У апошні час развіццё беларуска-башкірскіх літаратурных сувязяў набывае новы ўзровень. Ва Уфе пабывалі беларускія літаратары — першы намеснік старшыні Саюза пісьменнікаў Беларусі Алена Стэльмах, старшыня Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Таццяна Дземідовіч. У Беларусь не аднойчы прыязджаў старшыня Саюза пісьменнікаў Рэспублікі Башкартастан Айгіз Баймухаметаў. А ў 2023 годзе ў Мінску і Мінскай вобласці прайшлі Дні башкірскай літаратуры ў Рэспубліцы Беларусь. Падзея мела шырокі розгалас. Паэты і празаікі Башкартастана правялі вечар башкірскай паэзіі, пабывалі ў розных бібліятэках і музеях Мінска, выступілі перад самымі рознымі аўдыторыямі. Цікавасць да гасцей, іх творчасці была непадробная, самая шчырая.
У Башкартастане пабачыла свет анталогія сучаснай беларускай літаратуры на башкірскай мове. А ў Мінску толькі што выйшла анталогія сучаснай башкірскай паэзіі ў перакладзе на беларускую мову. Аўтарамі творчага праекта з’яўляюцца старшыня Саюза пісьменнікаў Рэспублікі Башкартастан Айгіз Баймухаметаў і старшыня Саюза пісьменнікаў Беларусі Алесь Карлюкевіч. У рэдакцыйную калегію выдання ўвайшлі вядомыя башкірскія літаратары: Танзіля Даўлетбердзіна, Гульназ Кутуева, Ларыса Абдуліна, Зуульфія Хананава і іншыя пісьменнікі. У зборнік «Ляці, мая страла...» увайшлі творы 27 паэтаў. І хаця кніга сабрала вершы нашых сучаснікаў, усё ж анталогію адкрываюць неўміручыя творы класікаў — Салавата Юлаева, Шайхзады Бабіча, Мустая Карыма. Гэтым крокам укладальнікі, рэдакцыйная калегія ініцыятары творчага праекта аддалі даніну павагі першапраходцам башкірскай нацыянальнай паэзіі.
— «Ляці, мая страла...» — толькі пачатак, — дзеліцца сваімі развагамі адзін з укладальнікаў знакавай кнігі, выдадзенай пры падтрымцы Саюза пісьменнікаў Беларусі, старшыня секцыі мастацкага перакладу СПБ паэт і перакладчык Рагнед Малахоўскі. — Зараз мы рыхтуем анталогію сучаснай башкірскай прозы ў перакладзе на беларускую мову. А з паэтычнай анталогіяй, мяркую, правядзём цэлы шэраг мерапрыемстваў у розных навучальных установах краіны, у літаратурных музеях. Веру, што беларуска-башкірская літаратурная дружба будзе і надалей умацоўвацца.