Top.Mail.Ru

У Віцебску прэзентавалі новае краязнаўчае выданне

Аркадзя Падліпскага добра ведаюць на Віцебшчыне і ў нашай краіне як аднаго з вядучых краязнаўцаў Беларусі. Творчасці, новым кніжным праектам Аркадзя Міхайлавіча і была прысвечана чарговая імпрэза ў Віцебскай абласной бібліятэцы імя У. І. Леніна ў рамках праекта «Краязнаўчыя сустрэчы».


Нагадаем, што Аркадзь Падліпскі працаваў журналістам у віцебскай абласной газеце «Народнае слова», быў рэдактарам «Шагалаўскага міжнароднага штогодніка», кансультантам — адказным сакратаром Віцебскага абласнога, гарадскога і раённага аддзяленняў Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры. Аўтар болей за 50 кніг, звыш 1000 артыкулаў, прысвечаных гісторыі і культуры Віцебска другой паловы XIX — пачатку XX стст., дзейнасці асоб, звязаных з Віцебскам.

На сустрэчы ў бібліятэцы была прэзентавана чарговая даследчыцкая праца Аркадзя Падліпскага — першая частка кнігі «Улицы Витебска». Выданне працягвае работу, распачатую краязнаўцам у папярэдніх кнігах, што займелі шырокі розгалас: «Доски, берегущие память» — пра мемарыяльныя дошкі Віцебска; «В граните и бронзе» — пра помнікі і памятныя месцы; ужо каля дзесяці гадоў выходзіць і шчодрая на фактаграфічны матэрыял, новыя архіўныя знаходкі кніжная серыя «Биография витебского дома».

Кожная з сустрэч з дасведчаным краязнаўчым пісьменнікам, публіцыстам Аркадзем Падліпскім прыцягвае ўвагу не толькі чытачоў абласной бібліятэкі, але і ўвогуле цікаўных да гісторыі жыхароў горада.

Мікола БЕРЛЕЖ

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю