Top.Mail.Ru

Удзельнікі III Форуму блогераў Беларусі «Блог.Бай» прычыніліся да работы студатрадаў

Важна для краіны, цікава для моладзі


Паўсотні блогераў — як пачаткоўцаў, так і з мільёнамі падпісчыкаў — на адзін дзень сталі самым што ні на ёсць сапраўдным працоўным дэсантам. Прадстаўнікі блогасферы паспрабавалі сябе на заводах МАЗ і МТЗ, у якасці праваднікоў на Беларускай чыгунцы, папрацавалі на аб’ектах будаўніцтва Нацыянальнага гістарычнага музея і ў аздараўленчым лагеры «Галактыка». На Мінскім аўтамабільным заводзе ўражанні кантэнтмэйкераў сабрала карэспандэнт газеты «Звязда». 


«Цалкам задаволены ўбачаным»

Форум традыцыйна прайшоў пад эгідай Міністэрства інфармацыі пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і БРСМ (Рэспубліканскага штаба студэнцкіх атрадаў). Дарэчы, сёлета фармат мерапрыемства даволі незвычайны. У гэтым годзе падзея для тых, хто літаральна жыве кантэнтам і ўвагай аўдыторыі, праходзіць пад незвычайнай назвай «Трэці працоўны». Але яна зусім не выпадковая, бо даты для правядзення маштабнага мерапрыемства выбраны даволі сімвалічныя: 30 і 31 ліпеня, акурат перад Днём беларускіх студэнцкіх атрадаў. 


Адсюль і насычаная праграма форуму. На Мінскім аўтамабільным заводзе, напрыклад, кантэнтмэйкеры дапамагалі ў цэху зборкі аўтобусаў і сельгастэхнікі на чатырох участках: устаноўкі пнеўмаабсталявання і даўкамплектавання тэхнікі, падзборкі абліцоўкі маторнага адсека, устаноўкі сядзенняў і поручняў.


«Я ўжо не ўпершыню на падобных форумах, таму атрымліваю асалоду ад моманту і цалкам задаволены ўбачаным. Час на вытворчасці праляцеў незаўважна. Я хлопец актыўны, за любы рух, таму для мяне такая нагрузка не ў цяжар. Да таго ж праграма пабудавана насычана — ты альбо заняты кантэнтам, альбо выконваеш сваю зону адказнасці на прадпрыемстве. Напрыклад, зараз я займаўся кропкавай зваркай — прыштампоўваў металічныя лісты. Таксама запісаў некалькі матэрыялаў для свайго блога», — падзяліўся ўражаннямі адзін з удзельнікаў форуму Дзяніс Волкаў. 


Яго блог будуецца на жывым камунікаце з прахожымі: шмат віктарын, прызоў і шчырых эмоцый. Таму фармат аднаго дня ў прафесіі для юнака пакуль у навінку — сённяшняя «стажыроўка» на МАЗе стала першым такім вопытам. Але малады чалавек ужо бачыць у гэтым напрамку сур’ёзны патэнцыял. Магчыма, у чымсьці падобным яшчэ паспрабуе сябе і сам блогер: бо хто, як не энергічны хлопец, прадстаўнік гэтай самай моладзі, зможа без прыкрас шчыра расказаць равеснікам пра самыя розныя спецыяльнасці. Такія сюжэты, перакананы Дзяніс Волкаў, маглі б стаць нагляднымі прыкладамі для школьнікаў, дапамаглі б ім вызначыцца з прафесіяй.


«Лічу важным, каб моладзь для моладзі на лёгкай, зразумелай мове паказвала, чым можна ганарыцца ў нашай краіне, — падзяліўся Дзяніс. — Студэнцкія атрады, прызнаюся, да сённяшняга дня абыходзілі мяне бокам. Але дзякуючы „Блог.Бай“ даведаўся пра гэты рух, паглыбіўся ў працэс і цяпер буду расказваць сваёй аўдыторыі пра гэтую магчымасць — і зрабіць уклад ва ўласнае развіццё, і падзарабіць, і выдатна правесці час».


«Заўсёды цікава, насычана і вельмі крута»

Кацярына Залынская, якая прыехала на форум з Барысава, расказвае: яе кантэнт — гэта агляды месцаў, устаноў, рэспубліканскіх і гарадскіх мерапрыемстваў. Але падпісчыкі дакладна ацэняць відэа, што атрымаліся на Мінскім аўтамабільным заводзе. «Такога кантэнту ў мяне яшчэ не было. Ведаеце, некаторыя гавораць: трэба адправіць блогераў на завод працаваць. І мне такое часам пішуць у каментарыях. Так што парадую і любімых падпісчыкаў, і хейтараў», — смяецца Кацярына.


Дзяўчына ўдзельнічае ў форуме «Блог.Бай» ўжо ў трэці раз і прызнаецца, што кожны раз чакае яго з нецярпеннем. Сёлета спадабалася і экскурсія па музеі завода, і праца на самой вытворчасці — дарэчы, мы засталі дзяўчыну, пакуль тая прымярала на сябе ролю зборшчыка сядзенняў для аўтобусаў. «Упэўнена на ўсе 100 працэнтаў, што наш кантэнт адсюль зойдзе, „заляціць“ у першую чаргу сярод моладзі. Будзе цікава! Моладзь, як правіла, уяўляе сабе заводскую працу нейкай катаржнай і бруднай. Але калі мы паказваем праўду, што прадпрыемствы ў нас сучасныя — чыстыя, прасторныя, светлыя, з камфортнымі ўмовамі для работнікаў, — яны перастаюць баяцца. І правільна: гэта ж выдатная магчымасць для далейшага працаўладкавання», — падзялілася думкамі блогер.


Дарэчы, плячо ў плячо з удзельнікамі форуму ў цэху працавалі каля 15 студэнтаў. Іх засяроджанасць і ўважлівасць да справы спадабалася Сняжане Прахарэнка, фітнес-блогеру з Віцебска. Удзельнікам «Блог.Бай» яна стала ўжо ў другі раз: «Ніколі не можаш ведаць, што чакаць ад форуму. Гэта заўсёды цікава, заўсёды насычана і заўсёды вельмі крута. У нас, блогераў, увесь час у руху: мы кудысьці спяшаемся, бяжым. А тут трэба спыніцца ў моманце, быць уважлівым і засяроджаным, — дзеліцца ўражаннямі Сняжана. — Студатрады — гэта выдатная магчымасць для моладзі атрымаць карысныя навыкі, вопыт, знаёмствы і, вядома ж, першыя самастойна заробленыя грошы». Вопыт паглыблення ў працоўную прафесію блогер лічыць бясцэнным. Тым больш што такія мерапрыемствы, на думку кантэнтмэйкера, дапамагаюць аўдыторыі блогераў — а большасць з іх маладыя людзі — бліжэй пазнаёміцца з працоўнымі буднямі не самых папулярных спецыяльнасцяў. 

Аміна НАЗАРАВА 

Фота аўтара

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю