У суботу ў рамках X Міжнароднага культурна-адукацыйнага форуму «Дзеці Садружнасці» прайшоў Дзень Узбекістана і Кыргызстана, а ў нядзелю юныя ўдзельнікі форуму знаёміліся з культурай і традыцыямі Таджыкістана і Туркменістана. Учора, 14 ліпеня, дзеці наведалі мемарыяльны комплекс «Хатынь». Там яны даведаліся больш пра трагедыю ў Хатыні і іншых беларускіх вёсках, якія падзялілі яе лёс, усклалі кветкі да Вечнага агню.
Удзельнікі форуму, як і многія наведвальнікі мемарыяла, свой шлях пачалі з Музея памяці. Ён усяго два гады як адкрыты, але паспеў ужо запасці ў душу тым, хто яго бачыў. Усяго шэсць залаў, не так шмат экспанатаў, але кожны з іх уздзейнічае на розум і душу. Удзельніца форуму з Кыргызстана Сабіра Авазханава расказала, што з першага кроку музей быццам пераносіць у тыя часы. «У адной з залаў па пакоі раскіданы рэчы. Я ўявіла, што там сядзела шчаслівая сям’я, а потым пачалася вайна і яны пачалі шукаць неабходнае, ратавацца. У іх, напэўна, так сэрца сціскалася... Мне стала надта шкада дзяцей, якіх адправілі ў дзіцячыя дамы, дзе іх кроў забіралі фашысты! Яны шукалі сваіх мам, але іх ужо не было. У іншай зале хлопчык расказаў, як у яго на вачах гарэла маці... У музеі я быццам адчула ўсё, што адбывалася. Я ўдзячная тым, хто змагаўся за нас, за тое, каб мы маглі жыць у міры», — са слязамі на вачах падзялілася Сабіра.
Літаральна кожны не мог стрымаць слёз, і для многіх гісторыя з падручнікаў набыла рэальнасць у Хатыні. «Я ведала, што перажылі беларусы. Мы вывучалі гэтыя падзеі на ўроках гісторыі. Але нават не думала, што падобных выпадкаў было так шмат, — не хавала эмоцыі ўдзельніца форуму з Казахстана Шугыла Цілеухан. — Усведамляеш гэта, і становіцца вельмі сумна. Ты разумееш, як шмат нявінных людзей загінула, згарэлі жывымі».
Беларускія юнакі і дзяўчаты не раз бывалі ў Хатыні, таму дзяліліся сваімі ведамі з сябрамі з іншых краін. «Яны адчулі тую трагедыю. І, як ні круці, гэта памяць — усеагульная памяць савецкага народа. Мы ўсе павінны памятаць подзвіг савецкіх салдат. Бо без мінулага няма будучыні, і я ўпэўнены, што кожны, выйшаўшы адсюль, вынесе для сябе ўрок», — адзначыў беларус Станіслаў Лазюк.
Хатынь стала адкрыццём не толькі для дзяцей. Разам з імі на экскурсію па комплексе адправіліся і суправаджальнікі. Яны адзначалі, як трапятліва захоўваюць памяць беларусы, і, нягледзячы на такія страты, сёння краіна жыве і развіваецца.
Данііл ХМЯЛЬНІЦКІ.
Фота БелТА.