Нам ёсць чаму павучыцца ў кітайскіх партнёраў
Старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Беларусі Сяргей Шлычкоў расказаў аб дамоўленасці з Міністэрствам навукі і тэхналогій Кітая аб сумесных пілотных праектах, якія будуць прадугледжваць не толькі сумесныя навуковыя даследаванні і распрацоўкі, але і стварэнне на аснове іх вынікаў вытворчых магутнасцяў. «У прынцыпе, тры праекты мы ўжо выбралі. У іх ліку праект „Белшыны“ па буйнагабарытных шынах, а таксама праект па лініі Мінтранса, які датычыцца самых сучасных тэхналогій па стварэнні дарожнай інфраструктуры. Трэці праект — у галіне матэрыялазнаўства», — расказаў ён.
Сяргей Шлычкоў больш падрабязна спыніўся на праекце з «Белшынай». Прадугледжваецца, што пры вытворчасці буйнагабарытных шын павінны выкарыстоўвацца не толькі адпаведныя матэрыялы непасрэдна для самой пакрышкі, але і спецыяльная канструкцыя, бо буйнагабарытныя — значыць, буйнатанажныя. «Каб у поўным аб’ёме забяспечыць патрэбнасці БелАЗа, у тым ліку для машын з самай высокай грузападымальнасцю, такіх кампетэнцый у нас не хапае. Дапаўняючы кампетэнцыі адно аднаго, мы з кітайскімі калегамі займаемся такім сумесным праектам», — растлумачыў Старшыня ДКНТ.
Беларусь і Кітай неаднаразова аб’яўлялі сумесныя конкурсы навукова-тэхнічных праектаў. Сяргей Шлычкоў падкрэсліў, што ў цэнтры ўвагі — самыя запатрабаваныя, перспектыўныя і прыярытэтныя тэматыкі. «Гэта ўсё, што адносіцца да „лічбы“: штучны інтэлект, машынны зрок, рабатызацыя. Прычым гэтыя ж тэхналогіі прымяняюцца і ў іншых галінах. Напрыклад, у трэндзе лічбавізацыі машынабудавання. Вельмі шмат цікавых праектаў у галіне аховы здароўя. Пры гэтым вынікі падобных навуковых даследаванняў, як правіла, у форме методык, часам абсталявання, укараняюцца і ў нас, і ў Кітаі», — адзначыў ён.
Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Беларусі ў КНР Аляксандр Чарвякоў у эфіры тэлеканала СТБ падкрэсліў, што Кітай абраў стратэгію развіцця і прадукцыйных сіл новай якасці, заснаваных на інавацыях, на лічбавых платформах. «Грунтуючыся на кітайскіх тэхналогіях, мы тым самым пераносім гэтыя інавацыйныя падыходы ў сваю эканоміку. Кітайскі бок усяляк падтрымлівае нашы ініцыятывы, і мы бачым іх адкрытасць і ў доступе, і ў пошуку новых кірункаў», — падкрэсліў пасол.
І гэта не проста прыгожыя словы, а факты, пацверджаныя практыкай. Кіраўнік адміністрацыі Кітайска-беларускага індустрыяльнага парка «Вялікі камень» Аляксандр Ярашэнка ў эфіры «Першага інфармацыйнага» адзначыў, што мала хто ўмее весці бізнес так, як кітайскія партнёры, і ў гэтым плане беларусам ёсць чаму павучыцца. «Гаворка ідзе аб выбудоўванні правільнай мадэлі камерцыйнага поспеху, выбудоўванні, зноў жа, тэхналогій, у якіх Кітай цяпер атрымаў поспех», — расказаў ён. Па словах Аляксандра Ярашэнкі, той факт, што падчас гэтага візіту Прэзідэнта ў Кітай абмяркоўвалася пытанне тэхналагічнага ўзаемадзеяння, для Беларусі вельмі важны. «Так, мы маем свае канкурэнтныя перавагі, развітыя тэхналогіі, але Кітай сышоў далёка наперад. Для таго каб нам не застацца на ўзбочыне развіцця сусветнага працэсу, трэба ісці наперад разам. Менавіта гэтым займаемся ў „Вялікім камені“, — адзначыў ён. — У „Вялікім камені“ кітайскіх інвестараў каля 40 % — гэта 61 праект.
Усяго кітайскімі партнёрамі ў парк укладзена больш чым 300 мільёнаў долараў, а гэта значыць, што яны прывезлі сюды свае тэхналагічныя навінкі, распрацоўкі, абсталяванне, на якім выпускаецца прадукцыя».
У парку сфарміравалася некалькі кластараў. Кітайскія партнёры вельмі актыўныя ў галіне навукова-даследчых і доследна-канструктарскіх работ, плённа развіваецца медыцынскі кластар. Аляксандр Ярашэнка падкрэсліў, што парк працуе над прыцягненнем як інавацыйнай, так і традыцыйнай кітайскай медыцыны. «Мы хацелі б развіваць і паслугі кітайскай медыцыны, робім для гэтага заканадаўчыя ініцыятывы, каб тут кітайскі медык адчуваў сябе не горш, чым у Кітаі», — заўважыў ён.
Сур’ёзная заяўка на захаванне прамысловасці
Палітолаг Юрый Шаўцоў у эфіры ток-шоу «Будні» на «Альфа-Радыё» зрабіў акцэнт на тым, што сёння ў свеце адбываецца велізарная тэхналагічная рэвалюцыя, звязаная са штучным інтэлектам і не толькі. «І тыя, хто не ўпішацца ў гэту рэвалюцыю, надоўга адстануць. А Кітай сёння — другі полюс на планеце ў гэтым працэсе. Акрамя таго, Кітай перад сабой паставіў задачу да канца 2020-х гадоў стаць сусветным лідарам у галіне штучнага інтэлекту. І яны цвёрда да гэтага ідуць. Яны ідуць да яшчэ адной мэты — стаць першай па аб’ёме эканомікай планеты», — адзначыў ён. У сувязі з гэтым, па словах эксперта, размова аб мадэрнізацыі як мінімум часткі нашай прамысловасці ў кантэксце кітайскіх планаў — вельмі сур’ёзная заяўка на захаванне Беларуссю прамысловасці ва ўмовах, калі адбываецца тэхналагічны пераварот. «Мы прывязваемся да другога на сёння тэхналагічнага полюса планеты, які мае ўсе шанцы стаць першым. У аснове нашай эканомікі — прамысловасць, і ўсё, што звязана з ёй, прынцыпова важна для Беларусі, — падкрэсліў Юрый Шаўцоў. — Нас жа санкцыямі і ўсімі астатнімі захадамі моцна пасунулі з заходніх рынкаў. І наўрад ці гэта скончыцца ў хуткім часе. Таму трэба чапляцца за тое, за што можна зачапіцца. І ўвага Кітая да такой аддаленай для іх, кампактнай краіны па пытанні захавання прамысловасці, вядома, стварае перадумовы, падставы для вялікіх праектаў».
Юрый Шаўцоў заўважыў, што Кітай зрабіў высновы з гісторыі Савецкага Саюза, у тым ліку з распаду СССР. Яны лічаць небяспечным прамое жорсткае біпалярнае ўладкаванне свету, то-бок ідэалагічнае супрацьстаянне паміж камуністычнай дзяржавай і Захадам. «Таму Кітай з усіх сіл імкнецца не ператварыцца ў другі полюс планеты. Але яго вымушаюць ім стаць. Іх выштурхоўваюць з Захаду прыкладна так, як Расію і Беларусь. І гэта культура выштурхоўвання, натуральна, выклікае ў Кітаі супраціўленне.
І яны вымушаны выбудоўваць усё больш насцярожаную палітыку ў дачыненні да Захаду. Паступова яны дайшлі да неабходнасці стварэння сваёй супольнасці дзяржаў вакол Кітая. Самастойнасць Кітая адносна Захаду будзе ўзмацняцца. І ў рамках гэтай тэндэнцыі яны будуць вымушаны ствараць вакол сябе ўсё больш магутныя супольнасці краін», — дадаў госць праграмы.
Адзначаецца актыўная дынаміка паставак
Беларуска-кітайскія адносіны развіваюцца ў глабальным сэнсе, на ўзроўні лідараў. Але і рэгіянальнае супрацоўніцтва, на вялікае значэнне якога часта звяртае ўвагу Аляксандр Лукашэнка, таксама наладжана належным чынам. На гэтым акцэнтавала ўвагу Ала Смаляк, член Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы. «Нягледзячы на тое, што нашы краіны раздзяляюць тысячы кіламетраў, мы на многія пытанні ўнутранай і знешняй палітыкі, светабудовы і светапарадку глядзім у адным кірунку, з адной пазіцыі. Нам зразумелыя і блізкія ключавыя каштоўнасці, і жыццёвыя арыенціры адно аднаго. Мы паспяхова рэалізоўваем узаемавыгадныя праекты ў эканамічнай сферы, штогод значна прырастаем па ўзроўні двухбаковага тавараабароту. Паспяхова развіваецца партнёрства і на міжрэгіянальным узроўні. Так, напрыклад, за апошнюю пяцігодку тавараабарот Гомельскай вобласці з Кітаем вырас удвая. Актыўная дынаміка ўзаемных паставак адзначаецца і сёлета. Нямала прыкладаў паспяховага ўзаемадзеяння ёсць у інвестыцыйнай сферы, у гуманітарным, спартыўным, адукацыйным, культурным і многіх іншых кірунках», — расказала яна.
Падрыхтавала Валерыя СЦЯЦКО
Фота з адкрытых крыніц