У сталіцы матулям, якім на момант нараджэння дзіцяці ад 18 да 25 гадоў, аднаразова выплацяць 982,18 рубля. Рашэнне было прынята на 16-й сесіі Мінгарсавета. Водгукі ў сацсетках не прымусілі сябе чакаць, прычым ад падзякі да абуранага «а чаму толькі ім?».
Прыгожая палова чалавецтва ў тым жа TіkTok даволі актыўна дыскуціруе на тэму тэрытарыяльнага абмежавання прынятага рашэння. Маўляў, чаму гэта датычыцца толькі мінчанак, астатнія жыхаркі краіны чым горшыя? Ёсць разважанні і наконт узросту: «Ад 18 да 25, таму што перасталі нараджаць амаль зусім. Вось і вырашылі даць пэўны стымул. А Мінск — таму што гэта эксперымент». Тут жа, у каментарыях, даволі зразумела і пераканаўча жанчына тлумачыць: «Усё проста. Толькі ў Мінску, таму што гэта рашэнне Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў. То-бок гэта рашэнне прымаў канкрэтна рэгіянальны орган і фінансаванне выплаты будзе са сталічнага бюджэту. А да 25 гадоў — таму што з’яўленне першынца адкладаецца на больш позні тэрмін. І згодна са статыстыкай, чым раней жанчына народзіць, тым больш шанцаў на тое, што ў будучым народзіць яшчэ». Адназначна слушны адказ. Далей у жаноцкім чаце пайшлі саркастычныя выказванні наконт сумы дапамогі, камусьці падалося мала: «1000 — добры стымул)))», «Мінск намнога даражэйшы за іншыя нашы гарады. Калі яшчэ і з дзіцём...»
Аднак, спадарыні, можа, варта спыніцца ў падобных развагах і паглядзець на ўсё з іншага ракурсу? Дзяржава і так шмат робіць для сваіх грамадзян, не кажучы ўжо пра дапамогу матулям з дзецьмі. Вядома, мы забыліся, як гэта, жыць не ў камфорце, таму, напэўна, і развагі такія.
Вядома, у сацсетках заўсёды знойдуцца незадаволеныя, але ў дадзеным выпадку шмат і пазітыўных каментарыяў: «Я ўвогуле не разумею, калі людзі абураюцца з нагоды выплат. У многіх краінах іх увогуле няма. Дзякуй, што плацяць гэту дапамогу, што падтрымка ёсць». І сапраўды, давайце навучымся цаніць тое, што ўжо маем, памнажаць гэта і не шукаць дрэннае там, дзе яго быць не можа.
Для тых, хто не разабраўся ў сутнасці новаўвядзення, мы ўзялі тлумачэнні ў прадстаўнікоў сталічнай улады.
Старшыня Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў Арцём Цуран адзначае: «Рашэнне гарадскога Савета аб дадатковым стымуляванні маладых маці, якія нарадзілі з 18 да 25 гадоў, — гэта хутчэй не мера сацыяльнай падтрымкі, а дадатковы стымул, бо такім чынам горад паказвае, што зацікаўлены ў тым, каб моладзь раней нараджала. Прааналізавалі 2024–2025 гады: на жаль, колькасць матуль, якія нарадзілі ў гэтым узросце, крыху знізілася — 1460 немаўлят. Гэта крыху менш, чым за 2024-ы».
Пра тэрытарыяльнае вызначэнне і суму дапамогі мы спыталі ў старшыні Пастаяннай камісіі гарсавета па ахове здароўя і сацыяльнай абароне Валерыя Недзеня. «Што датычыцца сумы аднаразовай выплаты, яна вызначалася з прывязкай да бюджэту пражытачнага мінімуму — два бюджэты, — патлумачыў ён. — Таму што менавіта гэта велічыня прымяняецца для вызначэння мінімальных дзяржаўных сацыяльных гарантый. Двухразовы памер абумоўлены тым, што падтрымка накіроўваецца матулі і малому. Усе меры сацыяльнай падтрымкі не абмежаваны тэрмінам дзеяння».
Адказаў Валерый Недзень і на прэтэнзіі кшталту «Чаму менавіта ў Мінску?»: «Трэба разумець, што гэта рэгіянальнае рашэнне. Права вызначаць меры сацыяльнай падтрымкі дзяцей, моладзі, сем’яў з дзецьмі, ветэранаў, інвалідаў, людзей сталага ўзросту, а таксама іншых катэгорый грамадзян, якія маюць патрэбу ў дапамозе, Саветам дэпутатаў абласнога ўзроўню прадстаўлена артыкулам 18 Закона «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь».
Валерый Недзень таксама дадаў, што галоўная мэта новаўвядзення — заахвоціць і падтрымаць маладыя сем’і, жанчын, якія прынялі рашэнне аб нараджэнні дзіцяці. «Як правіла, гэта студэнцкія сем’і, якія толькі пачынаюць самастойнае жыццё, і сума выплаты стане пэўнай падтрымкай для маладой сям’і, у якой з’явіцца на свет немаўля», — зазначыў ён.
Надзея ЗУЕВА