Top.Mail.Ru

У Зэльве пройдзе VI фестываль гістарычнай рэканструкцыі «Легендарныя эпохі»

У суботу, 11 ліпеня, гарадскі пасёлак Зэльва зноў ператворыцца ў маштабную гістарычную пляцоўку. Традыцыйны фестываль «Легендарныя эпохі» разгорнецца ў лакацыі каля старога млына і збярэ ўдзельнікаў, якія адновяць ключавыя вехі чатырох эпох. Гасцей свята чакае вандроўка ў мінулае, інтэрактыўныя забавы і маштабныя відовішчы. Уваход на ўсе мерапрыемствы вольны.



Праграма стартуе апоўдні з урачыстага парада эпох і прэзентацыі гістарычных перыядаў. Першы тэматычны блок будзе прысвечаны Сярэднявеччу і ранняму Новаму часу. З 12.15 гледачы ўбачаць відовішчныя конны і пешы рыцарскія турніры, а таксама спаборніцтвы лучнікаў. Бліжэй да сярэдзіны дня праграму прадоўжаць паказальныя выступленні конных гусар і шатландскай пяхоты. Паралельна на пляцоўцы адкрыюцца паходныя лагеры рэканструктараў, дзе можна будзе пазнаёміцца з побытам мінулых стагоддзяў і пакаштаваць стравы сярэднявечнай кухні на фудкорце.

Другі блок праграмы пачнецца ў 17.00 і будзе прысвечаны падзеям сусветных войнаў XX стагоддзя. Гасцям прадэманструюць тактыку і манеўры Першай сусветнай вайны, а ў 19.00 разгорнуцца тры маштабныя рэканструкцыі, прысвечаныя этапам Вялікай Айчыннай вайны: абарончым баям 1941 года, перыяду акупацыі і вызваленню 1944-га. На працягу дня на фестывалі будуць працаваць інтэрактыўныя выставы зброі, баявой і грузавой тэхнікі Чырвонай Арміі і вермахта. Упершыню ў Зэльве прыме ўдзел Беларускі дзяржаўны музей гісторыі ВАВ з перасоўнай мабільнай экспазіцыяй «Наш абавязак — памятаць». На працягу свята таксама будуць працаваць гандлёвыя рады, рамесныя лаўкі і канцэртныя агітбрыгады.

Пасля ўзнагароджання рэканструктараў, якое пачнецца ў 20.30, гасцей чакае вячэрняя забаўляльная праграма. У 21.00 пачнецца святочны канцэрт, а завершыцца гістарычны фестываль вялікай дыскатэкай пад адкрытым небам, якая працягнецца да гадзіны ночы.

Унікальнасць гэтага маштабнага праекта заключаецца ў яго здольнасці ўзнавіць і аб’яднаць адразу некалькі кантрасных перыядаў гісторыі на адной пляцоўцы ўсяго за адзін дзень. Наведаўшы фестываль, кожны глядач зможа наглядна ўбачыць, як на працягу стагоддзяў развівалася гісторыя і культура. Гэта не проста відовішчнае шоу, а жывы ўрок пад адкрытым небам, які набывае ключавое значэнне ў справе абароны гістарычнай праўды. Праз дэталёвую і дакладную рэканструкцыю побыту, бітваў і трагічных падзей ваенных гадоў фестываль захоўвае святую памяць аб подзвігу продкаў і дапамагае маладому пакаленню ўсвядоміць сапраўдную каштоўнасць суверэнітэту і мірнага неба над нашай краінай.

Вераніка КАЗЛОЎСКАЯ 


arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю