Удзельнікі V Форума медыйнай супольнасці Беларусі «Медыя сёння: фокус на праўду», які праходзіць у Гомелі, усклалі кветкі да памятнага знака ахвярам генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны, перадае БелТА.
Першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Уладзімір Пярцоў, міністр інфармацыі Марат Маркаў, кіраўнікі рэспубліканскіх СМІ, прадстаўнікі медыясупольнасці з усёй краіны ўшанавалі памяць загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, бязвінных ахвяр.
Кветкі леглі да падножжа легендарнага танка Т-34 і памятнага знака ахвярам генацыду беларускага народа ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Сімвал памяці, смутку і стойкасці народа на плошчы Паўстання быў адкрыты ў горадзе над Сожам летась — напярэдадні Дня Незалежнасці і 80-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.
Схілілі галовы ў хвіліну маўчання і прадстаўнікі карпаратыўнай прэсы — галоўны рэдактар газеты «Аўтазаводзец» Мінскага аўтамабільнага завода і адказны сакратар выдання.
«Мы, беларусы, павінны памятаць сваю гісторыю. І не павінны дапусціць такой трагедыі, якая адбылася 80 гадоў таму. У нашай газеце мы шмат увагі ўдзяляем гістарычнай памяці. Мы расказваем аб ветэранах, падзеях, якія, магчыма, моладзь не так глыбока ведае. Мы хочам прасвятліць моладзь, таму што яны — наша будучыня», — адзначыла галоўны рэдактар.«У нас у газеце шмат рубрык, дзе мы расказваем пра герояў вайны. Іх, на жаль, усё менш з кожным годам. Але ў кожнай сям’і ёсць свой герой, пра якога мы таксама хочам расказаць цяперашнім пакаленням. Гэта вельмі важна», — дадала адказны сакратар.
Гомель і вобласць 5 і 6 чэрвеня прымаюць V Форум медыйнай супольнасці Беларусі «Медыя сёння: фокус на праўду». Ён сабраў каля 1 тыс. удзельнікаў, сярод якіх прадстаўнікі дзяржаўных СМІ (рэспубліканскіх, рэгіянальных, ведамасных), ідэалагічнай вертыкалі краіны, прэс-службаў дзяржаўных органаў і арганізацый, блогасферы, а таксама эксперты ў сферы камунікацый.
У час форуму пройдзе і ўрачыстая цырымонія ўзнагароджання пераможцаў і лаўрэатаў XXI Нацыянальнага конкурсу «Залатая Літара», які адзначае лепшыя дасягненні ў беларускай журналістыцы.
- Арганізатарамі медыяпадзеі выступаюць Міністэрства інфармацыі сумесна з Гомельскім аблвыканкамам пры падтрымцы вядучых рэспубліканскіх сродкаў масавай інфармацыі.