Віртуальную вандроўку з... Шагалам правялі ў Віцебску
Мастацтвазнаўцу, гісторыка і краязнаўцу Людмілу Хмяльніцкую добра ведаюць на Віцебшчыне, ды і за яе межамі таксама. Яна вельмі шмат зрабіла ў справе пошуку новых, невядомых раней дакументальных звестак пра славутых віцяблян, у першую чаргу — пра знакамітага Марка Шагала, чыё 140-годдзе з дня нараджэння Беларусь будзе адзначаць у ліпені 2027 года. Новая праца аўтарытэтнага даследчыка — «Синие небеса детства: витебские годы Марка и Беллы Шагал».
Прэзентацыя кніжнай навінкі прайшла ў Віцебскай абласной бібліятэцы імя У. І. Леніна. Гасцямі імпрэзы, прысвечанай сусветна вядомаму мастаку, сталі краязнаўцы, студэнцкая моладзь, выкладчыкі ўніверсітэтаў, педагогі, а таксама студэнцкая моладзь. Людміла Уладзіміраўна Хмяльніцкая расказала, як гадамі яна збірала многія цікавосткі, звязаныя з Маркам Шагалам, яго сям’ёю, як пуцяводнымі зоркамі для яе ў гэтай працы служылі аўтабіяграфіі Марка Шагала «Маё жыццё» і Бэлы Шагал «Пылаючыя агні». На прэзентацыі выступілі віцебскі фотамастак Павел Максімаў, які вядзе свой мастацкі летапіс Віцебска і яго ваколіц, а таксама галоўны спецыяліст упраўлення культуры Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта, кандыдат гістарычных навук Дзяніс Юрчак. Знаёмства з новай кнігай Людмілы Хмяльніцкай пераўтварылася ў шчырую, зацікаўленую размову і пра Шагала, і пра яго стасункі з другімі мастакамі, і пра тое, як ён праз усё сваё жыццё нёс ў сабе прывязанасць да роднага горада, родных мясцін.
«Мы яшчэ не аднойчы ў перадюбілейны год, і ў 2027-м таксама, будзем звяртацца да постаці Марка Шагала, — пракаменціравала падзею загадчык аддзела краязнаўства Віцебскай абласной бібліятэкі імя У. І. Леніна Ларыса іванаўна Рагачова. — Гэтаму спрыяюць і багатыя шагалазнаўчыя фонды кніг і перыёдыкі ў нашай бібліятэцы, і сяброўства з даследчыкамі яго жыцця і творчасці».
Мікола БЕРЛЕЖ