Top.Mail.Ru

Убраць ураджай без страт. Такая задача пастаўлена перад працаўнікамі АПК Беларусі

Работнікі аграпрамысловага сектара правялі ўсе мерапрыемствы па фарміраванні зададзеных аб’ёмаў ураджаю па зерні, бульбе, цукровых бураках. Пасеў запланаваных плошчаў быў выкананы нават з невялікім перавышэннем да ўзроўню мінулага года. Праведзена абарона і падкормка раслін мінеральнымі ўгнаеннямі. Назапашаны практычна такі аб’ём мінеральных угнаенняў, як і ў 2025 годзе. На думку спецыялістаў Мінсельгасхарча, усе падставы атрымаць ураджай узроўню як мінімум мінулага года ёсць — настаў час збіраць.


Старт добры

1 ліпеня на палях краіны пачалася масавая ўборка збожжавых. Традыцыйна першай культурай, якая пайшла пад жатку, стаў азімы ячмень. Вынікі ўборачнай за мінулыя дні ў розных рэгіёнах, зразумела, адрозніваюцца. У Брэсцкай вобласці, напрыклад, на 8 ліпеня быў пераадолены рубеж у 100 тысяч тон — сельскія працаўнікі першага рэгіёна намалацілі 115 тысяч. Гамяльчане і гродзенцы крыху ад іх адстаюць, намалаціўшы 64 і 81 тысячу тон адпаведна. У Віцебскай і Магілёўскай абласцях да ўборачнай толькі прыступілі — пра гэта гавораць і лічбы: там намалочана 1 і 7 тысяч тон адпаведна.

Старт, канстатуюць у Мінсельгасхарчы, добры. Прадуктыўнасць азімага ячменю сёлета не саступае паказчыку мінулага года, нават крыху апярэджвае яе. Але даваць дакладны прагноз па ўраджаі і гэтай, і іншых культур пакуль яшчэ вельмі рана — у любую статыстыку можа ўмяшацца і ўнесці свае карэктывы надвор’е.


Гэта і іншыя галоўныя пытанні цяперашняй уборачнай кампаніі мы папрасілі пракаментаваць начальніка Галоўнага ўпраўлення раслінаводства Мінсельгасхарча Беларусі Мікалая ЛЕШЫКА.

— Сёлета да ўборкі азімага ячменю мы прыступілі крыху раней, чым у мінулым годзе. І гэта ў пэўным сэнсе негатыўны знак, які кажа пра тое, што пасевы саспелі раней і наліў зерня не такі, як мы чакалі. Гэта значыць, расліна не адпрацавала на ўсе 100 %. Пры гэтым у цэлым прадуктыўнасць аднаго гектара азімага ячменю па краіне не саступае прадуктыўнасці мінулага года. Калі суаднесці па плошчы прыбранага ячменю на 8 ліпеня гэтага года, то аналагічная плошча летась была ўбраная на 13 ліпеня, а ўраджайнасць у гэты перыяд таксама была ў рамках 40 цэнтнераў з гектара.

Што датычыцца надвор’я, то, па словах Мікалая Уладзіміравіча, кожны дзень уборачнай кампаніі аграрыям даводзіцца планаваць, што называецца, з колаў — зыходзячы з умоў надвор’я. Дажджы цяпер прыпыняюць уборку ячменю.

— Некаторыя пасевы, на жаль, прадуктыўныя, схільныя да палягання, таму што зерне само па сабе назапашвае вільгаць і такім чынам абцяжарвае колас. Да таго ж, размякчаецца салома. І вось ад гэтых фізіялагічных працэсаў, якія не звязаны з павелічэннем ураджаю, адбываецца паляганне, — тлумачыць Мікалай Лешык.

На падыходзе — пшаніца і трыцікале

Азімы ячмень — гэта першая збожжавая культура, гатовая да ўборкі ў сілу сваіх фізіялагічных асаблівасцяў. Аднак, як падкрэсліў Мікалай Лешык, ёсць даволі шмат сартоў азімай пшаніцы і трыцікале, якія таксама лічацца хуткаспелымі і літаральна на тыдзень саступаюць па тэрмінах паспявання ячменю:

— Азімы ячмень мы прыбіраем больш за 10 дзён, але ёсць асобныя ўчасткі азімых пшаніцы і трыцікале, якія таксама практычна гатовыя да ўборкі. Сігналам да яе пачатку служыць вільготнасць збожжа — калі яна апускаецца да 20–23 %. Занятыя пад гэтыя культуры плошчы ў нас даволі вялікія. Нядрэнная нагрузка і на камбайн — каля 300 гектараў на адзінку. У такой сітуацыі зацягваць з уборкай нельга — верагоднасць дажджоў у канцы лета вялікая, у зерня пад уздзеяннем вільгаці пагоршацца яго якасныя характарыстыкі.


Прагноз сіноптыкаў: будзе няпроста

Начальнік службы гідралогіі і аграметэаралогіі Белгідрамета Кацярына ІСТОМІНА мяркуе, што ўраджай сёлета могуць чакаць страты. Асаблівую трывогу выклікае сітуацыя ў паўднёва-заходняй частцы краіны — там з вясны захоўваецца складаная абстаноўка ў сувязі з засухай, таму ёсць рызыка страты не толькі ў збожжавых культурах, але і агародніны, садавіны, для росту і паспявання якіх патрэбна вільгаць.

Сёння ў некаторых рэгіёнах пачалося церабленне лёну, але шквалісты вецер на асобных участках і паляганне гэтай культуры тармозяць уборачныя работы, канстатуе спецыяліст Белгідрамета:

— Сіноптыкі робяць вельмі асцярожны прагноз наконт будучага надвор’я і ходу ўборачнай кампаніі. Усё залежыць ад таго, як будуць развівацца ў далейшым атмасферныя працэсы, ці будуць дажджы і якой інтэнсіўнасці.

Мабілізуем усе сілы

На нарыхтоўцы кармоў таксама ёсць свае складанасці. Але, як адзначыў Мікалай Лешык, аграрыі да такога развіцця падзей гатовы — праходзілі, і не адзін год:

— У пастаяннай гатоўнасці і тэхніка, і рабочая сіла, каб схапіць кожны сонечны дзень і максімальна нарыхтаваць кармы.

Бульба і агародніна

Мінсельгасхарч ставіць задачу вырошчваць у сельскагаспадарчых арганізацыях не менш за 1 мільён тон бульбы. Такія аб’ёмы цалкам забяспечваюць патрэбы беларусаў, дазваляюць ствараць стабілізацыйныя фонды для міжсезоння, а таксама накіроўваць каля 300 тысяч тон клубняў на экспарт.

Таму цяпер асабліва важна забяспечыць догляд за бульбай і буракамі, гаворыць прадстаўнік Мінсельгасхарча:

— Гэта тыя расліны, якія ў дадзены момант толькі набіраюць прадуктыўнасць, развіваюцца, актыўна растуць. І ў гэты перыяд яны патрабуюць дадатковай абароны ад хвароб, на развіццё якіх уплываюць і залішняя вільгаць, і цёплыя ночы, якія мы маем цяпер. Усё гэта можа адбіцца на велічыні ўраджаю гэтых культур. Упусціць момант нельга.

Алена ВІНАГРАДАВА

Фота БелТА

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю