На пасяджэнні Прэзідыума Вярхоўнага Суда Рэспублікі Беларусь разгледжаны вынікі дзейнасці сістэмы судоў агульнай юрысдыкцыі за папярэдні год, а таксама вызначаны задачы па далейшай эфектыўнай абароне правоў, свабод і законных інтарэсаў грамадзян, арганізацый і дзяржавы праз ажыццяўленне справядлівага правасуддзя, паведамілі ў прэс-службе ведамства.
Як адзначыў Старшыня Вярхоўнага Суда Андрэй ШВЕД, мінулы год выдаўся вельмі няпростым, перш за ўсё, з прычыны маштабных сістэмных і кадравых пераўтварэнняў, а таксама падрыхтоўкі да прымянення новага Кодэкса грамадзянскага судаводства Рэспублікі Беларусь.
— Наша сістэма ў цэлым справілася з задачай, якая перад ёй стаіць, — адзначыў Старшыня Вярхоўнага Суда. — Аднак некаторыя пазітыўныя тэндэнцыі, якія праявіліся ў рабоце судоў за апошнія пяць гадоў, не атрымалі свайго далейшага развіцця. Больш за тое, у шэрагу рэгіёнаў краіны сітуацыя з якасцю і эфектыўнасцю правасуддзя, яго арганізацыяй аб’ектыўна пагоршылася.
Сярод прычын выяўленых недахопаў — адсутнасць сістэмнага падыходу пры іх аналізе. Сваю ролю адыграў суб’ектыўны фактар, а таксама недастатковы ўзровень працоўнай і выканальніцкай дысцыпліны з боку судзейскага корпуса і супрацоўнікаў апарату. У той жа час Андрэй Швед асабліва падкрэсліў, што судовая сістэма мае значны кадравы і інтэлектуальны патэнцыял, пэўныя арганізацыйныя рэзервы. Іх можна і трэба выкарыстоўваць для пераадолення негатыўных тэндэнцый. Адзначыў ён і якасці, якімі павінны валодаць супрацоўнікі судовай сістэмы.
— У аснове будучай працы павінна ляжаць поўнае разуменне любым супрацоўнікам судоў агульнай юрысдыкцыі, што ён абавязаны быць узорам прыстойнасці, сумленнасці, высокай культуры, прафесіяналізму, чалавечнасці, справядлівасці і сапраўднага патрыятызму, — падкрэсліў Андрэй Швед. — Ад дакладнай і зладжанай работы судоў, ад іх здольнасці па законе і справядліва, у разумныя тэрміны вырашаць спрэчкі і канфлікты, якія ўзнікаюць у грамадстве, у многім залежыць крэдыт даверу беларускага народа да ўлады ў цэлым.
Падводзячы вынікі абмеркавання, Андрэй Швед вылучыў шэраг ключавых задач па ўдасканаленні дзейнасці судоў агульнай юрысдыкцыі:
— Суды прадоўжаць выконваць свае важныя функцыі па абароне канстытуцыйнага ладу, умацаванні законнасці і правапарадку, ды і ў цэлым, беларускай дзяржаўнасці. Наша дзейнасць павінна быць падпарадкавана вырашэнню агульнадзяржаўных задач. На чале ўсяго павінен стаяць чалавек, які звярнуўся па судовую абарону, яго правы, законныя інтарэсы, гонар і годнасць. Разам з тым не варта забывацца пра інтарэсы дзяржавы, у тым ліку ў эканамічнай сферы. Выкарыстоўваючы судовую практыку, трэба наладзіць сістэмны аналіз праблем у сферы эканомікі і іншых інстытутаў кіравання. Аператыўна, аб’ектыўна ўносіць прапановы па выпраўленні сітуацыі, у тым ліку па ўдасканаленні прававога рэгулявання. Прымаць меры да таго, каб Кодэкс грамадзянскага судаводства, які ўступіў у дзеянне, быў рабочым інструментам і не ствараў перашкод для ажыццяўлення правасуддзя.
Каб дабіцца такога выніку, Андрэй Швед запатрабаваў няўхільнага захавання выканальніцкай дысцыпліны ад кіраўнікоў і работнікаў усіх узроўняў:
— Галоўным крытэрыем ацэнкі кожнага кіраўніка павінны стаць пэўныя пазітыўныя вынікі яго працы. Мы павінны забяспечыць высокі ўзровень якасці правасуддзя ва ўсіх судовых інстанцыях. Настаў час канкрэтных спраў.
Сяргей РУЧАНАЎ