Сіноптыкі спрагназавалі працяг моцных маразоў, якія прыйшлі ў краіну ўслед за снежным цыклонам «Улі». Паводле папярэдніх прагнозаў, упэўненае пахаладанне захаваецца яшчэ як мінімум тыдзень. А ў бліжэйшыя тры дні будуць маразы да мінус 28 °C, паведамілі спецыялісты Рэспубліканскага цэнтра па гідраметэаралогіі, кантролі радыеактыўнага забруджвання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Мінпрыроды.
А прычына працяглых маразоў, на думку экспертаў, у абсалютна чыстым небе над Беларуссю. Таму ў пятніцу ўмовы надвор'я ў нашай краіне працягне вызначаць вобласць павышанага атмасфернага ціску, сфарміраваная ў халоднай паветранай масе. Пераменная воблачнасць. Пераважна без ападкаў. Ноччу і раніцай у асобных раёнах слабы туман. Месцамі па краіне чакаецца шэрань, на асобных участках дарог галалёдзіца. Вецер паўднёва-ўсходні слабы. Тэмпература паветра ўначы паўсюдна мінус 24—17 °С, месцамі паветра астудзіцца да мінус 28—25 °С, але па захадзе Беларусі — мінус 16—10 °С. Днём будзе ад мінус 16 °С па паўднёвым захадзе да мінус 7 °С па паўночным усходзе краіны. Атмасферны ціск будзе расці.
І ў суботу ўмовы надвор'я ў краіне прадоўжыць фарміраваць вобласць павышанага атмасфернага ціску, якая сфарміравана ў халоднай паветранай масе. Пераменная воблачнасць. Пераважна без ападкаў. У асобных раёнах чакаюцца слабы туман і шэрань. На дарогах месцамі захаваецца галалёдзіца. Вецер паўднёва-ўсходні, усходні ўмераны, удзень на захадзе парывісты. Тэмпература паветра ўначы мінус 24—17 °С, месцамі да мінус 28 °С, у заходніх і крайніх паўднёва-ўсходніх раёнах — да мінус 16—14 °С. Днём маразы аслабеюць да мінус 15—8 °С, але месцамі будзе да мінус 17 °С.
У нядзелю надвор'е будзе вызначаць антыцыклон з цэнтрам над нашай краінай. Пераменная воблачнасць. Пераважна без ападкаў. У асобных раёнах краіны чакаюцца слабы туман і шэрань. На дарогах месцамі галалёдзіца. Вецер паўднёва-ўсходні, паўднёвы ад слабога да ўмеранага. Тэмпература паветра ўначы мінус 25—18 °С, месцамі да мінус 28 °С. У заходніх раёнах краіны — мінус 17—16 °С. У дзённы час чакаецца мінус 15—9 °С, а месцамі да мінус 18 °С.
Сяргей КУРКАЧ.