Top.Mail.Ru

У Віцебску прэзентавалі 400-метровую беларускую дывановую дарожку

У Віцебску на алеі ўздоўж вуліцы Кірава прэзентавалі рэкордную па даўжыні 400-метровую дывановую дарожку, якую вырабіла да юбілейнага «Славянскага базару» ААТ «Віцебскія дываны», перадае БелТА.



Прэзентацыя прайшла на адкрыцці 27-га Міжнароднага кірмашу «Славянскі калейдаскоп», які сёлета сабраў больш за 100 удзельнікаў з Беларусі, Расіі, Індыі. «Славянскі калейдаскоп» — гэта не проста падзея, гэта месца захавання традыцый, раскрыцця таленту і новых уражанняў. Асабліва прыемна, што ўжо дзясяты год кірмаш праходзіць на алеі на вуліцы Кірава», — сказала генеральны дырэктар Віцебскага аддзялення Беларускай гандлёва-прамысловай палаты Наталля Вараб’ёва. 

Дывановая дарожка заслала ўсю алею ўздоўж кірмашу. Тут жа адбыліся замер вырабу і фіксацыя выніку работы найбуйнейшага вытворцы і экспарцёра ў нашай краіне — ААТ «Віцебскія дываны».

Як паведаміў дырэктар прадпрыемства Арцём Лаханкін, гэта сумесны праект з Віцебскім аддзяленнем БелГПП. «Калі фарміравалася экспазіцыя кірмашу, гандлёва-прамысловая палата звярнулася з просьбай стварыць тут утульнасць і дывановую дарожку, якая будзе адлюстроўваць сімволіку гандлёва-прамысловай палаты і „Славянскага базару“. З гэтага і пачалася рэалізацыя праекта. Мы палічылі, што працягласць алеі 397 метраў. Стала цікава, ці зможам мы зрабіць суцэльным пускам дарожку на 400 метраў. Максімальна тое, што мы рабілі, — стандартныя дарожкі для кліентаў 25 метраў. А тут 400, гэта як 16 рулонаў стандартнай. Я хачу аддаць належнае нашым спецыялістам, якія працавалі як над распрацоўкай дызайнерскага рашэння, так і над рэалізацыяй праекта», — сказаў Арцём Лаханкін. 

Спачатку дарожка прашывалася, потым наносіўся друкаваны малюнак. Затым на левы бок прыклейваўся лямец, ствараўся каркас. «Адкрыю маленькі сакрэт: гатовае палатно складвалася непасрэдна ў машыну, таму што вага рулона амаль 300 кілаграмаў», — расказаў Арцём Лаханкін. 

«Дзякуй Віцебскаму аддзяленню БелГПП, „Віцебскім дыванам“ і, вядома ж, дырэкцыі фестывалю за тое, што першы афіцыйна зарэгістраваны рэкорд „Славянскага базару“ ў 2026 годзе адбыўся. І хачу пажадаць, каб гэтых рэкордаў на працягу фестывалю было яшчэ мноства», — дадаў намеснік старшыні Віцебскага гарвыканкама Віктар Глушын. 

На адкрыцці свае калекцыі прадэманстраваў узорны тэатр моды «Касцюмер», тут выступілі артысты народнага маладзёжнага тэатра «Кола».

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю