Top.Mail.Ru

Участкі для ўрачоў, настаўнікаў, работнікаў АПК — без аўкцыёнаў

Дзеля развіцця і будучыні


Дэпутаты разгледзелі законапраекты аб змяненнях у зямельных адносінах, рэгістрацыі бізнесу і новую рэдакцыю Воднага кодэкса 

На пасяджэнні трэцяй сесіі Палаты прадстаўнікоў дэпутаты разгледзелі шэраг законапраектаў. Яны датычацца самых розных сфер — ад рэгістрацыі бізнесу і работы Камітэта дзяржаўнага кантролю да выкарыстання вадаёмаў і бязвізавых паездак.


Комплекснае рэгуляванне ў пытанні рэгістрацыі бізнесу

Дэпутаты прынялі ў другім чытанні праект Закона «Аб дзяржаўнай рэгістрацыі і ліквідацыі (спыненні дзейнасці) суб’ектаў гаспадарання». Старшыня Палаты прадстаўнікоў Ігар Сергяенка адзначыў: «Гэты дакумент закранае інтарэсы ўсіх суб’ектаў гаспадарання. Работа вялася няпроста, і сёння дакумент падрыхтаваны да другога чытання. Гэта важны крок па стварэнні камфортных умоў для функцыянавання бізнесу».

Старшыня Пастаяннай камісіі па эканамічнай палітыцы Віктар Нікалайкін расказаў: «Упершыню ў гісторыі краіны гэтыя пытанні прапануецца рэгуляваць у рамках закона, а не дэкрэта. Пры падрыхтоўцы да другога чытання ўнеслі змяненні больш як па 70 пытаннях. Мы адмаўляемся ад падачы шэрагу дакументаў. Калі рэгіструецеся па тыпавым статуце — сам статут падаваць не трэба. Уводзіцца афіцыйны статус электроннай пошты. Міністэрства юстыцыі будзе весці адзіны электронны рэестр», — патлумачыў парламентарый.

Асаблівы акцэнт зроблены на абароне крэдытораў. «Крэдыторы не вінаватыя ў тым, што суб’ект гаспадарання спыняе існаванне, часам свядома, каб схаваць выплату даўгоў. Калі суб’ект вырашыў пайсці на самаліквідацыю, то такі запіс можна ўнесці толькі адзін раз. Практыка паказала: многія нядобрасумленныя суб’екты не выплачваюць запазычанасці і ідуць на самаліквідацыю. Што рабіць тым арганізацыям, каму яны вінаваты? Таму гэтыя механізмы прадугледжаны, каб паставіць заслон нядобрасумленным суб’ектам».

Новыя паўнамоцтвы Камітэта дзяржаўнага кантролю

У першым чытанні дэпутаты прынялі праект Закона «Аб змяненні законаў па пытаннях дзейнасці органаў Камітэта дзяржаўнага кантролю». Член Пастаяннай камісіі па нацыянальнай бяспецы Андрэй Крупенькін адзначыў: «Дзяржаўны кантроль — гэта ключавы інструмент забеспячэння эканамічнай бяспекі, правапарадку і сацыяльнай стабільнасці. Галоўнае новаўвядзенне — прынцып прафілактыкі эканамічных правапарушэнняў».

Начальнік Галоўнага экспертна-прававога ўпраўлення КДК Андрэй Мацюшэнка растлумачыў: «Камітэт дзяржаўнага кантролю атрымае права прыпыняць дзейнасць суб’ектаў гаспадарання пры грубых парушэннях санітарных нормаў, забараняць незаконныя рэгістрацыйныя дзеянні, прыпыняць незаконныя аперацыі па электронных кашальках». 

Прынцыпы работы Савета Міністраў

Міністр юстыцыі Яўген Каваленка пракаменціраваў законапраект «Аб Савеце Міністраў Рэспублікі Беларусь»: «Галоўны прынцып — калегіяльнасць. Любое рашэнне — вынік калектыўнай работы, але пры гэтым захоўваецца персанальная адказнасць. Савет Міністраў замацоўваецца як вышэйшы орган у дачыненні да падпарадкаваных дзяржаўных органаў».

Навацыі зямельнага заканадаўства

У другім чытанні дэпутаты прынялі праект Закона «Аб змяненні законаў па пытаннях рэгулявання зямельных адносін». Па рашэнні Старшыні Палаты прадстаўнікоў у Авальную залу былі запрошаны у тым ліку і спецыялісты з рэгіёнаў, якія будуць рэалізоўваць новы закон на месцах. Ігар Сергяенка нагадаў, што ў першым чытанні дакумент быў прыняты 3 кастрычніка: «Па ім праведзена вялікая работа з удзелам зацікаўленых дзяржаўных органаў, спецыялістаў, навацыі былі накіраваны ў рэгіёны. Было прапрацавана больш за сотню розных прапаноў». Спікер адзначыў, што ў працэсе работы над законапраектам было бачна, што дакумент падчас падрыхтоўкі да другога чытання «не дайшоў да зямлі», да тых людзей, якія будуць яго прымяняць. Але дэпутаты ў працэсе работы над дакументам гэтую сітуацыю выправілі. 

Пры разглядзе законапраекта прысутнічалі прадстаўнікі Дзяржаўнага камітэта па маёмасці, абласных і Мінскага гарадскога выканаўчых камітэтаў, а таксама землеўпарадкавальных службаў рэгіёнаў. «Гэта тыя спецыялісты, якія непасрэдна будуць рэалізоўваць нормы на практыцы», — падкрэсліў Ігар Сергяенка. Ён таксама адзначыў, што дакумент выклікае асаблівую цікавасць у грамадзян, бо зямля — гэта не толькі базавы эканамічны рэсурс, але і аснова жыццядзейнасці для многіх. Дарэчы, за мінулы год дэпутатам паступіла 366 зваротаў па пытаннях землеўпарадкавання (5 % ад усіх, якія паступілі).

