Што было — было. Адна 20-гадовая дзяўчына з самымі сур’ёзнымі намерамі (для стварэння сям’і) ва ўсе газеты абвесткі давала: маўляў, шукаю маладога, прыгожага, багатага, працавітага, шчодрага, вясёлага, разумнага, добрага, з кватэрай, машынай, дачай, дыпломам, без шкодных звычак...
Пяць гадоў прачакала — ніхто не адазваўся. Прыйшлося новы захад зрабіць (з тым самым: «Шукаю маладога, прыгожага, багатага...»).
І зноў марна!

Пасля гэтага нехта іншы ўжо прыбраў бы трохі слоў са сваёй абвесткі, тая дзеўка — нават і не падумала: па-ранейшаму шукала — гадоў 30 яшчэ!.. Праўда, нарэшце, у апошнія пяць — ужо без надзеі на стварэнне сям’і , а «хоць бы... паглядзець» на чалавека з уласнай мары, пажадана — зблізку: прыкладна так, як мужчына з верхняга здымка глядзіць на рыцара, на ваяра, на сабрата, на... Здагадка — у якасці подпісу ад спадарыні Раісы Ісакавай з аг. Сласцёны Чавускага раёна:
Сігануўшы праз вякі,
Носам к носу — мужыкі!
Двое...
Вочы не адвесці
Не стаіць прагрэс на месцы!
Што праўда, тое праўда — рухаецца, сямімільнымі крокамі, і нікому спакою не дае. Адна бландзінка другой: «Я зусім не разумею сучаснае мастацтва!» — «А што там разумець? Калі твор можаш дзесьці павесіць — гэта карціна, калі абысці вакол — скульптура».
Яна — ці вам гэта казаць? — можа быць з гіпсу, з каменю, з металу, гліны... Вось гэту, драўляную, спадар Мікалай Камароўскі з Оршы «абышоў», напэўна, не раз — усё чыста агледзеў і потым прызнаў, што:
Ўдалы твор ва ўмельца-разьбяра!
Здаецца, сам — глядзіць-не наглядзіцца?!
У нашы б паркі цуда-ваяра
І на злачынцаў мусілі б забыцца!
Ну чаму б і не?! Прыгажосць, як вядома, страшная сіла (і з гадамі, калі казаць пра людзей, то ўсё страшнейшая ды страшнейшая, асабліва па раніцах). Але ж галоўнае, што пры ёй, той сіле — розуму не трэба. З таго ж «канверта»:
Сто разоў згінае спіну
Перад віцязем былінным
Пасівелы ўжо мастак,
Каб убачыць, што не так
Атрымалася ў скульптуры
З пункту гледжання цэнзуры?
І каб толькі яе, а то ж:
Ці ўсё на месцы ў гэтай во скульптуры,
Прыехаў паглядзець сантэхнік Юрый.
Ён — пры ўсёй павазе да прафесіі — гэта можа: і прыехаць, і паглядзець, і парадамі закідаць, бо, як вядома, найлепшыя гульцы — у той жа футбол — сядзяць на плоце. І ўжо адтуль, паводле спадара Валерыя Гаўрыша з Чавусаў,
Нават скульптара... тварыць
Могуць лёгка павучыць
Бо заўважаць вокам пільным:
— Чаму рыцар — не мабільны?
— Шлем ды латы — ужо не бронь!
— І куды падзеўся конь?
...Трэба ўсё перарабіць,
Каб масоўцы дагадзіць.
Лёгка сказаць...
Дыялог каля іншай скульптуры: «Вы не ведаеце, чаму ў гэтага генерала такая дзіўная поза?» — пытае турыст. Гід ад слова: «І ведаю, і скажу: аўтар бачыў героя кавалерыстам... На каня проста грошай не хапіла».
Што зрабіць, каб яны былі? Парада бывалых: бяром крэсла, кладзём на яго рублі — садзімся, пачынаем думаць, як узяць тое, што паклалі? Устаём. Забіраем. І разумеем: для таго, каб займець грошы, трэба адарваць ад крэсла пятую кропку.
Гэта быў досвед варты пераймання (асабліва моладдзю). Зараз — аб нявартым: недзе на Канарах два дзялкі сустрэліся, сталі распытваць адзін аднаго, як жыццё, як справы, і аказалася, што ў першага згарэла фабрыка... Але ён атрымаў 30 мільёнаў страхоўкі. «Якое супадзенне! — усклікнуў другі. — Мая фабрыка таксама накрылася, праўда, у час наваднення. І я таксама атрымаў страхоўку — больш за 100 мільёнаў».
Пасля гэтай лічбы над суразмоўцамі зазвінела цішыня, а потым прагучала ціхае, даверлівае пытанне: «Слухай, Сёма, а як ты ўстроіў навадненне?»
...На выдумку, як высвятляецца, не толькі галота хітрая (кажуць, раней гэта слова азначала «ўмелая», «спрактыкаваная», здольная, напрыклад, з апілак вяроўку звіць, адной рукою польку сыграць, а ўжо дзвюма — дык і наогул такое вытварыць, што нават багацей не дакупіцца).
Вось хоць бы скульптуру!
Можна яшчэ раз кінуць вокам, «абысці» яе — агледзець з усіх бакоў і прызнаць, што мае рацыю (і дзе толькі бярэ?!) спадарыня Любоў Чыгрынава з Мінска:
Апошні штрых і... скончана праца!
Майстар прыціх — па-лю-бавацца.
Спачатку, вядома ж, сам-насам... А потым не грэх і выставіць — мо нават у Мінску, які, паводле сужэнцаў Астроўскіх,
Мы робім разам светлым, чыстым,
Дзе так прыемна бавіць час...
Адкрыўшы рот глядзяць турысты,
Якія таленты ў нас!
Прычым — усюды — куды ні глянь! Людзі з усяго свету лечацца — у тых жа стаматолагаў (адзін з іх, нервова засмаліўшы, выходзіць з кабінета, чухае падбароддзе... «Што — складаны выпадак?» — пытаецца медсястра. — «Не тое слова! У кліента грошай — нямерана, а зубы ўсе здаровыя»).
Але ж да іншых талентаў — сярод пісьменнікаў-паэтаў, архітэктараў, кампазітараў, мастакоў, ганчароў, разьбяроў, гумарыстаў...
Ну вось як вам радкі спадарыні Войцік з Гродна пра скульптара — са здымка-не са здымка не варта ўдакладняць, бо галоўнае —
Наш Іванка талент мае:
Дзень пры дні ён штось стругае...
Каб хоць зрэдку — разам з Волей,
Меў бы дзетак трохі болей.
Шкада, што Вольгі няма!
Чаму? Ды яна мо таксама, як тая 20-гадовая дзеўка, шукае (ці чакае?) свайго «маладога, прыгожага, багатага, шчодрага...» Наша прымаўка: «Хацела мама замуж за пана, але тата ўзяў». Мусіць, дужа настойлівы быў? А вось гэты, са здымка — на думку спадарыні Аляксейчык з Мінска — хіба... адчайны:
Моцна дзеўку Ясь кахаў,
Доўга-доўга замуж зваў.
Тая ж — згоды не давала:
Яна рыцара чакала.
...Адшукаў у нейкім месцы,
Зараз думка: як давезці?
Бо, па-першае, гэта ж твор мастацтва, па-другое, немалы і ў багажнік, падобна, не змесціцца, па-трэцяе, дробных дэталяў шмат... Адно добра — ён пад’ёмны, не з каменю.
Што яшчэ пра яго вядома? Дакладна — нічога, на жаль. Хіба здагадкі ёсць у спадарыні Чыгрынавай:
Нейкі віцязь худаваты...
Можа, родам з беднай хаты?
Ці ўцёк з манастыра,
Як кахаць прыйшла пара?
Гэта ў 17 ці ў 35? Вясною ці ўвосень? Гэта ўсур’ёз і надоўга, альбо...
Гісторыя ад спадара Аляксандра Матошкі з Расоншчыны (ён, як выглядае, гутарку мужчын запісаў):
Рыцар, сябра ты мой барадаты,
Падзялюся з табою бядой:
Перад жонкай сваёй вінаваты,
Бо ўсю ноч прагуляў з маладой...
— Што — яна табе ў сэрца запала?
Ці мо жарсці не здолеў стрымаць?
— Я не знаю... Чагосьці мне мала...
— Ой, пара, мусіць, меч падымаць?!
Так-так... І ў наступ бы на такую звычную ўжо распусту.
Банальная гісторыя (нават дзве): муж здрадзіў жонцы, тая падала на развод. Адбыўся суд і падзел маёмасці, пасля якога, цяжка ўздыхнуўшы, мужчына «рысу падвёў», сказаў: «Ну вось і ўсё, пабег за спадніцай, застаўся без портак».
І гэтаму яшчэ дужа пашчасціла, бо іншая кабета, заспеўшы мужа з каханкай, вэрхал уздымаць не стала: проста папрасіла галубкоў сесці побач, а яна, маўляў, фотку зробіць — на помнік.
...У нас жа (гл. ніжэй) — здымак ужо гатовы і зараз чакае подпісаў — магчыма, вашых: кароткіх, трапных, дасціпных — якія атрымаюцца. Лепшыя — па традыцыі — будуць змешчаны ў такім вось аглядзе. Што да найлепшага, то...
На папярэднім конкурсным здымку (на ім, нагадаем, была маладзіца з сабачкам і парай коней (гл. нумар газеты за 4 кастрычніка альбо сайт — «Звязда», «Калейдаскоп», «Хто каго?»), то ўдалыя радкі пра «кампанію» склалі спадарыня Любоў Чыгрынава з Мінска, спадары Мікалай Камароўскі з Оршы і Мікалай Старых з Гомеля, Віктар Сабалеўскі з Узды, сужэнцы Астроўскія з Мінска.
З гэтым, апошнім меркаваннем вялікага чытацкага журы, пагадзілася і журы маленькае рэдакцыйнае. Такім чынам прыз у выглядзе падпіскі на «Звязду» застаецца ў сталіцы.
Хочаце, каб найстарэйшая і адзіная са штодзённых беларускамоўная газета пяць разоў на тыдзень прыходзіла да вас? Тады варыянтаў два: альбо своечасова аформіць падпіску, альбо прыдумаць найлепшы подпіс да чарговага здымка і даслаць у рэдакцыю. Шанц на выйгрыш мае кожны. Пішыце!
Валянціна ДОЎНАР
Фота Лізаветы ГОЛАД