоўнейшых прыярытэтаў.

Я звяртаю ўвагу людзей на тое, што цэлы блок у прадмове Прэзідэнта быў прысвечаны сям’і і дэмаграфіі, падкрэслівалася: без людзей няма краіны. І ў праграме гэта тэма адлюстраваная: падтрымка сям’і, мацярынства, дзяцінства — пытанні будучыні. Дзеля іх вырашэння важнае не толькі матэрыяльнае стымуляванне, але і адносіны ў грамадстве да сямей, дзе выхоўваюцца дзеці, адказнасць бацькоў за іх будучыню, традыцыі і правільныя каштоўнасці, якія мы перадаём наступным пакаленням. А гэта значыць, што людзі могуць асабіста паўплываць на выкананне праграмы, прынамсі, на дэмаграфічную бяспеку краіны.

Вядома, каб думаць пра нараджэнне дзяцей, людзі павінны быць упэўненымі ў заўтрашнім дні, адчуваць спакой і падтрымку дзяржавы. Праграма складзена з думкай пра тое, каб жыхары Беларусі не баяліся павялічваць свае сем’і. Каб разумелі, што кожнае дзіця, калі вырасце, зможа накіраваць сваю энергію на ўмацаванне роднай краіны. Каб моладзь не пакідала родныя мясціны ў пошуках запатрабаванасці і большага заробку, а заставалася, таму што разумела, што мае перспектыву. А вось гэта тая частка, дзе шмат што залежыць таксама ад выхавання і разумення, чым жыве наша Радзіма.

Як настаўніца магу сказаць: важна, каб на месцах ствараліся годныя ўмовы для навучання, каб дзеці з розных сямей і рэгіёнаў мелі магчымасць атрымаць добрую адукацыю, каб пасля працаваць больш дасканала і на сучасным ўзроўні, умацоўваючы нашу эканоміку. Прэзідэнт падкрэсліў важную ролю настаўніка — наш выхаваўчы патэнцыял. Вядома, мы маем сувязі, кантакты і ўзаемадзеянне з бацькамі. Але я сваім маленькім вучням ужо цяпер кажу: усё залежыць ад вас. Стараюся выхоўваць у іх адказнасць і зацікаўленасць. Дарэчы, калі бацькі сачылі за трансляцыяй, то дзеці выглядалі: «А дзе там наша Ала Фёдараўна?..» Іх цікавіла, ці бачыла я Прэзідэнта, разглядалі фота, якія я прывезла са Сходу, і спрабавалі ўлавіць рэальную атмасферу, якая там панавала.

Запісала Ларыса ЦІМОШЫК

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю