Top.Mail.Ru

У якасці экскурсантаў у Палацы Незалежнасці — і замежныя госці

У Палацы Незалежнасці 25 лістапада правялі экскурсію для кіраўнікоў дэлегацый дзяржаў — членаў Еўразійскай групы па процідзеянні легалізацыі злачынных даходаў і фінансаванню тэрарызму (далей — ЕАГ) і асоб, якія іх суправаджаюць. 


У перыяд з 24 па 28 лістапада ў Мінску праходзіць 43-і Пленарны тыдзень ЕАГ. Яе членамі з’яўляюцца дзевяць краін — Беларусь, Індыя, Казахстан, Кітай, Кыргызстан, Расія, Таджыкістан, Туркменістан і Узбекістан. Мерапрыемствы ЕАГ — маштабны міжнародны форум, у якім прымаюць удзел не толькі дэлегацыі з дзевяці дзяржаў-членаў, а таксама не менш за 18 дзяржаў (Куба, Іран, Інданезія, ААЭ) і 19 міжнародных арганізацый, якія з’яўляюцца назіральнікамі і запрошанымі. 

Канцэпцыя мерапрыемстваў пленарнага тыдня ЕАГ уключае правядзенне афіцыйных, навучальных, а таксама патрыятычных і культурна-забаўляльных мерапрыемстваў.
Пачалася экскурсія ў рэзідэнцыі Прэзідэнта Беларусі па традыцыі ў Зале ўрачыстых цырымоній. Тут расказвалі гісторыю стварэння палаца. Увагу экскурсантаў звярнулі і на той факт, што ўвесь палац пабудаваны беларускімі спецыялістамі. Падчас экскурсіі гасцей падрабязна пазнаёмілі з гісторыяй і сімволікай беларускай дзяржаўнасці, паказалі залы, дзе прымаюцца найважнейшыя рашэнні, а таксама экспазіцыю з падарункамі ад замежных дэлегацый.

З беларускага боку дэлегацыю прадстаўляў дырэктар Дэпартамента фінансавага маніторынгу Камітэта дзяржкантролю Дзмітрый ЗАХАРАЎ. «Палац Незалежнасці вельмі ўражвае, — падзяліўся думкамі ён. — Мы вельмі ўдзячныя Прэзідэнту, Адміністрацыі Прэзідэнта, кіраўніцтву Камітэта дзяржаўнага кантролю за тое, што дазволілі ўсёй нашай міжнароднай супольнасці, якая ўдзельнічае ў Еўразійскай групе, дакрануцца да энергетыкі нашай краіны, энергетыкі Прэзідэнта, якая сапраўды натхняе на вынік». 


Па словах Дзмітрыя Захарава, мерапрыемствы, якія праходзяць у рамках пленарнага тыдня, вельмі важныя. «Мы хочам, каб наша «антыадмывачная» сістэма не функцыянавала фармальна. Яна павінна даваць вынікі, якія адчуваем не толькі мы як фінансавыя аналітыкі, разведчыкі, але і каб гэта адчувалі нашы грамадзяне, усе людзі, якія з’яўляюцца часткай нашай дзяржавы».

Прадстаўнік Расійскай Федэрацыі Сяргей ЦЕЦЕРУКОЎ адзначыў размах, разнастайнасць рэзідэнцыі Прэзідэнта. Разнастайнасцю, паводле яго слоў, славіцца Беларусь. «Мы сабраліся ў Мінску, каб абмеркаваць найважнейшыя пытанні, якія стаяць на парадку дня нашай арганізацыі. Можна адзначыць, што мы рыхтуемся да новага раўнда ўзаемных ацэнак — гэта свайго роду візітная картка кожнай з нашых краін. Наколькі нацыянальная сістэма гатовая супрацьстаяць выклікам, пагрозам, такім, як фінансаванне тэрарызму, махлярства, карупцыя... Адзін з моцных бакоў беларускай сістэмы — яе міжведамаснае супрацоўніцтва... Нават візіт сюды, у Палац Незалежнасці, арганізаваў для нас Дэпартамент фінансавага маніторынгу Камітэта дзяржкантролю, што сведчыць аб тым, што ведамства карыстаецца павагай у кіраўніцтва».

Прадстаўнік Рэспублікі Куба Фернанда дэ ла Роса падкрэсліў, што Палац Незалежнасці — прэстыжнае месца, тут працуе Прэзідэнт Беларусі. «Беларусь шмат робіць у сферы супрацьстаяння адмыванню грошай, фінансавання тэрарызму», — адзначыў ён. Таксама дэ ла Роса выказаў агульнае імкненне краін — удзельніц пленарнага тыдня у Мінску — каб дзяржавы і грамадзяне былі ў бяспецы ў фінансавым плане. 

Яна ВАЛАСАЧ, фота аўтара.

Чытайце таксама: Члены Беларускай партыі «Белая Русь» сталі чарговымі наведвальнікамі Палаца Незалежнасці

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю