На базе Вілейскага вытворчага ўчастка ААТ «Мінскі малочны завод № 1» адбылося адкрыццё ўчастка вытворчасці сыроў з белай цвіллю. Ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця аб’екта ўзялі ўдзел кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Дзмітрый Крутой і старшыня Мінскага аблвыканкама Аляксандр Турчын.
У 2024 годзе Мінскі малочны завод у рамках даручэння кіраўніка дзяржавы «Адзін раён — адзін праект» прыступіў да рэалізацыі інавацыйнага праекта вытворчасці сыру «Camembert» з белай цвіллю. Імпартазамяшчальны і экспартаарыентаваны, гэты праект унікальны для нашай краіны. Дзякуючы дзяржаўнай падтрымцы, увод вытворчага ўчастка дасць магчымасць стварыць больш чым 40 новых працоўных месцаў, пашырыць асартымент прадукцыі, якая вырабляецца, а ў далейшай перспектыве — пашырыць геаграфію паставак малочнай прадукцыі за межы Беларусі.
Генеральны дырэктар ААТ «Мінскі малочны завод № 1» Тамара Чычыра заўважыла: «Сёння вельмі важны дзень не толькі для холдынга, але і для ўсёй малочнай галіны нашай краіны. Можна сказаць, што сёння мы ўзнялі беларускі сцяг на вяршыню гары вытворцаў сыру з белай цвіллю. Я ўпэўнена, што нашы спажыўцы ацэняць новы прадукт і ён зойме сваё пачэснае месца на стале кожнага беларуса». Па словах гендырэктара, магутнасць вытворчага ўчастка — тры тоны ў суткі, 90 тон у месяц: «Цяпер мы плануем адпрацаваць тэхналогію сыру „Camembert“, у далейшых планах — выпуск сыру „Бры“ і, магчыма, іншых варыянтаў. Плануецца, што на вытворчасць будзе паступаць малако з малочнатаварнай фермы, якую ўвялі ў раёне ў мінулым годзе».
Пасля азнаямлення з новай вытворчасцю кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Беларусі Дзмітрый Крутой адзначыў, што будаўніцтва такіх аб’ектаў — гэта годна і самавіта: «Калі казаць пра сыр, то кухары, якія ўжо з ім пазнаёміліся і пачалі працаваць, кажуць, што ў рэжыме сляпой дэгустацыі наш сыр нічым не саступае ні расійскім, ні французскім аналагам. На вытворчасці самае сучаснае абсталяванне, найлепшыя тэхналогіі, на адпрацоўку якіх сышло шмат месяцаў. Канчатковы прадукт дазваляе казаць, што гэтыя намаганні спецыялістаў акупіліся цалкам».
Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта падкрэсліў, што гэты праект з’яўляецца добрым прыкладам у рамках ініцыятывы «Адзін раён — адзін праект»: «Прэзідэнт, будучы на „Дажынках“ у Валожыне, азнаёміўшыся з вынікамі работы падобных раённых цэнтраў, запатрабаваў значна ўзмацніць гэту праграму. Акцэнт на ёй будзе сёлета ўзмоцнены, таму што раздзел „Моцныя рэгіёны — моцная краіна“ стаў адным з ключавых у перадвыбарнай праграме нашага лідара. Ён даручыў на працягу года планаваць яго графік такім чынам, каб асабіста паглядзець гэтыя праекты, якіх сёння ўжо каля 200».
Дзмітрый Крутой звярнуў увагу, што стварэнне новай вытворчасці ў Вілейцы ў эквіваленце склала дзесяць мільёнаў долараў, дазволіла стварыць амаль 50 новых працоўных месцаў, забяспечваючы сваіх супрацоўнікаў добрым заробкам у 2,5-3 тысячы рублёў: «Гэта добрая зарплата нават па мерках сталіцы і іншых абласных цэнтраў. Таксама будуць вырашаны пытанні з жыллём, з дапамогай нашага малочнага холдынга будзе адноўлены інтэрнат, забяспечана замацоўвальнасць спецыялістаў. Таму па комплексе атрыманых эфектаў гэты праект не проста паспяховы — ён суперпаспяховы, асабліва для такіх раённых цэнтраў, як Вілейка».
Фота Лізаветы ГОЛАД
г. Вілейка