Top.Mail.Ru

«У жыцці я дзяўчына, а на рынгу — тайскі баксёр»

«У 2024 годзе я не стала чэмпіёнкай свету — заваявала бронзавы медаль. І вельмі гэтым засмучаная. Для мяне ў прынцыпе ўсё, што не „золата“ — тое дрэнна. „Серабро“ і „бронза“ для мяне — паражэнне», — сцвярджае 15-гадовая Кацярына Сахарава. З першага погляду можа здацца, што гэта звычайны падлеткавы максімалізм. Але толькі калі не ведаць, што Кацярына — двухразовая пераможца першынства свету, сярэбраны прызёр чэмпіянату Еўропы, пераможца першынства Беларусі, чэмпіёнка Кубка Залатога льва... па тайскім боксе. Здаровы спартыўны максімалізм, патрабавальнасць да сябе, упарты характар разам з надзейнай камандай дапамаглі ёй, нягледзячы на юны ўзрост, стаць паспяховай спартсменкай на рынгу і моцнай асобай па-за ім. Як такое магчыма ўсяго ў 15 гадоў, Кацярына Сахарава расказала «Чырвонцы. Чырвонай змене».


Эмоцыі ад перамогі вартыя ўсіх цяжкасцяў

Свой спартыўны шлях дзяўчына пачынала ў родным Жлобіне з біятлона. Але ў паўднёвым горадзе сур’ёзна гэты спорт не развіваецца. Спаборніцтваў па біятлоне не было, і дзяўчына засумавала: навошта трэніравацца, калі няма магчымасці спаборнічаць? На дапамогу прыйшоў тата, які адвёў дачку ў секцыю па тайскім боксе. «Тата не проста прывёў мяне ў секцыю. Першы год ён сам мяне трэніраваў, глядзеў відэа, вывучаў інфармацыю ў інтэрнэце. І так самастойна мы дайшлі да першага залатога медаля чэмпіянату свету. Гэтая ўзнагарода — цалкам заслуга таты. Ён верыў, што ў мяне ўсё атрымаецца, быў перакананы, што гэта мой від спорту, больш, чым нехта іншы, магчыма, нават больш, чым я сама. Адчуўшы смак перамогі, перажыўшы эмоцыі ад спаборніцтваў, я і сама „закахалася“ ў гэты спорт і больш пакідаць рынг не хацела. Мама наш з татам энтузіязм не падтрымала і спачатку была катэгарычна супраць тайскага бокса. Але ж яна ведае мой характар і разумее, што калі мне нешта падабаецца, то слухаць я нікога не буду. Таму яна ўсё прыняла і падтрымлівае мяне. Але баі яна глядзець не можа і пераглядае толькі момант, калі мне руку падымаюць пасля бою. І я ўдзячна ёй і за такую падтрымку», — расказвае Кацярына.

Нават з правільным падыходам, поўнай увагай і максімальнай канцэнтрацыяй пазбегнуць траўмаў у тайскім боксе немагчыма. Гэта спорт. А ў любым спорце трэба быць гатовым да болю. Дзяўчыну не палохае нават боль, больш за тое, яна навучылася яго перамагаць. «У мінулым годзе за два тыдні да чэмпіянату свету я моцна парвала скуру паміж пальцамі — наклалі два швы. Знялі іх толькі за дзень да выступлення. Але ў паядынку супраць моцнай дзяўчыны з Германіі я перамагла яе накаўтам. У выніку той чэмпіянат свету выйграла. Магла б зняцца са спаборніцтваў з-за траўмы? Канешне. Мы нават з трэнерам разважалі над гэтым. Але, узважыўшы ўсё, вырашылі, што я не для таго праходжу такі шлях, каб апускаць рукі пры кожнай непрыемнасці. Ды і чаго баяцца болю?! Калі ты на рынгу, адрэналін зашкальвае настолькі, што нічога не адчуваеш. У галаве сядзіць толькі думка аб перамозе. Пасля бою можа балець, але калі на шыі залаты медаль, то зноў жа не да болю. Ды і мне неяк шанцуе, з сінякамі хаджу нячаста. Адзін раз са спаборніцтваў з сіняком на твары вярнулася і нядаўна на трэніроўцы „прыляцела“. Канешне, як дзяўчыне мне вельмі не падабаецца з сінякамі хадзіць, але гэта не самае страшнае», — разважае гераіня.

Яе спартыўны шлях звязаны з Рэспубліканскім вучылішчам алімпійскага рэзерву. Дзеля спартыўнай кар’еры Кацярыне прыйшлося адной, без сям’і пераехаць са Жлобіна ў Мінск. Прызнаецца: першы год было складана прывыкнуць да такіх перамен. У Жлобіне побач блізкія людзі, пастаянная падтрымка. А ў сталіцы адразу прыйшлося стаць самастойнай, жыць у інтэрнаце, заводзіць новых сяброў. Але ў вучылішчы створаны ўсе ўмовы, каб юныя спартсмены адчувалі сябе як дома за сотні кіламетраў ад сям’і і пры гэтым маглі паўнавартасна развівацца. «Першы год быў вельмі складаным, адной нават страшна было на трэніроўкі ездзіць, вялікі горад крыху палохаў. Але я прывыкла, у мяне з’явіліся цудоўныя настаўнікі, якія дапамагаюць сумяшчаць спорт і вучобу. Ёсць сябры, якія падтрымліваюць, радуюцца за мае поспехі. У Жлобіне засталася мая родная сям’я, а ў Мінску, у вучылішчы, я набыла спартыўную сям’ю», — дзеліцца Кацярына.