Старшыня Пастаяннай камісіі па аграрнай палітыцы Іван Маркевіч адзначыў: «Падчас работы над законапраектам было атрымана каля 400 прапаноў. Сярод навацый — падаўжэнне льготнага выкупу зямельных участкаў да пачатку 2028 года, „амністыя“ для закансерваваных участкаў, пазачарговае прадастаўленне ўчасткаў для сем’яў з дзецьмі-інвалідамі».

Начальнік галоўнага ўпраўлення землеўпарадкавання Магілёўскага аблвыканкама Ірына Петручэня заўважыла:

«Зямельнае заканадаўства сёння развіваецца найбольш дынамічна. Як кажа кіраўнік дзяржавы, зямля і людзі — гэта наша галоўнае багацце. Навацыі новага кодэкса дазволяць аператыўна вырашаць шэраг задач. Саветы дэпутатаў змогуць самастойна вызначаць каэфіцыенты платы за нестацыянарныя аб’екты. Урэгулявана пытанне з нядобрасумленнымі землекарыстальнікамі: цяпер мы будзем запытваць іх персанальныя даныя ў дзяржорганаў. Аблвыканкамы вызначаць тэрыторыі, дзе зямлю будуць даваць без аўкцыёну — у першую чаргу ўрачам, настаўнікам і работнікам АПК. І галоўнае: схемы землеўпарадкавання стануць не рэкамендацыйнымі, а абавязковымі для выканання выканкамамі, і будуць размешчаны ў свабодным доступе для грамадзян».

Начальнік аддзела землеўпарадкавання Наваполацкага гарвыканкама Алена Халамёнак расказала: «Мы гэты закон вельмі чакаем. Галоўнае — легалізаваць самавольна занятыя ўчасткі, на якіх ужо ўзведзены пабудовы. Кожны выпадак можна будзе разглядаць індывідуальна». Спецыяліст таксама адзначыла навацыю, паводле якой урачы, настаўнікі, работнікі АПК змогуць атрымліваць зямельныя ўчасткі без аўкцыёнаў. «Гэта дазволіць вырашаць кадравыя праблемы рэгіёнаў», — упэўнена яна. 

Што змянілася ў Водным кодэксе

У другім чытанні дэпутаты прынялі новую рэдакцыю Воднага кодэкса. Член Пастаяннай камісіі па экалогіі Уладзімір Бабічаў растлумачыў: «Праект закона аб змяненні Воднага кодэкса Рэспублікі Беларусь унесены ў Палату прадстаўнікоў Саветам Міністраў і прыняты летась у першым чытанні. Наш Прэзідэнт падкрэсліў, што прыродныя рэсурсы — гэта аснова эканомікі і дабрабыту беларускага народа, таму іх трэба берагчы. Таму законапраект накіраваны на захаванне найлепшых традыцый па беражлівых адносінах да вады і яе рацыянальным, устойлівым, разумным выкарыстанні. У сувязі са шматлікімі ўнесенымі змяненнямі Водны кодэкс выкладаецца ў новай рэдакцыі. Асноўнымі навацыямі з’яўляецца тое, што парадак выкарыстання паверхневых водных аб’ектаў для суднаходства на прыстасаваннях, якія не адносяцца да маламерных суднаў, будзе вызначаць урад. Устанаўліваецца забарона на ўзвядзенне на адным зямельным участку больш чым адной сажалкі, спрашчаюцца адміністрацыйныя працэдуры. У ходзе падрыхтоўкі да другога чытання былі абмеркаваны прапановы ад дэпутатаў, дзяржаўных органаў, грамадскіх арганізацый і грамадзян. Забароны і абмежаванні на агульнае водакарыстанне органы мясцовай улады могуць устанаўліваць толькі зыходзячы з крытэрыяў небяспекі для жыцця і здароўя людзей. Гэты кодэкс дазволіць адрэгуляваць адносіны ў галіне водакарыстання, забяспечыць ахову і рацыянальнае выкарыстанне нашых вод, захаванне і аднаўленне водных аб’ектаў, а таксама ўлічвае і абараняе правы і інтарэсы нашых водакарыстальнікаў», — пракаменціраваў Бабічаў. 

Міжнароднае супрацоўніцтва

Дэпутаты ратыфікавалі пагадненні з Кыргызстанам аб парадку знаходжання грамадзян і аб рэадмісіі, а таксама бязвізавае пагадненне з М’янмай.

Член Пастаяннай камісіі па міжнародных справах Аляксандр Шпакоўскі адзначыў: «2025 год стаў прарыўным у адносінах з М’янмай. Мінулагодні афіцыйны візіт Аляксандра Лукашэнкі ў Нейп’ідо разглядаецца як жэст палітычнай падтрымкі. Летась М’янму наведалі 300 грамадзян Беларусі. Бязвізавы рэжым будзе садзейнічаць развіццю культурных і дзелавых сувязяў», — сказаў дэпутат.

Такім чынам, чарговае пасяджэнне Палаты прадстаўнікоў атрымалася вельмі насычаным. Прынятыя рашэнні закрануць інтарэсы мільёнаў грамадзян — ад прадпрымальнікаў да дачнікаў. Абноўленае заканадаўства накіравана на тое, каб зрабіць дзяржаўнае кіраванне больш эфектыўным, бізнес — больш свабодным, а жыццё людзей — больш справядлівым.

Надзея ЗУЕВА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю