У Дзяржаўным музеі гісторыі беларускай літаратуры адкрылася выстаўка, прысвечаная 95-годдзю Уладзіміра Караткевіча. Арганізатары пры стварэнні яе вырашылі зрабіць акцэнт на казачныя, легендарныя матывы творчасці пісьменніка, таму і назва ў яе загадкавая — «Вясна ўвосень». Вобраз маладога парастка, што ўзышоў сярод залацістай лістоты, які размешчаны ў цэнтры экспазіцыі, — гэта і прамая спасылка на шматгранную асобу Караткевіча.
Не так шмат у беларускай літаратуры было пісьменнікаў, якія спрабавалі сябе ў розных жанрах. Уладзімір Сямёнавіч быў выдатным паэтам, празаікам, драматургам, публіцыстам, эсэістам, перакладчыкам, сцэнарыстам. Адным з першых ён звярнуўся да жанру гістарычнага дэтэктыва. А яшчэ Караткевіч добра маляваў, прычым з самага юнага ўзросту. На выстаўцы можна пабачыць, як яго дзіцячыя малюнкі, так і створаныя ў больш сталым узросце. Размешчаны тут і ілюстрацыі беларускіх мастакоў да яго твораў: Валерыя Славука, Юрыя Зайцава, Пятра Драчова і іншых.
Сярод унікальных экспанатаў — кніжка «Дваццаць сем месяцаў на дрэйфуючым караблі «Георгій Сядоў», якую спецыяльна для выставы прадставілі сваякі пісьменніка. Выданне ў 1942 годзе перадалі тады яшчэ маленькаму Валодзю, які знаходзіўся ў эвакуацыі, яго бацькі. На вокладцы бацька напісаў сыну, што гэта падарунак на памяць пра Вялікую Айчынную вайну, а маці пажадала хлопчыку быць такім жа, як удзельнікі складанай палярнай экспедыцыі.
Таксама сваякі перадалі для экспазіцыі некалькі чорцікаў Караткевіча — пісьменнік збіраў такую незвычайную калекцыю.
Юбілейную экспазіцыю дапамагалі рыхтаваць калегі з іншых устаноў. Так, Музей-архіў літаратуры і мастацтва, у якім захоўваецца багаты фонд Караткевіча, перадаў рэдкія дакументы і фатаграфіі. З Дзяржаўнага літаратурна-мемарыяльнага музея Якуба Коласа паступіў сшытак з казачнымі творамі Караткевіча, які, ён яшчэ зусім маладым, дасылаў «на прысуд» народнаму пісьменніку. Цікавыя экспанаты прадставілі Цэнтральная навуковая бібліятэка НАН і Аршанскі музей. Так, з апошняга была перададзена любімая вопратка пісьменніка. Сярод рэчаў класіка на выстаўцы можна пабачыць партфель, гадзіннік, кубак, якім ён карыстаўся падчас апошняй сваёй вандроўкі ў 1984 годзе.
Экспазіцыя дазволіць зазірнуць у студэнцкія дзённікі Караткевіча, тут размешчана і яго дыпломная работа, прысвечаная легендам, казкам.
У рамках выстаўкі, якая будзе дзейнічаць да 1 сакавіка 2026 года, плануецца праводзіць музейныя заняткі, ёсць тут і інтэрактыўная зона.
Алена ДЗЯДЗЮЛЯ