На рынгу не да хвалявання, там трэба паказваць навыкі

Аб сіле дзяўчыны можа шмат сказаць яе штодзённы графік. Ранкам пасля сняданку — першая трэніроўка, затым вучоба. Пасля — другая трэніроўка. Увечары — падрыхтоўка дамашняга задання, у вучылішчы алімпійскага рэзерву вучобе ўдзяляюць не менш увагі, чым спартыўнай падрыхтоўцы. І толькі позна вечарам ёсць гадзіна-другая вольнага часу. І так амаль кожны дзень. «Разумею, якім жудасным можа падасца мой графік», — жартуе Кацярына. І дадае сур’ёзна: «Гэта насамрэч няпроста. Але эмоцыі ад перамогі вартыя ўсіх напружаных дзён, адсутнасці вольнага часу і намаганняў. Я разумею, дзеля чаго ўсё гэта раблю. Трэнер часта паўтарае, што трэба пацярпець. І я цярплю».

Трэніруе спартсменку Віталь Цішураў — галоўны трэнер нацыянальнай зборнай па ўсходніх відах адзінаборстваў. Кацярына адзначае, што для яе ён як другі тата: «У Мінску я адна. І калі мне патрэбна дапамога па розных пытаннях, заўсёды магу звярнуцца да трэнера. Не буду сціплай, з трэнерам мне пашанцавала, і я яму шмат за што ўдзячная». Удзячная яна і сваім аматарам. «Ёсць людзі, якія сочаць за маёй кар’ерай з самага пачатку. Прысылаюць мне падарункі, нават з іншых краін. Некаторых я магу назваць нават больш чым фанатамі, гэта мае сябры. Вялікае шчасце — мець такіх людзей. Думаю, што кожны спартсмен пагодзіцца з тым, што падтрымка трыбун, веданне, што за цябе балеюць, дадае ўпэўненасці і сіл на выступленні», — расказвае Кацярына.

Дарэчы, перад выхадам на рынг яна не хвалюецца. «Ведаю, што некаторых спартсменаў перад боем трасе. Я ж захоўваю спакой. Хаця трэнер кажа, што думаць аб паядынку трэба за гадзіну, трэба крыху пахвалявацца. У мяне ж мандраж з’яўляецца непасрэдна перад выхадам на рынг, але не надта моцны. А калі выходжу на бой, і ўвогуле знікае. На рынгу не да хвалявання, там трэба проста паказваць свае навыкі», — тлумачыць такая кволая знешне і настолькі моцная ўнутры дзяўчына.

партыўная мара Кацярыны — выступіць і пажадана перамагчы на Алімпійскіх гульнях — не поўнасцю залежыць ад яе: тайскі бокс пакуль не прызнаны алімпійскім відам спорту. Тут застаецца спадзявацца на функцыянераў. Але дасягненне галоўнай мэты — стаць чэмпіёнкай свету ва ўсіх узроставых катэгорыях — поўнасцю ў яе руках. І Кацярына цудоўна тое разумее. «Трэнер пастаянна кажа, што трэба працаваць, цярпець, у нечым нават пакутаваць — усё гэта дасць вынік у будучыні. Я ўжо не раз пераконвалася, што адказная праца прыводзіць да выніку. Таму разумею, што цяпер такі час, калі апускаць рукі і расслабляцца нельга. І працую кожны дзень, адказна і ўпарта», — дзеліцца чэмпіёнка.

Тайскі бокс — гэта мастацтва

На рынгу Кацярына Сахарава — чэмпіёнка, баец, мэтанакіраваная асоба. Такой яе прывыклі бачыць. А яшчэ гэта сучасная 15-гадовая дзяўчына са сваімі не толькі спартыўнымі марамі і турботамі, школьнымі заняткамі і творчымі захапленнямі. «У жыцці я дзяўчына. А на трэніроўцы і на спаборніцтвах я тайскі баксёр. Пакуль, на шчасце, не бывала выпадкаў, калі б прыйшлося прымяняць навыкі тайскага бокса. Ды нам і нельга іх прымяняць па-за рынгам. Але я па характары не трусіха. Магу і за сябе пастаяць, і за іншых», — адзначае спартсменка.

У вольны час яна любіць маляваць і плесці з бісеру. Аднак спорт не адпускае — Кацярына любіць і ў футбол пагуляць, некалькі разоў нават абыгрывала сябровак па вучылішчы, якія займаюцца футболам. Яшчэ актыўна ўдзельнічае ў дабрачынных мерапрыемствах, дапамагае аднакласнікам з урокамі, не забывае пра сваю вучобу. І марыць зняцца ў кіно. «Я хацела б нешта рэкламаваць, напрыклад, спартыўнае адзенне. Але найбольш мару зняцца ў кіно. Гэта абсалютна новы досвед, унікальны выхад з зоны камфорту. І калі фільм будзе добрым, яго змогуць глядзець не адзін дзясятак гадоў. Мяне гэта вельмі натхняе», — дзеліцца яна.

Творчыя памкненні ў дзяўчыны не выпадковыя. Як сапраўдны прафесіянал яна глядзіць на тайскі бокс глыбей. Прызнае, што не раз чула аб тым, што займаецца «мардабоем», бессэнсоўнай справай. Але на гэта Кацярына толькі ўсміхаецца, не звяртае ўвагі і тлумачыць: «Тайскі бокс — мастацтва. Гэта як балет, дзе кожны рух дакладны і вывераны. Гэта вельмі прыгожы від спорту. І той, хто яго разумее, гэтую прыгажосць убачыць».

Фота з асабістага архіва гераіні

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю