Дзяржаўная праграма «АПК будучыні» на 2026–2030 гады зацверджана. Прыняты на пяць гадоў план развіцця аграпрамысловага комплексу з’яўляецца той платформай, якая вызначае асноўныя кірункі ўдасканалення сучаснай беларускай сельскай гаспадаркі. Ён накіраваны на прадуктыўнасць, устойлівасць і канкурэнтаздольнасць на ўнутраным і знешніх рынках. У Міністэрстве сельскай гаспадаркі і харчавання адзначылі, што хоць праграма і ставіць перад галіной амбіцыйныя мэты, але ўсе яны дасягальныя.
— Па колькасці падпраграм праграма «АПК будучыні», бадай, самая маштабная, — гаворыць загадчык сектара па ідэалагічнай рабоце Мінсельгасхарча Ксенія Перастароніна. — Іх 10, і яны ахопліваюць практычна ўсе сферы дзейнасці АПК краіны — ад раслінаводства да лічбавізацыі. А канчатковай мэтай з’яўляецца пабудова сістэмы, здольнай стабільна нарошчваць вытворчасць якасных і даступных прадуктаў харчавання, пашыраючы тым самым экспартны патэнцыял.
Дзяржаўнай праграмай прадугледжваюцца тры зводныя мэтавыя паказчыкі: індэкс вытворчасці прамысловай прадукцыі (ІФА па сістэме Мінсельгасхарча) — 115 % за пяцігоддзе, інтэгральны індэкс харчовай бяспекі (не менш за 1 штогод), прадукцыйнасць працы па валавым дабаўленым кошце сельскагаспадарчых арганізацый (130 % у 2030-м да ўзроўню 2025 года).
— Для забеспячэння параметраў уласнай вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі і харчавання ўстаноўлены паказчык харчовай бяспекі, які ўключае ў сябе 10 відаў прадукцыі (збожжа, малако, мяса, цукар, раслінны алей, бульба, агародніна, плады і ягады, яйкі, рыба), што дазволіць падтрымаць забеспячэнне ўнутранага рынку якаснымі прадуктамі харчавання айчыннай вытворчасці, — расказвае спецыяліст Мінсельгасхарча. І дадае:
— Усе гэтыя лічбы — не проста лічбы. Сёння яны становяцца арыенцірам устойлівага развіцця сельскагаспадарчага сектара эканомікі краіны, якое заснавана на тэхналогіях, ведах і эфектыўным кіраванні.
У сельскагаспадарчым ведамстве дзесяць падпраграм вызначылі як дзесяць вектараў росту, якія праходзяць па ўсім ланцужку аграхарчовай сістэмы. Гэта і «Эфектыўнае раслінаводства», і «Інтэнсіўная жывёлагадоўля», «Развіццё аквакультуры і рыбалоўнай гаспадаркі». Гэта «Супрацьпаводкавая абарона сельскагаспадарчых зямель» і «Меліярацыя зямель». Сюды ж уваходзяць «Развіццё перапрацоўчай прамысловасці» і «Пераадоленне наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у АПК». Надаецца ўвага «Малым формам гаспадарання» і «Лічбавізацыі АПК», у тым ліку «Дакладнаму земляробству», тут жа — і «Устойлівае развіццё АПК». Кожная з падпраграм мае канкрэтныя мэты, прыярытэты, для кожнай вызначаны важныя акцэнты.
— Падпраграма «Эфектыўнае раслінаводства» накіравана на павышэнне ўрадлівасці глеб, развіццё насенняводства, імпартазамяшчэнне ў пладова-ягаднай галіне, — кажа загадчыца сектара. — Але асаблівая ўвага надаецца стварэнню трывалай кармавой базы для развіцця жывёлагадоўлі. «Іінтэнсіўная жывёлагадоўля» ставіць мэтай павелічэнне аб’ёмаў вытворчасці, тэхналагічнасць і рэнтабельнасць, а акцэнт у ёй зроблены на прадуктыўнасць, здароўе жывёл і якасць прадукцыі. Цікавасць уяўляе падпраграма «Развіццё аквакультуры і рыбалоўнай гаспадаркі», якая накіравана не толькі на забеспячэнне ўнутранага рынку свежай рыбай і зніжэнне залежнасці ад імпарту, але і на стварэнне новых працоўных месцаў у рэгіёнах.
У перапрацоўчай прамысловасці будуць стымуляваць глыбокую перапрацоўку: ад малака і мяса да збожжа і бульбы. Гэта дасць магчымасць павысіць дабаўленую вартасць, а таксама выйсці на новыя экспартныя рынкі з прадукцыяй высокай якасці, лічаць у Мінсельгасхарчы. Асаблівыя меры для пацярпелых рэгіёнаў прадстаўляе падпраграма «Пераадоленне наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у АПК».
— Што ўваходзіць у гэтыя меры? — Падтрымка сельгасвытворчасці, ахоўныя тэхналогіі і сацыяльна арыентаванае развіццё сельскіх тэрыторый, — тлумачыць Ксенія Перастароніна. — Падпраграма «Малыя формы гаспадарання» прадугледжвае юрыдычную, фінансавую і тэхнічную падтрымку малых вытворцаў. Укараненне дакладнага земляробства, лічбавых платформаў і аўтаматызаваных сістэм кіравання закладзены ў падпраграму «Лічбавізацыя АПК». А падпраграма «Устойлівае развіццё АПК» з’яўляецца стымулам для ўсіх напрамкаў: адукацыі, навукі, інавацый, страхавання ўраджаю, ушанавання перадавікоў, а таксама выдатнай пляцоўкай для развіцця пілотных праектаў з удзелам НАН Беларусі.
— У цэлым праграма «АПК будучыні» лагічна працягвае Дзяржаўную праграму «Аграрны бізнес», яна завяршае пачатыя праекты і выводзіць галіну на новы ўзровень, — рэзюмуе спецыяліст міністэрства. — Мерапрыемствы праграмы будуць рэалізоўвацца праз аблвыканкамы і Мінскі гарвыканкам з улікам рэгіянальных асаблівасцяў. Усе яны забяспечаны фінансаваннем: выкарыстоўваюцца бюджэтныя і ўласныя сродкі, банкаўскія крэдыты. Усе кірункі сінхронна працуюць над умацаваннем унутранага рынку і пашырэннем прысутнасці беларускай прадукцыі за мяжой.
Алена ВІНАГРАДАВА
Фота Віктара ІВАНЧЫКАВА