Top.Mail.Ru

Указ Прэзідэнта «Аб будаўніцтве аб’ектаў сотавай сувязі» паскарае ўкараненне тэхналогіі 5G

Не проста сігнал, але якасная су­вязь

Асноўныя задачы дакумента — стварэнне аператарам сотавай сувязі максімальных умоў для забеспячэння даступнасці іх паслуг і развіцця адпаведнай інфраструктуры.

Пра гэта на прэс-канферэнцыі «Аб рэалізацыі Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 301 «Аб будаўніцтве аб’ектаў сотавай сувязі» ў Нацыянальным прэс-цэнтры паведаміла прадстаўнік распрацоўшчыка прававога акта, намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення - начальнік упраўлення праектнай дзейнасці, горадабудаўніцтва і архітэктуры Міністэрства будаўніцтва і архітэктуры Рэспублікі Беларусь Ганна КУДРАВЕЦ.

«Улічваючы, што будаўніцтва аб’ектаў закранае шмат аспектаў, аж да выдзялення зямельных участкаў, гэтым указам закрануты не толькі сферы будаўніцтва, але і сферы заканадаўства, — звярнула ўвагу Ганна Кудравец. — Адным з фактараў, які патрабуе значнага часу для будаўніцтва аб’ектаў, з’яўляецца атрыманне дазваляльнай дакументацыі. Указам выключаецца неабходнасць аператарам сотавай сувязі атрымліваць такую дакументацыю. Пры гэтым сведчанні, неабходныя для забеспячэння бяспекі аб’ектаў, якія будуюцца, аператары будуць атрымліваць самастойна».

Указ дазваляе праектаваць і будаваць адначасова з вырашэннем зямельных пытанняў, дадала прадстаўнік Мінбудархітэктуры. Для праектавання не спатрэбіцца наяўнасць акта выбару зямельных участкаў. «Гэта працэдура дастаткова доўгая, і яе выключэнне максімальна скароціць тэрміны магчымасці размяшчэння аб’ектаў», — патлумачыла спікер. Неабходнасць такога акта застанецца ў выпадку будаўніцтва на пэўных катэгорыях зямель, выкарыстанне якіх (напрыклад, прыродаахоўных і лесагаспадарчых) магчыма толькі пры ўзгадненні з кіраўніком дзяржавы

Важнае новаўвядзенне — дазвол аператарам будавацца на зямлі, якая адведзена ўздоўж аўтадарог і чыгункі. У выніку звыклае нам «няма сувязі» ў дарозе будзе забыта, запэўніваюць распрацоўшчыкі акта.

15-11 копия.jpg

Парадак распрацоўкі праектнай дакументацыі спрашчаецца таксама за кошт магчымасці будавацца пры наяўнасці ўзгодненага эскізнага праекта і праектнай дакументацыі, склад якой вызначыў сам аператар сотавай сувязі. Выключаецца неабходнасць шэрага наглядаў за будаўніцтвам (аўтарскага, тэхнічнага і іншых), акрамя дзяржбуднагляду, але і апошні не спатрэбіцца, калі аб’ект не трапляе ў адпаведны пералік.

  • Адно з самых значных новаўвядзенняў — аператары сотавай сувязі атрымліваюць права ўстаноўкі і эксплуатацыі сродкаў электрасувязі на аб’ектах, якія будуюцца, гэта значыць, да іх прыёмкі ў эксплуатацыю. Такая практыка ўжо была выкарыстана і станоўча сябе зарэкамендавала пры будаўніцтве ў сталіцы басейна міжнароднага класа і Мінскага міжнароднага выставачнага цэнтра.

Указ удакладняе, што ўстаноўка абсталявання на аб’ектах, якія ўжо эксплуатуюцца, не адносіцца да будаўнічай дзейнасці. Пры гэтым не выключаецца неабходнасць захавання заканадаўства ў галіне культуры, калі аб’ект мае гісторыка-культурную каштоўнасць, і ў галіне паветранай прасторы, каб абсталяванне не паўплывала на бяспеку палётаў.

Дакументам таксама выключана неабходнасць правядзення ацэнкі ўздзеяння аб’ектаў сотавай сувязі на навакольнае асяроддзе. «Мы не маем 

ніводнага дакументальна зафіксаванага выпадку адмоўнага ўздзеяння (аб’ектаў сотавай сувязі. — Рэд.) на навакольнае асяроддзе, — абгрунтаваў палажэнне начальнік упраўлення электрасувязі і рэгулявання радыёчастотнага спектра Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь Дзмітрый КОРЗУН. — Мы выкарыстоўваем стандартныя дыяпазоны частот. Бачым усе рэкамендацыі адпаведных арганізацый, у тым ліку міжнародных. Ведаем вопыт краін як СНД, так і еўрапейскіх». Працэдура ацэнкі ўздзеяння на навакольнае асяроддзе часам затрымлівала ўвод у эксплуатацыю аб’ектаў сотавай сувязі да 8 месяцаў, заўважыў спікер.

«Пачынаючы з 2017 года мы назапасілі вялізную базу даных па праблемных кропках, якія ёсць як у гарадской, так і ў сельскай мясцовасці, дзе якасць паслуг (сотавай сувязі. — Рэд.) недастатковая», — пракаментаваў неабходнасць распрацоўкі ўказа Дзмітрый Корзун. Ён нагадаў аб даручэнні кіраўніка дзяржавы Савету Міністраў разам з выканкамамі да канца гэтага года забяспечыць высокую якасць электрасувязі ў сельскай мясцовасці і адзначыў, што сёлета амаль удвая будзе павялічана колькасць новых базавых станцый у параўнанні з мінулым годам. І гэта — толькі пачатак у справе ўкаранення ў краіне тэхналогіі 5G. Да 2034 года колькасць базавых станцый будзе каля 80 тысяч (цяпер 41 тысяча). Указ № 301 якраз дазваляе дасягнуць такой мэты, бо дае магчымасць паскорыць стварэнне неабходнай інфраструктуры.

Па ацэнках Мінсувязі, аб’екты, праектаванне і будаўніцтва якіх дагэтуль патрабавала 1,5 — 2 гады, дзякуючы ўказу будуць з’яўляцца на працягу года.

Прадстаўнік міністэрства адзначыў, што будаўніцтва аб’ектаў сотавай сувязі, асабліва для сельскай мясцовасці, носіць, у першую чаргу, сацыяльны характар, бо гэта гарантыя своечасовага выкліку хуткай дапамогі, дзяжурных службаў і ўстойлівай сувязі з роднымі, якія знаходзяцца на адлегласці. «Мы дасягнулі пакрыцця ўсёй тэрыторыі сучаснымі тэхналогіямі, але мала ўбачыць сігнал на нашых тэлефонах — важна, каб прапускная здольнасць каналаў магла забяспечыць годную якасць паслуг камунікацыі», — рэзюмаваў Дзмітрый Корзун.

Вольга МЯДЗВЕДЗЕВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю