Заключны этап універсітэцкіх алімпіяд праходзіць 21-22 лютага ў 21 рэгіянальнай ВНУ краіны, паведамляе БелТА.
Удзельнічаць у алімпіядах маюць права вучні 11-х класаў. «У заключны этап у нас у гэтым годзе прайшлі больш за 6,5 тыс. чалавек, а гэта амаль на 1 тыс. больш, чым у мінулым годзе, — праінфармаваў начальнік галоўнага ўпраўлення прафесійнай адукацыі Міністэрства адукацыі Сяргей Пішчоў. — Пераможцы ўніверсітэцкіх алімпіяд аднымі з першых будуць рэкамендаваны для залічэння на запатрабаваныя спецыяльнасці ў рэгіянальныя ВНУ краіны».
Сёння, 21 лютага, іспыты праходзяць па матэматыцы, біялогіі, рускай мове і літаратуры, геаграфіі, гісторыі Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі, працоўным навучанні. У нядзелю, 22 лютага, удзельнікі напішуць алімпіяду па фізіцы, хіміі, беларускай мове і літаратуры, англійскай мове, інфарматыцы, выяўленчым мастацтве, фізічнай культуры і здароўі. Сельскагаспадарчыя ВНУ правядуць свае алімпіяды 28 лютага па матэматыцы, біялогіі і хіміі.
З гэтага года ход універсітэцкіх алімпіяд кантралюе Камітэт дзяржкантролю. Створаны рабочыя групы для забеспячэння кантролю непасрэдна ў рэгіянальных установах вышэйшай адукацыі, дзе праводзяцца ўніверсітэцкія алімпіяды. Усяго будзе задзейнічана 65 прадстаўнікоў ведамства.