Адкрыццё «Восеньскага салона з Белгазпрамбанкам» — падзея, якую ў Мінску чакаюць, да яе рыхтуюцца не толькі маладыя аўтары, але і гледачы, прычым, розных узростаў. Каля твораў, якія зачапілі, спыняюцца, фатаграфуюцца. Тут жа дзеляцца эмоцыямі і меркаваннямі. Спрачаюцца: што значыць нацыянальнае ў сучасным выяўленчым мастацтве? Як на яго могуць уплываць беларускія традыцыі? Ці складана сёння здзіўляць чалавека? І за кошт чаго?.. Але ўсе спрэчкі спыняюцца, калі трэба напісаць імёны ўпадабаных аўтараў — тут кожны глядач павінен добра падумаць, за каго хоча аддаць свой голас, каб паўплываць на лёс прыза глядацкіх сімпатый. Бо гэта адна з тых выставак, калі акрамя журы свае прыярытэты выяўляе публіка (актыўнасць і зацікаўленасць ёсць паказчыкам яе светаадчування, густу і абазнанасці).

Гэтым і прываблівае творчасць: кожны ўспрымае яе па-свойму, аналізуе сутнасць і форму падачы, разбірае на складнікі, шукае сэнсы... А магчыма, пільна разглядае працы, якія хацелася б зрабіць часткай свайго жыцця, бо большасць работ прадаюцца — цана не пазначана адкрыта, але яе адразу можна ўдакладніць. А вось на імёнах аўтараў зроблены акцэнт — каб не згубіліся ў вялізным масіве мастацтва. Бо ў гэтым задача выстаўкі: падтрымаць, прасоўваць, папулярызаваць.

— «Восеньскі салон з Белгазпрамбанкам» — ужо легендарная падзея, праект, які аб’ядноўвае беларускіх маладых мастакоў, — адзначыў на адкрыцці куратар Уладзімір Зянкевіч. — За год зроблена вялікая праца, каб прадставіць на суд найбольш цікавыя творы і імёны, на наш погляд. Няхай гэта крыху суб’ектыўна, няхай не зусім усёабдымная панарама маладой творчасці, але, мне здаецца, важна і тое, што сёння прадстаўлена на 40 аўтараў больш, чым летась. І мы ўвесь час вымушаны шукаць дадатковую прастору, каб размясціць яшчэ колькі прац... Сёння мы прадставілі шырокую палітру мастацтва: розных стыляў, розных жанраў, розных кірункаў.

Сапраўды, тут творы жывапісу, графікі, дэкаратыўна-прыкладного мастатва, скульптура і арт-аб’екты, творы, выкананыя ў змяшанай тэхніцы, фотамастацтва, інсталяцыі... Акрамя экспазіцыйнай часткі, прадумана дадатковая праграма на ўвесь месяц, пакуль доўжыцца выстаўка, — кінасеансы, лекцыі, экскурсіі, майстар-класы і «Ноч Восеньскага салона», калі экспазіцыю можна ўбачыць ноччу ў асаблівай атмасферы, у больш інтымным успрыманні. Гэтая частка — больш асветнае, дапамагае людзям разабрацца, што сабой уяўляе мастацтва сучаснай Беларусі, у чым яго адметнасць, які патэнцыял.

Ларыса ЦІМОШЫК