Прадстаўнікі Міністэрства адукацыі распавялі хто можа разлічваць на адукацыю ў анлайн-фармаце ў каледжах і ВНУ, паведамляе БелТА.
Намеснік начальніка галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі — начальнік упраўлення прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Аляксандра Пятрова адзначыла, што сеткавае навучанне ў Беларусі ахоплівае каля 30 тыс. чалавек на базе 52 цэнтраў кампетэнцый. «Працэс сеткавага ўзаемадзеяння развіваецца вельмі актыўна, і мы плануем пашыраць яго. Галоўнае дакладна разумець, навошта студэнт накіроўваецца ў канкрэтны цэнтр кампетэнцый і які кантэнт ён там асвоіць, гэта значыць якія веды і навыкі адсутнічаюць у яго асноўным каледжы», — распавяла яна.
Што тычыцца дыстанцыйнай адукацыі, то ў краіне да гэтага пытання падыходзяць вельмі акуратна. Існуе дзяржаўнае рэгуляванне спецыяльнасцяў, па якіх дазволена адкрываць дыстанцыйнае навучанне. «На дадзены момант дыстанцыйная адукацыя на ўзроўні сярэдняй спецыяльнай адукацыі арганізавана, напрыклад, у Мінскім радыётэхнічным каледжы — філіяле БДУІР. Там рэалізуецца падрыхтоўка па спецыяльнасці, звязанай з распрацоўкай праграмнага забеспячэння, што адносіцца да IT-сферы. Філіял БДУІР працуе пад суправаджэннем вядучай вышэйшай навучальнай установы, — распавяла Аляксандра Пятрова. — Дыстанцыйная адукацыя даступная і на ўзроўні прафесійна-тэхнічнай адукацыі па спецыяльнасці, звязанай з абслугоўваннем IT-тэхнікі. Яна выкарыстоўваецца перш за ўсё для навучання дзяцей з асаблівымі патрэбамі, напрыклад, для дзяцей з парушэннямі апорна-рухальнага апарата. Мы лічым, што для іх дыстанцыйнае навучанне — гэта тое, што трэба».

Са слоў начальніка галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргея Пішчова, у гэтым годзе на дыстанцыйную форму атрымання адукацыі ва ўніверсітэты прыняты 53 чалавекі. Гэта таксама ў асноўным it-спецыяльнасці.