Выстава «Пашый мне, маці, шнуравіцу» маладога дызайнера Надзеі Гутнікавай адкрылася сёння ў Музеі сучаснага мастацтва ў Віцебску, перадае БелТА.
У якасці назвы выставы ўзята фраза з народнай прыпеўкі. Шнуравіца лічылася элементам святочнага адзення без рукавоў, што шылася з дарагіх і прыгожых тканін і аздаблялася дадатковым дэкорам. У калекцыі Надзеі Гутнікавай прадстаўлены 18 камплектаў народнага адзення і больш за 25 графічных работ, якія паказваюць асобныя дэталі адзення, арнаменты, спосабы нашэння той ці іншай рэчы. У экспазіцыі глядач знаёміцца з жаночымі і мужчынскімі касцюмамі з ільну і бавоўны як паўсядзённымі, так і святочнымі. Тут можна ўбачыць сарафаны, кашулі, сарочкі, спадніцы, андаркі, мужчынскі армяк і жаночую світку, а таксама розныя галаўныя ўборы і тканыя паясы. Усе яны выкананы маладым дызайнерам з інваліднасцю — дзяўчына не чуе і не гаворыць.
Яе маці расказала, як дачка стварае новыя мадэлі і якіх намаганняў гэта каштуе. «Надзя з дзяцінства вызначалася асаблівым густам, у тым ліку ў адзенні. Кожны створаны ёю касцюм — поўнасцю ручная работа. Набіванкі, швы, афармленне гарлавіны, вышыўка, дэкор — усё гэта яна робіць сама. Гэта вельмі карпатлівы занятак. Па яе работах можна вывучаць гісторыю народнага адзення, асабліва віцебскага строю, таму што яна скрупулёзна даследуе ўсё па архівах, наяўных гістарычных крыніцах у літаратуры, краязнаўчых музеях кожную дэталь і дакладна паўтарае яе ў сваіх мадэлях. Некаторыя з іх з’яўляюцца амаль поўнай копіяй экспанатаў, якія захоўваюцца ў музеях Беларусі або Расіі», — падзялілася Вольга Гутнікава.
Надзея — выпускніца Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Яна з’яўляецца членам беларускіх і расійскіх саюзаў і аб’яднанняў дызайнераў. Сваёй творчасцю віцябчанка не проста захоўвае і папулярызуе прыгажосць беларускага народнага касцюма, а перадае наступным пакаленням культурны код.
Выстава прысвечана Году беларускай жанчыны. Народныя касцюмы ад маладога дызайнера можна ўбачыць у музеі да 29 сакавіка.