Настроены на актыўную ўборку
Падчас рабочай паездкі ў Віцебскую вобласць Старшыня Палаты прадстаўнікоў, упаўнаважаны прадстаўнік Прэзідэнта па Віцебскай вобласці Ігар Сергяенка азнаёміўся з ходам уборачнай у Шумілінскім і Гарадоцкім раёнах і абмеркаваў з актывам раёнаў перспектывы сацыяльна-эканамічнага развіцця на месцах.
Ігар Сергяенка ўзяў удзел у пасяджэнні Лепельскага райвыканкама, дзе абмяркоўваліся пытанні добраўпарадкавання, уцягвання ў абарот пустых і старых дамоў, удзелу грамадзян у навядзенні парадку на зямлі, у тым ліку моладзі. «Першае, на што я звярнуў увагу, — яшчэ ў гэту працу не ўдалося актыўна ўцягнуць нашых жыхароў. Ініцыятыў мала, у асноўным усе чакаюць дзеянняў ад улады», — расказаў ён журналістам.
Старшыня Палаты прадстаўнікоў нацэліў мясцовую ўладу на актыўную працу ў Год добраўпарадкавання і заклікаў аберагаць прыродныя багацці гэтага азёрнага краю.
У Шумілінскім і Гарадоцкім раёнах кіраўнік дэпутацкага корпуса Беларусі азнаёміўся з сітуацыяй на палях. У СУП «Лоўжанскае» і ААТ «Птушкафабрыка Гарадок» убіраюць збожжавыя.
У абодвух раёнах зацяжныя дажджы, якія ішлі з пачатку лета, дапамаглі вырасціць добры ўраджай, але залілі палі, і цяжкая тэхніка гразне.
«Як і ва ўсёй Віцебскай вобласці, з-за ўмоў надвор’я даволі напружана ідзе ўборачная. Палі пераўвільготненыя, але нас гэта не спыняе, з кожным днём усё больш набіраем тэмпы. На сёння ўбралі 39,6 % усіх плошчаў, якія падлягаюць уборцы, засталося зжаць збожжавыя на яшчэ 5,9 тыс. га. Калектыў настроены на інтэнсіўную ўборку, усе разумеюць, што лягчэй потым не будзе, таму што палі зарастаюць. Надвор’е на заўтра прагназаваць не можам, таму кожную гадзіну выкарыстоўваем, каб сабраць і захаваць ураджай», — падзяліўся з журналістамі старшыня Шумілінскага райвыканкама Сяргей Галынчык.
Ён дадаў, што сёлета страда ўскладняецца тым, што зрушыліся тэрміны паспявання сельгаскультур, і даводзіцца адначасова ўбіраць азімыя, яравыя збожжавыя, рапс, адразу ўбіраць салому і выводзіць на вызваленыя палі трактары для ўзняцця зябліва. «На аднаго камбайнера сур’ёзная нагрузка — больш за 400 га, не хапае механізатараў на ўсю энерганасычаную тэхніку. Да працы прасцей прыцягваем вадзіцеляў з боку, але на збожжаўборачных камбайнах працуюць толькі вопытныя работнікі. Сёлета запрасілі з прадпрыемстваў раёна 11 чалавек на час жніва», — распавёў кіраўнік раёна.
Сяргей Галынчык адзначыў, што зачын на ўраджай 2026 года ўжо пакладзены, у раёне асобныя гаспадаркі сеюць азімыя культуры. «Ёсць планы павялічыць азімы клін з 6 да 8 тысяч га, уключаючы травы, якія пойдуць на корм жывёле», — сказаў ён.
На Гарадоччыне ўбрана 37 % плошчаў, усе 26 камбайнаў, якія маюцца ў сельгаспрадпрыемстваў раёна, працуюць у палях. «Мы цалкам забяспечаны тэхнікай на адвозцы збожжа. Механізатараў хапае, ужо не першы год на час уборачнай прыязджаюць дапамагаць работнікі іншых арганізацый раёна, Віцебска. Працуем па ўсіх культурах — дабіраем азімы рапс, убіраем азімыя авёс, пшаніцу, жыта, ячмень, пачалі ўбіраць яравыя культуры. Уборка ўскладняецца тым, што даводзіцца працаваць у досыць экстрэмальных умовах — не ўсюды яшчэ збожжаўборачная тэхніка можа зайсці. У палях разам з камбайнамі дзяжураць цягачы, каб аператыўна выцягваць камбайны, якія захрасаюць. У прынцыпе азімы ўраджай сёлета нядрэнны, культуры паказалі сябе добра, перазімавалі выдатна», — праінфармаваў першы намеснік старшыні — начальнік упраўлення па сельскай гаспадарцы і харчаванні Гарадоцкага райвыканкама Аляксей Арлоў.
Ігар Сергяенка пагутарыў з кіраўнікамі гаспадарак, каб даведацца, ці ёсць праблемы на ўборачнай. «Парадак бягучага дня — гэта арганізацыя ўборачнай кампаніі ў Віцебскай вобласці, якая выйшла на зададзеныя тэмпы, якіх у пачатку ўборкі не было — у сілу ўмоў надвор’я, няспрытнасці, несабранасці. Але тое, што я сёння ўбачыў на палях Бешанковіцкага, Шумілінскага і Гарадоцкага раёнаў, аб’ядноўвае адно: кіраўнікі і ўсе работнікі сельгаспрадпрыемстваў настроены на актыўную ўборку», — ацаніў ход жніва на Віцебшчыне Старшыня Палаты прадстаўнікоў.
Ён таксама ў палях пагаварыў з камбайнерамі, даведаўся, як арганізавана іх праца, ці забяспечваюць механізатараў спецвопраткай, харчаваннем, як ход уборачнай адбіўся на заробку аграрыяў і наколькі хутка праводзіцца рамонт тэхнікі, што выходзіць са строю. «Складана заходзіць на поле, але арганізавана ўсё, камбайны працуюць. Я пацікавіўся, ці ёсць праблемы з рамонтам, не ў кіраўнікоў, а ў тых людзей, якія працуюць. Так, камбайны выходзяць са строю. А калі 15 разоў на працягу дня даводзіцца камбайн выцягваць цяжкім трактарам, калі ён буксуе, зразумела, што гэта таксама адбіваецца на працаздольнасці тэхнікі. Але своечасова аказваецца дапамога і арганізаваны рамонтныя брыгады, з заводам-вытворцам наладжаны кантакты», — адзначыў Ігар Сергяенка.
Старшыня Палаты прадстаўнікоў звярнуў увагу, што тэмп уборачнай у паўночным рэгіёне нарастае, жніво набліжаецца да экватара. «Ёсць упэўненасць, што Віцебшчына выйдзе на той ураджай, які плануецца, прагназуецца. Я думаю, што ён будзе вышэйшы за леташні», — рэзюмаваў кіраўнік дэпутацкага корпуса Беларусі.
Таксама на яшчэ адной сустрэчы ў Гарадоцкім райвыканкаме з прадстаўнікамі мясцовай улады Ігар Сергяенка абмеркаваў вынікі сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна за паўгоддзе.
Паводле БелТА
фота БелТА