Першая кніга вершаў вядомай беларускай дзіцячай паэтэсы — «Маё пакаленне» — пабачыла свет 90 гадоў назад, у 1935 годзе. Эдзі Агняцвет, чыя творчасць адзначана Міжнародным дыпломам імя Х. К. Андэрсена ( у 1986 годзе — за кнігу вершаў і перакладаў для дзяцей «На двары алімпіяда»), працавала ў літаратуры шмат дзесяцігоддзяў, выдала дзесяткі арыгінальных кніг паэзіі, пераклала вершы паэтаў іншых народаў ( у гісторыі беларуска-французскіх літаратурных сувязяў застанецца падрыхтаваная ёй анталогія французскай паэзіі для дзяцей «Краіна Паэмія»). Ужо пасля смерці паэтэсы (Эдзі Агняцвет пайшла з жыцця ў 2000 годзе) у серыі «Бібліятэка часопіса «Вясёлка» выйшаў яе зборнік «У свеце дабрыні».
Новая кніга выбраных твораў славутай дзіцячай пісьменніцы — «Свята кнігі». Дарэчы, у Эдзі Агняцвет і верш такі ёсць — «Свята кнігі». Твор прысвечаны Тыдню дзіцячай кнігі, які традыцыйна прымеркаваны да Міжнароднага дня дзіцячай кнігі і адзначаецца штогод 2 красавіка. «Колькі фарбаў захавана/ У чорных літарах чароўных?/ Колькі ёсць вышынь нязнаных/ У радках — сцяжынках роўных?/ Пройдзе тыдзень наш вясновы,/ Будзеш ты расці і з часам/ Разгадаеш сілу слова/ З роднай кнігаю сам-насам./ І таксама будуць святы/ У кутку зацішнай хаты:/ І прыгоды Дон-Кіхота,/ І касмічныя палёты!»...
Кнігу Эдзі Агняцвет, складзеную з наступных раздзелаў — «Асілкі», «Майстэрня», «Зямля з блакітнымі вачамі», «Чаму ў трывозе Дзед Мароз?», «Доктар Смех», праявіўшы добрае веданне творчасці выдатнай паэтэсы, сапраўднага сябра дзяцей, сабрала Наталля Крыцкая. Малюнкі да «звяздоўскага» выдання выканала кніжны графік Ганна Архіпава. Тыраж «Свята кнігі» — 2000 экзэмпляраў. Прыемна, што кніга пабачыла свет у пярэдадзень Тыдня дзіцячай кнігі. Падзею, несумненна, заўважаць і бібліятэкары краіны, першыя арганізатары ў справе прапаганды лепшых здабыткаў беларускай дзіцячай літаратуры.