Top.Mail.Ru

«У вароны файны зрок: Бачыць многа і здалёк...»

Што было, — было. Адзін «чэл» з райцэнтра ў сталіцу прыехаў, пахадзіў па праспектах, збочыў у краму, у піўную, потым — на... выстаўку. Ды яшчэ і распродаж?.. А ўжо там...

— Гляньце, якая файная рэч! — прапануюць яму. — Скрытая камера. Дома ў сябе паставіце — і ўсё, ніякіх сакрэтаў.

— ?!

— Ну, вам жа цікава, што жонка робіць, пакуль вы тут?

— ?!

— Тады бярыце. Сёння — са зніжкай, танна.

— Але ж мне і дарма не трэба: я без камер пра ўсё дазнаюся.

— ?!

Дадому прыеду, каля пад’езда гукну: «Як справы, шалавы?!» Цёткі з лаўкі ў адказ: «Дзе ты іх бачыш?.. Дома ў сябе паглядзі!» І далей — поўны расклад: хто да жонкі хадзіў і куды яна..." Іншымі словамі (ад спадарыні Соф’і Кусянковай з Рагачоўшчыны):

Так было і ёсць цяпер:

Янка ў Цвер, Яніна — у «дверь».

Каб за ёю прасачыць,

Можна камеру купіць:

Сотка баксаў — і вядома,

Жонка дзе, як муж не дома.

Вось такі пераход ад прозы жыцця да, можна сказаць, паэзіі, якой заўжды вылучаўся традыцыйны звяздоўскі конкурс на найлепшы подпіс да здымка. Можна яшчэ раз глянуць на верхні — ад нашага фотакара Лізаветы Голад і...

Экскурс у мінулае ад спадара Мікалая Камароўскага з Оршы.

Пан Адольф спяваў Паўлінцы:

«Сядзіць голуб на галінцы...»

Фота Лізы каб пабачыў —

Песню б тут жа перайначыў!

Яшчэ і таму, паводле спадарыні Таццяны Петрачэнкі з аг. Бычыха Гарадоцкага раёна, што ўсё мяняецца:

Ой, галубкі, галубы!

Не шукайце вы дубы,

Ні бярозкі, ні асінкі,

Ні якой-небудзь рабінкі.

У час суцэльнага прагрэсу

Адвыкайце вы ад лесу.

Каля камер сэлфі зробім,

Знізу надпіс: «#на прыродзе».

І пры гэтым, што цікава, нават не схлусім, бо мае рацыю спадарыня Любоў Чыгрынава з Мінска:

Модна камеру павесіць

На стаянцы, у краме, у лесе...

Толькі гэтыя візіры

Болей, скажам, для блізіру.

Той, хто ўмее спрытна красці,

Успрымае іх за шчасце:

Вартаўнік не ў модзе болей,

Ён не смальне ў спіну соллю.

Вось гэта — ужо дакладна, бо цяпер (піша спадарыня Чыгрынава)

У аб’явах нашых новых

(Я не хлушу, далібог!):

Запрашаюць у ахову

Да сямідзесяці трох.

І занятак там харошы:

Звесіў ногі ды сядзі,

Зарабляй унукам грошы

Знай — у камеры глядзі.

А ўжо яны — як кажуць зладзеі ды зладзюжкі — вельмі дрэнная прыкмета. Калі даслоўна, то: «Камеры — гэта адназначна да камеры».

Якраз адтуль, з месцаў не дужа аддаленых, і шчырыя нараканні: маўляў, некалі браў дзясятку, ішоў у краму і выносіў адтуль два кавалкі каўбасы, дзве пляшкі віна, дзясятак яек, галоўку сыру... Потым гэтых камер паўсюль навешалі. А калі зверху на іх яшчэ і птушку...

Тут хочаш вер, альбо не вер,

Ды зуб даю вам я:

Эфект ад камеры цяпер

Пабольшае ўдвая!

Лічыць так спадар Мікуліч са Стоўбцаў і мае рацыю, бо дакладна вядома, што той жа сокал нават маленькую здабычу можа разгледзець з вышыні ў паўтара кіламетра.

На здымку, лічыце, зусім не ён? Магіляўчанка Т. Міхалевіч таксама думае, бо звяртаецца да птушкі з пранікнёным:

Галубочак, птах сівенькі,

Не глядзі ў маё акно.

Усю пенсію на лекі

Аддала ўжо даўно.

Значыць, на нейкі пачастунак разлічваць птушцы не трэба?

(У аднаго тутэйшага дзядка, дарэчы, якраз такое прозвішча было: Нябрэба. Каб пацвердзіць, што праўда, ён заўсёды пашпарт з сабой насіў. А тут неяк забыўся і, як на ліха, самлеў на вуліцы... Добра, што «хуткая» падаспела — адкачалі бедака. Пытаюцца, як прозвішча. Ён шчыра: «Нятрэба». Доктар у адказ: «Ну вам, можа, і не вельмі... А нам — дык яшчэ і як. Для справаздачы, для парадку».)

Каб навесці яго — паўсюдна, — людзі шмат што прыдумлялі і прыдумляюць, шмат што пачыналі і пачынаюць. Праўда, з розным поспехам. На думку спадарыні Соф’і Кусянковай:

У калгасе вырашалі,

Што зрабіць, каб так не кралі,

Бо выносяць жа гурмой

Збажыну, бензін, удой...

Камеры ўсталявалі,

Іх за ноч 

таксама скралі.

А ўсё таму, трэба разумець, што не было ў гаспадарцы Адэлаіды Пятроўны.

Чым яна адметная? Ну хоць бы тым, што нейкай ноччу да яе ў кватэру злодзей залез і вынес — ну ўсё чыстачка: пабоі, праклёны, сорам, знявагу, боль... Зарокся, бедны, не толькі красці, нават падумаць!

Пэўна, ён пачаткоўцам быў.

Спытаеце, у чым розніца паміж ім, злодзеем-аматарам і сапраўдным профі? Ды ў тым, што першы спыняе чалавека грозным «Кашалёк ці жыццё?!» альбо лезе ў чужую кватэру, другі — якраз наадварот — шчыра прывячае ў нейкай установе ці офісе, сардэчна просіць: «Калі ласка, падпішыце вось тут і тут».

А вынік, можна сказаць, адзін і, на думку сужэнцаў Астроўскіх з Мінска, досыць сумны:

Раней жылі — замкоў не зналі,

Мятлою дзверы падпіралі,

Бо людзі не рабілі шкоды...

Цяпер — ну глянь — 

паўсюдна коды,

Ахова, сочка і запоры,

У лесе (?!) — відэапрыборы...

І што — прапалі лаўкачы?

Аб гэтым лепей прамаўчым.

А потым пагодзімся (радочкі з таго ж канверта), што

У вароны файны зрок,

Бачыць многа і здалёк...

Вось такі ж ён і ў зладзеяў,

Прайдзісветаў, ліхадзеяў

Іх, на гора, — незлічона...

Так што сам не будзь варонай.

Вось на гэтай актуальнай «ноце» і скончыць бы чарговы агляд, але ж трэба паведаміць, што найлепшыя подпісы да папярэдняга здымка (са слоікамі гуркоў каля сметніцы. Гл. нумар за 22 сакавіка г.г. альбо сайт — «Звязда», «Калейдаскоп», «Хто каго?»), паводле вялікага чытацкага журы, даслалі спадарыні Соф’я Кусянкова з Рагачоўшчыны і Любоў Чыгрынава з Мінска, спадары Валерый Гаўрыш з Чавусаў і Мікалай Камароўскі...

З гэтым, апошнім меркаваннем, пагадзілася і журы маленькае, рэдакцыйнае. Такім чынам, прыз у выглядзе падпіскі на «Звязду» на трэці квартал бягучага года накіроўваецца ў слаўны горад Орша.

Хочаце, каб родная газета на роднай мове пяць разоў на тыдзень прыходзіла да вас? Тады варыянтаў два: першы — своечасова аформіць падпіску, другі — уважліва паглядзець на чарговы конкурсны здымак (унізе), прыдумаць кароткі, дасціпны подпіс (можна некалькі) і даслаць у рэдакцыю. Шанц на выйгрыш мае кожны.

Валянціна Доўнар

Ад яе ж (дакладней — ад спадара Мікалая Старых з Гомеля) трохі прозвішчаў і лічбаў: «Летась у звяздоўскай гульні „Хто каго?“ 

у пераможцы выходзілі Аляксандр Матошка з Расонскага раёна, Юрый Вінаградаў з Докшыцкага, Валянціна Гудачкова з Жыткавіч, Любоў Чыгрынава з Мінска...

У яе, дарэчы, найболей (13!) перамог па выніках усіх 23 (!) сезонаў. Па 11 — у сужэнцаў Астроўскіх з Мінска і Валерыя Гаўрыша з Чавусаў, 10 — у Анатоля Гарачова з Іўеўшчыны, 9 — у мяне, Мікалая Старых, 8 — у Валянціны Гудачковай з Жыткавіч, 7 — у Соф’і Кусянковай з Рагачоўшчыны»...

«Як жа трэба любіць чалавека, каб узяць ды наведаць яго?» — пытаў адзін з паэтаў.

Як жа трэба сачыць, даражыць гэтым конкурсам, каб з году ў год весці падобную статыстыку!

Зрэшты, любячы, гэта, мусіць, няцяжка? Пішыце!

arrow
Нашы выданні

Толькі самае цікавае — па-беларуску!

Напішыце ў рэдакцыю