Top.Mail.Ru

У «зоне татальнага знішчэння» гітлераўцы не шкадавалі ні жанчын, ні дзяцей

Злачынная дзейнасць нямецка-фашысцкіх акупантаў на тэрыторыі Беларусі не мела меж. Як паказвае ход расследавання крымінальнай справы аб генацыдзе беларускага народа, што вядзецца Генеральнай пракуратурай, маштаб трагедыі, якая ў 1941 — 1944 гадах адбылася на нашай зямлі, быў значна большы, чым лічылася дагэтуль. Устаноўлена не менш як 12 868 пацярпелых і знішчаных вёсак, у тым ліку 104 новыя «сёстры» Хатыні. У гады акупацыі на тэрыторыі Беларусі дзейнічала 578 месцаў прымусовага ўтрымання насельніцтва, было праведзена не менш як 187 буйных карных аперацый.


Самымі жорсткімі з іх былі аперацыі, падчас якіх нямецкім камандаваннем ставілася мэта цалкам ачысціць ад чалавечай прысутнасці цэлыя раёны — такім чынам пазбавіўшы партызан магчымасці існаваць за кошт вёсак. У «зону татальнага знішчэння» трапілі размешчаныя ўздоўж граніцы з Латвіяй Дрысенскі, Асвейскі (сучасны Верхнядзвінскі) і Себежскі раёны — у ходзе аперацыі з прыгожай назвай «Зімовае чараўніцтва» гітлераўцы вынішчылі значную частку насельніцтва, якое пражывала на гэтай тэрыторыі.


Не менш жорсткія карныя аперацыі супраць партызан і мірных жыхароў былі праведзены акупантамі ў беларуска-расійскім паграніччы: «Грыфон» («Захоп»), «Клетка малпы», «Анкара» і «Зімовы лес». Дзякуючы архіўным дакументам, раскажам аб іх больш падрабязна ў нашай рубрыцы «Без тэрміну даўнасці».

Мэта акупантаў — «улагодзіць» насельніцтва і зачысціць мясцовасць

Карная аперацыя «Грыфон» (яе іншая назва — «Захоп») праводзілася 17 — 29 жніўня 1942 года супраць партызан і мірнага насельніцтва Віцебскага, Дубровенскага, Лёзненскага, Аршанскага і Сенненскага раёнаў Віцебскай вобласці, а таксама Краснінскага і Руднянскага раёнаў Смаленскай вобласці. Знішчальныя дзеянні ахапілі тэрыторыю ў 2200 квадратных кіламетраў.


Па задуме нямецкага камандавання, мэтай аперацыі «Грыфон» было «ўлагоджанне» насельніцтва і зачыстка мясцовасці па абодва бакі шашы Орша — Віцебск. Агульнае кіраванне войскамі прыняў камандзір 286-й ахоўнай дывізіі генерал-маёр Іаган-Георг Рыхерт, які ўжо меў вопыт антыпартызанскай барацьбы падчас аперацый «Арол». Асноўныя ўдарныя групы, падпарадкаваныя яму, складаліся з ахоўнай паліцыі вышэйшага фюрэра СС і паліцыі «Расія-Цэнтр». У выніку сілы немцаў склалі 8 батальёнаў вермахта і 6 батальёнаў СС і паліцыі пры падтрымцы артылерыі, бронетэхнікі і авіяцыі.

З савецкага боку абарону трымалі фарміраванні Аршанскай зоны, аб’яднаны штаб партызанскіх войск якой быў створаны рашэннем бюро Віцебскага абкама КП(б)Б 1 жніўня 1942 г. 17 жніўня ў акружэнне ворага трапілі 30 партызанскіх атрадаў і буйных спецгруп.

«Стралялі тэрмічнымі мінамі па вёсцы»

На занятай тэрыторыі вораг разгарнуў фільтрацыйныя мерапрыемствы. Вермахт і ахоўная паліцыя ўсюды парушалі законы і звычаі вядзення вайны. Расстрэлы палонных і «падазроных у бандытызме» мясцовых жыхароў насілі сістэмны характар і заахвочваліся камандаваннем.

«18 жніўня была спалена в. Марозаўка паблізу Нярэйшынскага ляснога масіву, і спалена ўсё насельніцтва гэтай вёскі — старыя, жанчыны, маленькія дзеці, — успамінаў намеснік камісара Аршанскай зоны У. Няведамскі. — Як правіла, у вёсках, размешчаных каля лясных масіваў, насельніцтва начыста абкрадаецца, забіраецца ўся жывёла, прадукты. Па-зверску забіты жыхар вёскі Казлы Багушэўскага раёна Марк Куксёнак. Сям’я абрабавана немцамі, канфіскавана жывёла, адзенне і абутак у маленькіх дзяцей Куксёнка, забраны ўсе прадукты».

Адным са шматлікіх пацвярджэнняў знішчэння немцамі сваякоў партызан служыць дакладная запіска партызана Т. Ганчарова, у якой сказана, што гітлераўскія разбойнікі жорстка расправіліся з яго роднымі: «Бацька, маці і дзве сястры расстраляны, а хата спалена. Так яны расправіліся з сем’ямі партызан і ў іншых месцах».


За вялікую колькасць злачынстваў у раёне аперацыі таксама былі адказныя 7-ы паляўнічы батальён і 62-і ахоўны полк. Сведкам дзеянняў апошняга стаў камісар 6-га атрада брыгады «Баці» А. Прахарэнка. «Цяпер у вёсцы ідзе разгул, расстрэлы, забойствы, рабаванне, — сведчыў партызан. — У в. Буда, Курэйша і іншых расстралялі першых сустрэчных. У Будзе — брата партызана Шарыца з яго сям’ёй. У в. Нярэйша забралі ўсіх кароў і сагналі ў земскую гаспадарку Янава.

Жыхары вёскі разбегліся. Немцы ўсё больш і больш раз’юшваюцца. У дзеянне ўвялі 6-ствольны мінамёт. Відаць, партызаны іх дапякалі. ...стралялі з 6-стволкі тэрмічнымі мінамі па в. Пасад. Вёску запалілі. Невядома, чым дасаліла ім гэтая вёска. Партызанскага ў ёй нічога няма. Вось палае пажар на нашых вачах. З узлеску мы бачылі карціну вельмі добра».

Згодна з данясеннем 286-й ахоўнай дывізіі аб выніках аперацыі, страты ворага склалі 796 загінулых. Ацаніць поўнасцю страты партызан па дакументах атрадаў і брыгад не ўяўляецца магчымым. Рассеяныя пры прарывах дробныя групы і адзіночкі замест таго, каб выходзіць з раёна аперацыі, асядалі ў вёсках. Улічыць іх страты не бралася нават аператыўная група пры 4-й Ударнай Арміі. Да таго ж многія атрады падпарадкоўваліся НКУС, НКДБ, разведупраўленню генеральнага штаба Чырвонай Арміі і не былі абавязаны даваць справаздачу.


Што датычыцца страт мірных жыхароў, то захоўваюцца толькі ўрывачныя даныя. У нямецкіх дакументах яны часткова ўключаны ў страты партызан. Устаноўлены назвы сямі спаленых вёсак: Бортнікі, Драгілі, Маркава, Марозаўка, Ольша, Пасад, Рындава. Паводле складзенага 22 жніўня 1942 г. партызанамі акта аб спаленні нямецкімі акупантамі вёскі Марозаўка Багушэўскага раёна, знішчана 27 яе жыхароў. Вялікая колькасць грамадзянскага насельніцтва, якое пайшло з партызанамі або вырашыла схавацца ў лясах, загінула і пацярпела ад нямецкага артабстрэлу.

Вераніка КАНЮТА, Вячаслаў СЕЛЯМЕНЕЎ, 
кандыдат гістарычных навук
Фота з адкрытых крыніц

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю