Top.Mail.Ru

Уладальніца ордэна Маці Кацярына Ямная — пра парадак у доме і жыцці

Кацярына — маці пяцярых дзяцей і бабуля двух унукаў. Аднак акрамя хатніх клопатаў і абавязковага штодзённага асабістага часу для кожнага дзіцяці ў яе застаюцца сілы на работу і грамадскую дзейнасць. Мінчанка мае дзве вышэйшыя адукацыі, працуе ў асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА і ўзначальвае Заводскую раённую арганізацыю «Асацыяцыя шматдзетных бацькоў». Уладальніца ордэна Маці і лаўрэат рэспубліканскага конкурсу «Жанчына года — 2023» у намінацыі «Мацярынская слава» расказала, у чым сакрэт іх сямейнага шчасця.



«Вы ўвасабляеце сабой нашу краіну — нашу любімую Беларусь. Прыгожую, таленавітую, разумную, накіраваную ў светлую будучыню, дзе непарушныя нармальныя, традыцыйныя адносіны, асабліва сямейныя. А дзеці для нас — гэта наогул святое». Гэтыя словы Прэзідэнта, адрасаваныя жанчынам, узнагароджаным ордэнам Маці, — найлепшы пачатак для нашай новай рубрыкі. Яны не толькі пра жанчын-гераінь, але і пра стаўленне дзяржавы да спрадвечных каштоўнасцяў, і пра падтрымку, якую шматдзетныя мамы атрымліваюць у Беларусі.

Менавіта пра іх, шматдзетных жанчын, уганараваных ордэнам Маці, мы і будзем расказваць у рубрыцы «Матуліна шчасце». Пра тое, як выгадаваць і выхаваць добрых людзей і годных грамадзян. Пра іх клопаты і радасці, пра дапамогу з боку блізкіх людзей і любімай краіны. Пра тое, што яны самі лічаць шчасцем і што іх усіх, такіх розных, аб’ядноўвае.

Два сыны, тры дачкі

Застаць дома ўсю вялікую сям’ю разам — справа магчымая хіба што на вялікія святы. Старэйшая дачка Кацярыны і Віктара Ямных 27-гадовая Любоў жыве асобна, бо ўжо мае сваю сям’ю і выхоўвае дваіх дзетак. Старэйшы сын Уладзімір, яму 20 гадоў, вучыцца ў Міхайлаўскай ваеннай артылерыйскай акадэміі ў Санкт-Пецярбургу, таму ў кватэры нас сустракаюць 12-гадовая Марыя Вікторыя, 8-гадовы Іван і 7-гадовая Міхаліна.

Аднак нават іх сабраць разам — тая яшчэ задачка. Марыя Вікторыя вучыцца ў шостым класе Беларускай дзяржаўнай харэаграфічнай гімназіі-каледжа. З мінулага года дзяўчынка танцуе ў Вялікім тэатры пад апекай народнай артысткі Беларусі Ірыны Яромкінай, а гэта значыць, у яе занятыя нават выхадныя — раніцай рэпетыцыя, увечары — выступленне. Іван займаецца самба, Міхаліна — мастацкай гімнастыкай.

— Я нарадзілася і вырасла ў Мінску, скончыла 66-ю школу. Яна была з музычна-харавым ухілам, я іграла на акардэоне. 

І вырашыла, што мае дзеці музыкай займацца не будуць, — усміхаецца Кацярына. — Усіх аддалі ў спорт. Ён дысцыплінуе іх і дае крыху свабоды нам, калі яны занятыя.

З Віктарам Кацярына была знаёмая яшчэ са школы, і калі ён вярнуўся пасля службы ў арміі, пара ажанілася. Праз год нарадзілася першая дачка.

— Мы сем гадоў пабылі ў ролі бацькоў з адным дзіцем, потым столькі ж — у ролі бацькоў з двума дзецьмі. Аднак больш усвядомленым бацькоўства стала, на мой погляд, з нараджэннем трэцяга дзіцяці, — кажа Кацярына. — Складана было вырашыцца і на другое дзіця, і на трэцяе, а вось з малодшымі мы былі ўжо падрыхтаваныя і гатовыя да ўсяго.

(Не)страчаныя каштоўнасці

Адметна, што сем’і, дзе выхоўваліся і Кацярына, і Віктар, не былі шматдзетнымі. Затое ў бабуль было па пяцёра-шасцёра дзяцей, адпаведна, на лета ў іх збіралася шмат унукаў.

— З 11 унукаў маёй бабулі толькі двое — не шматдзетныя, — усміхаецца Кацярына. — Разам з РГА «Белая Русь» мы нядаўна ўдзельнічалі ў праграме «100 пытанняў для дарослага». Адзін хлопец спытаў, што я лічу традыцыйнымі беларускімі сямейнымі каштоўнасцямі. Я пацікавілася, колькі было дзяцей у яго бабуль. Аказалася, што шмат. Вось гэта і ёсць нашы традыцыйныя каштоўнасці, для многіх цяпер ужо, на жаль, страчаныя, — упэўнена Кацярына.

Як усё паспець шматдзетнай маці? Кацярына з усмешкай прызнаецца, што яна і не паспявае.

— Толькі дзякуючы падтрымцы мужа. У яго свае абавязкі, у мяне — свае. У апошні час з намі жыве маці мужа, Любоў Мікалаеўна, ёй нядаўна споўнілася 87 гадоў. Яна дапамагае нам, а мы — ёй. Стараемся паспяваць: мужу, напрыклад, даводзіцца ў абедзенны час забраць дзіця і адвезці на трэніроўку. А з трэніроўкі забіраю ўжо я — па дарозе з работы, — расказвае жанчына.

Але незалежна ад таго, як складваецца дзень, ёсць абавязковы час, які мама выдзяляе для кожнага дзіцяці, каб пабыць сам-насам.

— З Міхалінай пасля яе трэніроўкі можам зайсці ў кафэ. Гэта час, калі я толькі яе мама. Гэтак жа і з Ванем. Ён заўсёды прыходзіць абняцца: «Я твой коцік». Толькі з Машай мы бачымся радзей праз яе занятасць. Маша ў нас татава дачка, ён часцей адвозіць яе на заняткі і трэніроўкі.

На рабоце і ў грамадскім жыцці

Шматдзетная маці працуе ў Беларускай асацыяцыі клубаў ЮНЕСКА, яна каардынуе праект міжнароднай тэхнічнай дапамогі па туберкулёзе. Важнае месца ў яе жыцці займае і грамадская работа. Чацвёрты год Кацярына Ямная ўзначальвае Заводскую раённую арганізацыю «Беларускай асацыяцыі шматдзетных бацькоў». Акрамя таго, з’яўляецца членам партыі «Белая Русь», членам грамадскага аб’яднання «Белая Русь» і Беларускага саюза жанчын.

— Мая цяперашняя работа звязана з сацыяльнай сферай, а гэта дапамога людзям — тое, што мне найбольш блізка, — гаворыць Кацярына.

Мінчанка мае дзве вышэйшыя адукацыі. Па першай яна — мастак-канструктар, раней займалася распрацоўкай мяккай мэблі. Некалькі гадоў таму атрымала дыплом юрыста-палітолага. Гэта адукацыя, дарэчы, аказалася вельмі карыснай у сацыяльнай працы. Аднак, як лічыць Кацярына, рэалізаваць сябе на рабоце і ў грамадскім жыцці было б немагчымым без надзейнага тылу — падтрымкі мужа.

Важная і падтрымка дзяржавы, якая аказваецца шматдзетным сем’ям. Дзякуючы ёй Кацярына і Віктар пабудавалі кватэру. Сярод ільгот — зніжка на падручнікі і бясплатнае харчаванне для дзяцей у школе.

Пры гэтым Кацярына, якая шмат працуе са шматдзетнымі бацькамі, упэўнена, што большасць сённяшніх сем’яў — людзі актыўныя, якія скіраваны самастойна зарабляць, а не разлічваць на дапамогу з боку.

— Нават калі ўзяць наш дом, а ў ім палова шматдзетных сем’яў, то людзі, якія пабудаваліся тут, працуюць і зарабляюць, бо толькі на аздабленне кватэр шмат патрацілі, — прыводзіць прыклад Кацярына.

Быць побач

Дарэчы, абавязковай умовай у новай кватэры сям’і была вялікая кухня-гасцёўня з доўгім сталом, дзе можна сабраць некалькі пакаленняў: бабуль, дзяцей, у тым ліку і дарослых з іх сям’ёй. Летам вялікая сям’я выязджае ў вёску. Некалькі гадоў таму Кацярына і Віктар набылі дом са стагадовай гісторыяй і вялікім участкам зямлі ў Лагойскім раёне.

— Шмат гадоў мы адпачываем у Беларусі. У вёсцы ў нас нават бярозавы гай прама на ўчастку. Недалёка ёсць возера, шыкоўныя лясы — вельмі прыгожыя мясціны. Падарожнічаем звычайна таксама па Беларусі, і дзецям гэта, дарэчы, цікава, — расказвае суразмоўца.

Кацярына і Віктар Ямныя зусім не лічаць сябе ідэальнымі бацькамі, але вельмі спадзяюцца стаць для дзяцей моцным, надзейным тылам. Яны імкнуцца стварыць пачуццё ўспрымання сям’і як апоры, куды можна вярнуцца ў складаныя хвіліны жыцця, каб зноў глядзець на свет з радасцю.

Алена КРАВЕЦ
Фота Лізаветы ГОЛАД


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю