Некалькі зон тут ужо абсталявана. Напрыклад, летась устаноўлены вулічныя трэнажоры, пляцоўка для скейта. Цяпер вядуцца работы па гульнявых пляцоўках. Завяршыць плануюць да пачатку мая.
А пачаўся спартыўны праект восенню мінулага года. Тады па вуліцы Францыска Скарыны была выдзелена пустка для стварэння шматфункцыянальнай спартыўнай пляцоўкі. Напачатку тэрыторыю добраўпарадкавалі, высадзілі па перыметры туі. А ў хуткім часе пачалі ўстаноўку абсталявання. Пад спецыяльным навесам размясцілі 14 антывандальных трэнажораў для розных груп мышцаў.
Праз месяц-другі пляцоўка папоўнілася яшчэ адной спартыўнай зонай. І размясцілі тут папулярны ў падлеткаў скейт-парк. На ім можна выконваць розныя трукі на самакатах, скейтах, роліках ці веласіпедах. Усяго ўстаноўлена шэсць элементаў рознай ступені складанасці.
Падчас адкрыцця скейт-парка, гарадскія ўлады паабяцалі, што работы па абсталяванні спартыўнай зоны працягнуцца. Ужо на пачатку года тэрыторыю дапоўнілі дзіцячым гульнявым комплексам, які стаў месцам прыцягнення мясцовай дзятвы.
— Месца для спартыўнай пляцоўкі выбрана невыпадкова. Гэта адзін з самых вялікіх спальных раёнаў горада, дзе пражывае звыш 30 тысяч насельніцтва. Да таго ж і тэрыторыя пуставала. Мы бачым, што пляцоўка запатрабаваная, і тыя зоны, якія ўжо ёсць, папулярныя ў жыхароў — і дзяцей, і дарослых, — расказаў намеснік старшыні райвыканкама Ігар Салавей (на фота).
Між тым уладкаванне спартыўнай пляцоўкі працягваецца. У хуткім часе тут з’явяцца новыя зоны — гульнявыя, дзе аматары спорту змогуць гуляць у валейбол, баскетбол і вялікі тэніс. Арганізацыя, якая выйграла тэндарны конкурс, ужо прыступіла да работы. Вядзецца ўстаноўка металічнай агароджы. Затым будзе зроблены гумавы насціл. Мяркуецца працягваць азеляненне тэрыторыі вакол пляцоўкі, павялічыцца і колькасць лавак.
— Пакуль такі шматфункцыянальны спартыўны вулічны комплекс першы ў горадзе. Але плануецца, што прыкладна такога ўзроўню пляцоўка з’явіцца ў прамысловым раёне горада на базе СШ № 4, каб там таксама маглі займацца спортам і весці здаровы лад жыцця. Яшчэ падобны спартыўны гарадок размясцяць у гарадскім пасёлку Рось, які знаходзіцца за 20 кіламетраў ад Ваўкавыска, — паведаміў аб планах Ігар Салавей.
Па яго словах, такія цэнтры актыўнасцяў запатрабаваны. Аб гэтым сведчыць і папулярнасць новай спартыўнай пляцоўкі, дзе з надыходам вясны становіцца вельмі шматлюдна. Пры гэтым у раёне ўлічваюцца патрабаванні людзей рознага ўзросту.
Фота Алены ДАЎЖАНОК
Прэв’ю: volkovysknews.by