Top.Mail.Ru
80

Алеся Лаверава, «Жанчына года — 2025» у намінацыі «Мацярынская слава»: Мацярынства — гэта навука

Адшукаць формулу кахання

У «Жанчыны года — 2025» у намінацыі «Мацярынская слава» Алесі Лаверавай з горада Дуброўна Віцебскай вобласці — яркі знешні выгляд і вочы шчаслівай жанчыны, якія немагчыма не заўважыць. Сама яна лічыць, што ў свае 39 гадоў ёй ёсць чым ганарыцца: у яе 12 дзяцей, ордэн Маці, вялікі дом. А яшчэ і цудоўныя вершы піша.

Аб’ядналі вершы

Спалучэнне беларускага імя Алеся, узбекскага імя па бацьку Раўшанаўна і рускага прозвішча Лаверава інтрыгуе ўжо пры першым знаёмстве з гэтай жанчынай. Яе гісторыю і праўда нельга назваць банальнай.

Нарадзілася ў змешанай беларуска-ўзбекскай сям’і. У Раўшана Умідовіча і Галіны Уладзіміраўны Батыравых было трое дзяцей. Колькі Алеся сябе памятае, браціка і сястрычкі ёй здавалася яўна недастаткова для адчування шчасця. Ці варта дзівіцца, што пры такіх поглядах у 28 гадоў у яе самой было ўжо пяцёра дзетак? Але калі старэйшаму Валеру споўнілася шэсць гадоў, а малодшаму Саіду — усяго год, памёр муж. Застаўшыся адна, маладая жанчына перажыла сапраўдны адчай.

— Душа была як выпаленае поле, — прызнаецца Алеся Раўшанаўна. — Я разумела: на мне адказнасць за пяцярых дзяцей, трэба неяк выжываць. Планавала хутчэй выходзіць на працу. Ні аб якіх новых адносінах тады, зразумела, не магла нават думаць.

Заўсёды неабыякавая да паэтычнага слова, у гэтыя цяжкія для сябе дні яна знаходзіла выратаванне ў паэзіі. Неяк у сацсетках прачытала верш Міхаіла Лаверава, якога раней не ведала. Верш спадабаўся. Зайшла на старонку аўтара, напісала колькі добрых слоў. Міхаіл падзякаваў, пацікавіўся яе творчасцю. Так паміж маладой жанчынай з Беларусі і 62-гадовым мужчынам з Ямала-Ненецкай аўтаномнай акругі завязалася перапіска. А ўжо праз некалькі месяцаў Міхаіл Іванавіч пераадолеў 4 тысячы кіламетраў, каб пазнаёміцца са шматдзетнай мамай і прыхільніцай яго творчасці.

— Я хутка адчула, што мы з Міхаілам — вельмі блізкія духоўна людзі, — кажа Алеся Раўшанаўна. — Доўгія гады ў мяне была зацягнутая творчая паўза, а пасля з’яўлення яго ў маім жыцці я быццам прачнулася, у мяне адкрылася другое дыханне.

— Вядома, я сумняваўся ў тым, ці можа ў нас нешта сур’ёзнае атрымацца, — прызнаецца Міхаіл Лавераў. — Бянтэжылі і розніца ва ўзросце (мае сыны ад першага шлюбу старэйшыя за Алесю), і пяцёра маленькіх дзяцей. Але замест тыдня я затрымаўся ў Беларусі на месяц, мы лепш пазналі адно аднаго, і я вырашыў: што будзе, тое будзе.

Дзеці Алесі Раўшанаўны хутка сталі зваць Міхаіла Іванавіча татам. А потым у іх сталі нараджацца яшчэ дзеці. Сёння, праз дзесяць з паловай гадоў сумеснага жыцця, абое ўдзячныя лёсу за тое, што сустрэліся.

Для Міхаіла Іванавіча дзеці — вялізны стымул, каб заставацца актыўным, энергічным. Апроч бацькоўскіх клопатаў, безлічы бытавых спраў, ён спявае ў мясцовым хоры, як паэт удзельнічае ў творчых вечарах, конкурсах, фестывалях. У 2022 годзе Лаверавы занялі першае месца па Віцебскай вобласці ў рэспубліканскім конкурсе «Сям’я года» і трэцяе — па краіне. У 2023-м Алеся Раўшанаўна была ўдастоена прэміі Зінаіды Тусналобавай-Марчанка (ганаровай узнагароды Віцебскай вобласці, якая прысуджаецца жанчынам за мацярынскую доблесць, актыўную грамадзянскую пазіцыю, дастойнае выхаванне дзяцей і ўмацаванне сямейных каштоўнасцяў).

Цудоўны тузін

Цяпер сям’я Лаверавых жыве ў Дуброўне ў вялікім доме, пабудаваным дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы. Старэйшы з дзяцей, 18-гадовы Валерый, сёлета заканчвае школу, збіраецца паступаць у Акадэмію МУС. 17-гадовы Аляксей вучыцца ў Аршанскім механіка-эканамічным каледжы. Аксане — 16, Насці — 13, Саіду — 12, Ваню — 11, Сярожу — 10 гадоў. Святлана і Яўген заканчваюць першы клас. Юру — 4 гады, Толю — 2, а малодшанькаму Аляксандру — усяго 11 месяцаў.

Зразумела, жыццё бацькоў круціцца вакол дзяцей: усіх трэба накарміць, апрануць, камусьці дапамагчы падрыхтаваць урокі, з кімсьці пагуляць, кагосьці выслухаць або суцешыць.

Па словах Алесі Лаверавай, іх сыны і дочкі дастаткова працавітыя. Але яны з Міхаілам не жадаюць пазбаўляць іх дзяцінства і развіцця. Ім трэба паспець і ўрокі зрабіць, і дадатковыя заняткі наведаць. Аксана і Света, акрамя школы, вучацца іграць на скрыпцы, Ваня і Сярожа — на баяне. Валерый, Аксана, Насця, Саід, Аляксей наведваюць гурток малявання ў Дубровенскай школе мастацтваў імя Ф. Яруліна. Вольны час у гэтай сям’і таксама стараюцца праводзіць цікава, актыўна, пазнавальна. Па вечарах любяць разам чытаць, глядзець фільмы, іграць у настольныя гульні. У выходныя пры добрым надвор’і разбіваюцца на дзве каманды і ладзяць сямейныя спаборніцтвы.

— Імкнёмся выхаваць у сынах і дочках павагу да старэйшых, добразычлівасць да людзей, — адзначае суразмоўніца. — Яшчэ мы ім увесь час нагадваем пра тое, што браты і сёстры павінны сябраваць, падтрымліваць адзін аднаго. Фізічных пакаранняў не ўжываем. Звычайна абмяжоўваемся тым, што на час пазбаўляем дзяцей гаджэтаў або забараняем мультфільмы. Калі ўзнікаюць праблемы, садзімся і разам абмяркоўваем, як іх вырашаць.

Алеся Раўшанаўна пераканана, што мацярынства — гэта навука: камусьці яна даецца лёгка, ад кагосьці патрабуе намаганняў. Яна сама дзівіцца, якія (пры адных і тых жа бацьках, умовах жыцця, падыходах у выхаванні) яе сыны і дочкі розныя. Яе мацярынскі талент у тым, што кожнае дзіця яна імкнецца зразумець, адчуць, разгледзець яго моцныя і слабыя бакі, даць яму тое, у чым яно канкрэтна больш за ўсё мае патрэбу, для кожнага знайсці добрае слова, прылашчыць, каб ніхто не адчуваў сябе абдзеленым любоўю.

А яшчэ мацярынства — штодзённая, карпатлівая, часта нікому не бачная праца. Але Алеся Лаверава яе любіць, сама выбрала такі лёс і таму ні на што не скардзіцца. І да таго ж у яе ёсць побач любімы муж, які натхняе на вершы. Звычайна яны пішуцца, калі ўсе ў хаце ўжо спяць, калі надыходзіць час цішыні, час шчырасці. Нядаўна ў яе выйшаў першы паэтычны зборнік «Аголеная душа». У творчасці Алесі Лаверавай — гісторыя яе душы: боль і радасць, надзеі і сумневы, расчараванне, каханне і мары. Яна і сёння, маючы 12 дзяцей, працягвае марыць. Аб чым?

— Мару ўбачыць, як дзеці пачнуць ствараць свае сем’і, як у нас з мужам з’явяцца ўнукі, — прызнаецца Алеся Раўшанаўна. — Уяўляю часам, як мы будзем збірацца разам на святы: спяваць, смяяцца, жартаваць. Мне падаецца, што няма большага шчасця, чым вялікая і дружная сям’я.

Вольга ПАКЛОНСКАЯ

Фота з сямейнага архіва Лаверавых

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю